Забітага Генадзя Шутава прызналі вінаватым, а сведку забойства прысудзілі 10 гадоў калоніі

25 лютага ў Брэсце абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленні асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў спробе забойства. Яму прысудзілі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Свабода».

Гэта столькі, колькі і прасіў пракурор. Сам Кардзюкоў сваёй віны не прызнаў.

Разам з Аляксандрам Кардзюковым вінаватым у непадпарадкаванні службовай асобе «без прызначэння пакарання» прызналі загінулага ў жніўні 2020 года Генадзя Шутава. Яго на працэсе прадстаўляла дачка Анастасія, яна прасіла суд прызнаць бацьку невінаватым. Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі.

Суд прайшоў у адкрытым рэжыме, закрытай была толькі частка пасяджання на другі дзень, дзе агучваліся матэрыялы з «сакрэтнага тому» справы.

Пацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў мар’інагорскага спецназу (вайсковая часткі № 89417 Сіл спецыяльных аперацый) — прапаршчык Арсеній Галіцын і капітан Раман Гаўрылаў. Паводле матэрыялаў справы і прызнанняў самога Гаўрылава, менавіта яго стрэл з пісталета Макарава стаў смяротным для Генадзя Шутава.

Увечары 11 жніўня вайскоўцы-спецназаўцы ў цывільным не толькі мелі пры сабе баявую зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей. Яны падпарадкоўваліся камандзіру АМАПа.

Што стала вядома падчас суду

  • На судзе назвалі сапраўднае імя забойцы Генадзя Шутава.

  • Расказалі пра падрабязнасці ўдзелу вайсковага спецназу ў разгоне пратэстаў.

  • Вайскоўцы ў цывільным не толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.

  • Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАПа, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.

  • Працэс быў адкрыты, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спецназаўцаў.

  • Адзіны цывільны сведка забойства Шутава не пацвярджае слоў вайскоўцаў.

Аляксандр Кардзюкоў нарадзіўся ў Кобрыне ў 1979 годзе. Жанаты, разам з жонкай гадуе непаўналетняе дзіця. У 2010 годзе быў асуджаны за хуліганства, адбыў пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ. Да 2011 года працаваў у аўтобусным парку Брэста, пасля першага суду займаўся падпрацоўкамі, збіраўся зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: