Сваякам палітвязня Вадзіма Гурмана не паведамляюць пра яго месцазнаходжанне

Сваякам палітвязня Вадзіма Гурмана не паведамляюць пра яго месцазнаходжанне. У Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС сказалі, што не валодаюць такой інфармацыяй, піша «Вясна».

Апошні раз маці Вадзіма Вольга Кузьміна і яго нявеста Віялета бачыліся з ім на спатканні ў турме №8 у Жодзіне 20 красавіка. Яго прывялі ў кайданках, на ім быў чырвоны цэтлік: праз тое, што яго паставілі на ўлік як «схільнага да ўцёкаў, нападаў на персанал, арганізацыю бунтаў, тэрарыстычных актаў, сацыяльна небяспечнага».

Тады ён паведаміў сваякам, што цягам трох дзён яго мусяць перавесці ў ПК-9 у Горках для адбыцця пакарання. Таксама ён папярэдзіў: калі з ім «здарыцца суіцыд ці нешта яшчэ, мама, не вер: проста забілі».

Цяпер ужо больш за два тыдні сваякі не атрымліваюць лістоў і ніякай інфармацыі пра месцазнаходжанне Вадзіма.

«30 красавіка я паехала ў Дэпартамент выканання пакаранняў на прыём да намесніка міністра МУС, — распавяла Вольга. — Але генерал-маёр Маткін мяне не прыняў: я размаўляла з яго намеснікам. Я хацела ўдакладніць, дзе знаходзіцца маё дзіця, але там больш, напэўна, пасмяяліся і пажартавалі. Сказалі: "Не валодаем дадзенай інфармацыяй. Вам паведамяць у пісьмовым выглядзе».

Сказалі, маўляў, пачулі вашы пажаданні, куды накіроўваць. Бо я прасіла, каб яго змясцілі ў Навасады: гэта блізка да Маладзечна, не ўяўляю, як без асабістага транспарту ездзіць у Магілёўскую вобласць, куды яго планавалі накіраваць...»

Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня Гурман актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянтам.

На судзе Гурман прызнаў віну па артыкуле 342 КК, але не па 364-м. Ён распавёў, што пры затрыманні АМАПам, якое адбылося праз два дні, 11 жніўня, яго і іншых білі і залілі газам твар. Затым моцнае збіццё працягнуліся ў двары РУУС. Паводле слоў Гурмана, яму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.

Восьмага лютага ў судзе Маладзечанскага раёна суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: