«Сабраліся супраць Максіма Багдановіча, чыталі вершы»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыліся слуханні па адміністрацыйных справах, распачатых у дачыненні да старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.

Юрась Губарэвіч удзельнічаў у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынка КДБ 7 лістапада і ўшаноўваў памяць паэта Максіма Багдановіча 9 снежня. Абодва мерапрыемства міліцыянты палічылі несанкцыяваным і склалі пратаколы аб адміністрацыйным парушэнні.
 
Згодна з міліцэйскім пратаколам ад 7 лістапада, Юрась Губарэвіч прымаў актыўны ўдзел у несанкцыяваным пікетаванні каля будынка КДБ, трымаў знічку, чым парушыў Закон пра масавыя мерапрыемствы. 9 снежня з 19 да 19.15 палітык нібыта ладзіў пікет каля помніка Максіму Багдановічу, чым парушыў артыкул 10 Закона пра масавыя мерапрыемствы.
 

Дзве справы суддзя Вікторыя Шабуня прапанавала разглядаць на адных слуханнях.
 
Старшыня Руху «За Свабоду» заявіў, што лічыць удзел у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якую не дазволіў Мінгарвыканкам, сваім грамадзянскім абавязкам і адмовіўся ад далейшых тлумачэнняў. Наконт 9 снежня Юрась Губарэвіч адзначыў, што краіна адзначала 125-годдзе нацыянальнага класіка Максіма Багдановіча. Ён вырашыў прыйсці да помніка паэта, ускласці кветкі, запаліць знічку і пачытаць верш. Са СМІ даведаўся, што памятныя мерапрыемствы былі запланаваны нават афіцыйна. З пратаколам цалкам не згодны. На месцы падзей не было міліцыянтаў у форме, ніхто не папярэджваў пра адказнасць, не прасіў спыніць мерапрыемствы па ўшанаванні памяці паэта.
 

У якасці сведкаў выступалі супрацоўнікі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Сведка Ліноўскі паказаў, што ўдзельнікі акцыі 7 лістапада выступалі супраць КДБ. Што тычыць абвінавачанага, то ён, паводле слоў сведкі, гаварыў нейкія лозунгі, у руках трымаў мегафон.
 
Паказанні сведкі Вячаслава Рутчанкі прымусілі ўсміхнуцца нават суддзю. Паводле слоў сведкі, 9 снежня каля помніка Максіму Багдановіча сабралася групіроўка з 30 чалавек, якая выступала супраць класіка беларускай літаратуры, паўгадзіны чытала вершы. Урэшце сведка прызнаў, што Юрась Губарэвіч толькі чытаў верш і трымаў знічку.
 
Сведка Антановіч пад націскам суддзі і пытанняў падсуднага мусіў прызнаць, што міліцыянты былі ў цывільным адзенні, ніякіх прэтэнзіяў удзельнікам акцыі не выстаўлялі. Ён таксама засведчыў, што Юрась Губарэвіч толькі ушаноўваў памяць Максіма Багдановіча дэклараваннем яго верша.
 

Суддзя Шабуня вырашыла запатрабаваць у Мінгарвыканкаме расклад афіцыйных мерапрыемстваў па ўшанаванні 125-годдзя Максіма Багдановіча, каб прыняць канчатковае рашэнне заўтра а 14-й гадзіне.
 

Сам Юрась Губарэвіч не мае ілюзіяў адносна заўтрашняга прысуду:
 
«Лічу, у маім выпадку няма ніякага складу правапарушэння. Але любы чалавек з грамадзянскай пазіцыяй, не можа выйсці з нашага суда не пакараным. Не трэба было ламаць камедыю, а ужо сёння выносіць рашэнне. У маім выпадку яно будзе абвінаваўчым. Суддзі імітуюць справядлівы разгляд, пераносячы вынясенне прысуду на іншы дзень, нібыта каб разгледзець усе абставіны і прыняць рашэнне. Рашэнне ўжо прынятае! У нас ужо нікога не здзіўляюць выпадкі, калі караюць нават тых, хто не быў на акцыі, але на каго сфабрыкаваны пратакол».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!