Сведка-міліцыянт: «Парушэнняў грамадскага парадку з боку Вінярскага не было»

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядаюцца адміністрацыйныя справы сустаршыні аргкамітэта БХД Паўла Севярынца і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага. Прысуд Вінярскаму — 15 сутак.

Севярынца і Вінярскага абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП) — першамайскай акцыі, якая адбылася ўчора ў цэнтры Мінска. Іх прыйшлі падтрымаць жонка Паўла Севярынца Вольга, сястра Максіма Вінярскага Таццяна, старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, а таксама іншыя грамадскія актывісты.


Паўла Севярынца і Максіма Вінярскага затрымалі пасля заканчэння акцыі, калі яны ўжо амаль дабраліся дадому. Затрыманне ладзілі асобы ў цывільным, якія адвезлі актывістаў на мікрааўтобусах без нумарных знакаў у Цэнтральны РУУС. На затрыманых надзявалі кайданкі. Прычыны затрымання не патлумачылі, усе неабходныя дакументы афармляліся постфактум. З большай часткай пратаколаў затрыманыя мелі магчымасць азнаёміцца толькі ў судзе.


Справу Максіма Вінярскага разглядаў суддзя Міхаіл Хома. Актывіст адразу заявіў пра недавер суддзі, паколькі ён, па яго словах, неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды. Суддзя гэтае хадайніцтва адхіліў.

Судом былі задаволеныя хадайніцтвы пра далучэнне да слуханняў адваката Вадзіма Мушынскага і пра азнаямленне затрыманага з пратаколамі, рапартамі і іншымі матэрыяламі справы.


Падчас свайго выступу Максім Вінярскі заявіў, што сваёй віны не прызнае. Ён браў актыўны ўдзел у мірнай акцыі на 1 мая, а гэтае права гарантаванае Канстытуцыяй.

«Калі ўлады дазваляюць сабе парушаць Канстытуцыю і адвольна мяняць час, месца і фармат заяўленай акцыі за лічаныя дні да яе пачатку, то яны губляюць маральнае права нешта нам указываць. З боку дэманстрантаў ніякіх парушэнняў не было. Мы рэалізоўвалі сваё канстытуцыйнае права!», — заявіў Максім Вінярскі.

Сведкі з боку міліцыі заявілі, што Максім Вінярскі прымаў актыўны ўдзел у несанкцыяванай акцыі, прынамсі выгукваў праз мегафон «Жыве Беларусь!» і «Баста!». Пры гэтым, адказваючы на пытанні адваката, праваахоўнікі мусілі прызнаць, што заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў ад удзельнікаў акцыі не чулі, і ніхто падчас правядзення акцыі не пацярпеў.  Камандзір аддзялення ГУУС увогуле прызнаў, што «асаблівых парушэнняў грамадскага парадку з боку Вінярскага не было».

Сведкі-міліцыянты

Сведкі-міліцыянты

Вінярскі ў заключным слове заявіў (маючы на ўвазе працэс затрымання), што метады, якімі дзейнічаюць сілавікі, з’яўляюцца здзекам з Канстытуцыі. І што суддзя, калі вынясе пакаранне, стане саўдзельнікам гэтага здзеку.


Адвакат са свайго боку заклікаў суддзю спыніць справу ў сувязі са шматлікімі парушэннямі міліцыянтамі артыкула 4.1 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб Адміністратыўных правапарушэннях, а таксама ў сувязі з тым, што падсудны рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы, якое гарантуецца Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі. На думку адваката, Закон «Аб масавых мерапрыемствах» абмяжоўвае правы грамадзян, бо рэалізацыя права на акцыі толькі са згоды ўладаў з’яўляецца непрымальным.


Тым не менш, Міхаіл Хома чарговы раз спрычыніўся да пераследу актывістаў за іх грамадскую актыўнасць. Ён прызнаў вінаватым Максіма Вінярскага паводле артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў) і пакараў яго 15 суткамі арышту. Максім Вінярскі заявіў, што абвяшчае на знак пратэсту галадоўку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: