Сведка нападу на Чалага: Падбеглі са спіны, кінулі тварам на зямлю і пачалі біць

Уночы на 19 траўня ў цэнтры Мінска невядомыя напалі на незалежнага эканамічнага аналітыка Сяргея Чалага. У момант напада ён выходзіў з кавярні «Kuriza Pomada» па вуліцы Леніна, 8. Чалы быў не адзін — аднаго з яго сяброў таксама збілі, іншы паспеў адыйсці і бачыў збіццё збоку. Па яго словах, нападнікаў было пяцёра.
Сяргей Чалы да і пасля збіцця. Фота: Еўрарадыё / TUT.by

Сяргей Чалы да і пасля збіцця. Фота: Еўрарадыё / TUT.by

Сяргей Чалы — адна з самых нязручных персон беларускай медыясферы. Яго праграма «Эканоміка на пальцах» на TUT.by карыстаецца папулярнасцю не ў апошнюю чаргу таму, што ў ёй крытычна разбіраюцца дзеянні беларускіх чыноўнікаў і тых, хто мае на іх уплыў. Пасля збіцця Чалы апынуўся ў лякарні з разбітым тварам, зламаным носам і чэрапна-мазгавой траўмай. Па прагнозах дактароў, на ўзнаўленне спатрэбіцца месяц.

Сябры і калегі аналітыка не выключаюць, што збіццё звязанае з журнлісцкай дзейнасцю.

Еўрарадыё паразмаўляла з хлопцам, які быў побач з Сяргеем Чалым у момант нападу. Медыкі таксама дыягнаставалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму, але не цяжкую — у лякарні пакідаць не сталі.

— Гэта было рэзка, са спіны. Мы з Сяргеем не чакалі. Сяргей паспеў крыкнуць: «За што?» — але яны не адказалі, білі моўчкі. Думаю, што мэты збіць мяне не было — мішэнню быў Сяргей, а мяне паклалі, бо я чалавек крупны. Яны дзейнічалі прафесійна — мы ўвогуле не заўважылі, адкуль яны ўзяліся. Проста раз — і я ўжо ляжу тварам на зямлі, і мяне па твары б’юць.

За чатыры гадзіны да нападу Сяргей Чалы (справа) зрабіў сэлфі з музыкам Сяргеем Пукстам (злева).

За чатыры гадзіны да нападу Сяргей Чалы (справа) зрабіў сэлфі з музыкам Сяргеем Пукстам (злева).

Еўрарадыё: Ці магло збіццё стаць працягам якой-небудзь сітуацыі, якая мела месца ў кавярні?

— Не. У «Kuriza Pomada» ўвогуле амаль не было людзей, і ў «Цэнтральным» [у бары ўніверасама «Цэнтральны» кампанія бавіла час да закрыцця а 23-й. — Еўрарадыё] ніякіх спрэчак не было. Я бачыў твар таго, хто мяне біў — светлыя валасы, светлая куртка. У кавярні яго не было.

Еўрарадыё: Які тады матыў?

— Дапускаю, што хлопцы маглі зрабіць гэта са спартовага інтарэсу. Таму што маглі. Але гэта такі сабе варыянт. У нас не забралі тэлефоны, то бок, гэта не гоп-стоп. Білі па тварах, а не па целе. А пасля збеглі.

Еўрарадыё: Што было пасля?

— Напад адбыўся прыкладна ў 0:30. Я не магу сказаць дакладна. У 0:11 я, яшчэ «цэлы», званіў па тэлефоне. У 0:49 я званіў і ўжо казаў, што пабіты. Напад адбыўся ў гэтым дыяпазоне. Наш сябра, які быў побач, выклікаў міліцыю — яна прыехала хвілінаў праз 15-20. Нас павазілі па горадзе, маўляў, бачыце гэтую кампанію, ці падобныя яны? Пасля адвезлі ў РУУС, прынялі ў Сяргея заяву, узялі тлумачэнні спачатку ў яго, пасля ў мяне. І прыкладна а 6-й раніцы выклікалі «хуткую».

Месца нападу. Скрыншот: «Яндэкс.Панарамы»

Месца нападу. Скрыншот: «Яндэкс.Панарамы»

На «Яндэкс.Панарамах» бачна як мінімум дзве камеры відэаназірання, усталяваныя побач з «Kuriza Pomada»: адна на сцяне суседняга дома, другая — з іншага боку, на сцяне ГУМа. Спадзяемся, што здымкі з гэтых камер дапамогуць міліцыянтам знайсці нападнікаў, і неўзабаве мы даведаемся, хто збіў Сяргея Чалага і яго сябра.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-05-20 20:27:42
Некалі, здаецца ў 1996 падчас Чарнобыльскага шляху, бачыў, як малады беларускі рускі ў чорнай кожанай куртцы ды чорных ботинках лаяўся на нашу калону (на месцы непадалёку ад пл Коласа у бок перакрэсця да трамвайных ліній і пл Перамогі) і некалькі нашых чалавек выйшлі з калоны ды далі яму па мазгах і перадалі міліцыі. Праз хвіліну мянты яго адпусцілі.
Другая байка адбылася ля майго дому на Русіянава, калі РНЕ рыхтавалася хаваць свайго лідара, забітага ля сваёй кватэры. РНЕ былі ва ўніформе, строіліся ва двары і мы разявакі моўчку наглядалі за падзеямі.
- Што, маёр, адпаведнай каманды разганяць РНЕ не было, бо яны не б-ч-б?

Гэта сказаў я тады маёру міліцыі і ён нічога не адказаў. Міліцыі было шмат.

Чалага пабілі тыя ж рускія. Бо нікому з нас беларусаў ён на фіг непатрэбен.

Каментаваць