Свіная чума вярнулася?

У адной з вёсак Жлобінскага раёна ўлады аддалі загад знішчыць усіх свіней праз падазрэнне на свіную чуму.



Для гэтага ў вёску Праскурні, што ў Жлобінскім раёне, прыбыла цэлая дэлегацыя з мясцовых чыноўнікаў і ветэрынараў.
 
 
На пад'ездах да вёскі цяпер дзяжураць міліцэйскія блокпосты. «Акупацыю зрабілі, у вёсцы перапалох»,  распавядае жыхар вёскі. «Папярэдзілі, маўляў, ці забівайце самі, ці будзем прыходзіць і ўсыпляць. Сказалі, чума нейкая афрыканская, або што яны там сказалі»  падзялілася іншая жыхарка.
 
 
Са слоў жыхароў вёскі, смяротны для свіней вірус знайшлі ў гаспадарцы мясцовага фермера. Ён гадаваў больш за сотню жывёл, цяпер жа яны ўсе, як кажуць, пайшлі пад нож. «Катлаван капалі, агароджвалі яго і выпальвалі. Дровы туды кідалі, палілі ўсіх. А потым, магчыма, закопвалі»,  удакладніла Ганна, жыхарка Праскурні.
 
 
Мясцовы жыхар Уладзімір гадаваў 8 свіней. За два дні забіў усіх, але здаваць мяса дзяржаве гаспадар адмаўляецца з той прычыны, што грошы прапануюць смешныя: «17 тысяч за кілаграм. Што такое 17 тысяч за кілаграм жывой вагі? Свіння, у сярэднім, важыць 140-150 кг  гэта 2 мільёны за ўсё. Цяпер каб купіць парася трэба 1,5 мільёна».
 
 
Знішчэнне свіней у Праскурні  не першы выпадак у Беларусі ў гэтым годзе. Месяц таму такія ж захады зрабілі ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах Гомельскай вобласці, выпадкі паморку жывёл у гэтым годзе зафіксавалі ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай, а таксама ў Шчучынскім і Астравецкім раёнах Гарадзенскай вобласці. І гэта толькі тыя выпадкі, якія сталі вядомыя СМІ. Аднак, згодна з афіцыйнымі заявамі, афрыканскай чумы свіней у краіне няма.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: