Сваякі 10 дзён не ведаюць пра стан палітвязня Пачобута, які хварэе на каронавірус

Апошні раз адвакат наведваў Анджэя Пачобута ў жодзінскім СІЗА 11 чэрвеня, паведамляе «Радыё Свабода».
Forum/Agencja Wschód

Forum/Agencja Wschód

Як расказала жонка журналіста Аксана Пачобут, ужо тады Анджэй адчуваў сябе блага. Ён змог вытрымаць на сустрэчы толькі паўгадзіны, а потым сышоў адпачываць. Звычайна сустрэчы з адвакатамі цягнуліся каля дзвюх гадзін.

Вядома, што 21 дзень да пачатку ліпеня Пачобут будзе знаходзіцца на каранціне. Што гэта значыць, жонка не ведае. Яна мяркуе, што муж працягвае знаходзіцца ў камеры на 13 чалавек.

Інфармацыю пра стан мужа Аксана не можа атрымаць увесь час, як стала вядома пра хваробу Пачобута. Доўгі час яна не магла дазваніцца да турэмнага лекара. Калі ўрэшце атрымалася, той адмовіўся паведамляць ёй інфармацыю па тэлефоне, бо «не можа ўпэўніцца, што гэта дакладна жонка». Неўзабаве Аксана плануе паехаць у Жодзіна, каб атрымаць інфармацыю асабіста.

На мінулым тыдні Пачобуту змаглі перадаць неабходныя лекі. Яму не дазволілі перадаць у жодзінскі СІЗА вентылятар, які мог бы палегчыць стан вязня падчас спёкі.

Аксана Пачобут хвалюецца, што мужу не акажуць патрэбную дапамогу ў СІЗА, там няма шпіталя. Яна звярталася да следчага, каб мужа паклалі ў шпіталь або, прынамсі, перавялі на «Валадарку», дзе лепшая медыцынская дапамога. Той не паспрыяў у вырашэнні гэтага пытання.

Да таго ж, у Пачобута хворае сэрца, у яго збіваецца рытм. Асабліва частыя прыступы ўлетку, у спёку. Раней ён неаднаразова слабнуў праз сэрца, клаўся ў шпіталь. У лістах журналіст пісаў на волю, што ў турме ўлетку «пякельная спёка», што цяжка адбіваецца на здароўі.

Анджэй Пачобут праходзіць па «польскай справе», сядзіць ужо амаль тры месяцы Яго вінавацяць у «распальванні варожасці». Яму пагражае да 12 гадоў калоніі. Пачобуту, як і іншым фігурантам справы, прапаноўвалі вызваленне ўзамен на выезд за мяжу. Ён адмовіўся.

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Гродне. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Гродне ў медыцынскім універсітэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадскі дзеяч, сябра незарэгістраванага« Саюза палякаў Беларусі». У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі з ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць па «польскай справе», якую Генеральная пракуратура завяла «за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асоб. Зараз Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: