Светлагорскі эка-актывіст паскардзіўся ў КПЧ ААН на ўлады

12 ліпеня светлагорскі эка-актывіст Анатоль Змітровіч звярнуўся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. На міжнародным узроўні ён аспрэчвае забарону на правядзенне ў 70-тысячным горадзе мітынгаў пратэсту, звязаных з экалагічнымі праблемамі Светлагорска, піша gomelspring.org.
Анатоль Змітровіч. Фота: ced.by

Анатоль Змітровіч. Фота: ced.by

У мінулым годзе Анатоль заяўляў у раённым цэнтры пратэстную акцыю, аднак атрымаў адмову. Справа ў тым, што ў горадзе дзейнічае рашэнне, па якім мітынгаваць дазволена ў адзіным месцы на стадыёне «Папернік». У іншых месцах забаронена, санкцыі за парушэнне — буйны штраф або арышт да 15 сутак.

Фактычна ў нашым горадзе на права кожнага аб свабодзе мірных сходаў і публічны выраз думкі накладзена табу, заяўляе мужчына.

«Улада пасылае нас мітынгаваць на стадыён, а калі мы пагаджаемся, аказваецца, для нас і там няма месца, у гэтыя дні там нібыта праводзяцца дзіцячыя мерапрыемствы. Іншымі словамі, улада цынічна хаваецца за дзецбмі, забараняючы нам, дарослым, услых абмяркоўваць экалагічную праблему горада, звязаную з кітайскім заводам беленай цэлюлозы», — дадаў Змітровіч.

Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, хоць з пачатку года ў сілу ўступілі так званыя «касметычныя» папраўкі ў базавы закон аб масавых мерапрыемствах, якія дазваляюць у некаторых выпадках не прасіць дазвол на правядзенне мірных сходаў, тым не менш, з яго слоў, сітуацыя ўсё роўна цалкам знаходзіцца пад кантролем чыноўнікаў.

«Вядома, што ў нас забараняецца праводзіць некалькі мерапрыемстваў у адным і тым жа месцы. У Светлагорску такім месцам вызначаны стадыён, на якім нешта праходзіць — калі не трэніроўкі спартсменаў, так дзіцячыя святы, якія ўлада арганізоўвае, каб не даць сабрацца праціўнікам завода беленай цэлюлозы. Атрымліваецца замкнёнае кола, права ёсць, а рэалізаваць яго немагчыма», — адзначыў праваабаронца.

У скарзе ў КПЧ ААН Анатоль Змітровіч акрамя ўстанаўлення парушэнняў яго правоў на мірны сход і выказвання меркавання просіць абавязаць беларускі ўрад змяніць базавы закон і рашэнне мясцовых уладаў аб масавых мерапрыемствах такім чынам, каб кожны меў на практыцы магчымасць публічна выступаць у абарону грамадскіх інтарэсаў.

Нагадаем, гэта не першая скарга светлагорскіх эка-актывістаў у Жэневу. Сёлета 4 лютага з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека звярнулася праваабаронца Алена Маслюкова, якая аспрэчвае ў міжнароднай інстанцыі дзве леташніх забароны на пратэстныя акцыі супраць завода беленай цэлюлозы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!