Свята з прысмакам рэпрэсій

Сёлета Дзень медыцынскага работніка адзначаецца 20 чэрвеня. Гэты дзень і раней не быў вельмі радасным і святочным, бо праблем у медыцыне хапала заўсёды, а з кожным годам усё дадавалася. Але гэты год пераўзышоў усе чаканні.

На плечы тых, хто ратуе нашыя жыцці, апроч пандэміі каронавіруса зваліўся цяжар палітычнага пераследу. Сотні ужо з’ехалі з краіны, дзясяткі пазбавіліся працы, 8 чалавек дасюль за кратамі.

Не дзіўна, што да прафесійнага свята медыцынская сфера краіны падышла з вострым кадравым дэфіцытам. У траўні Белстат апублікаваў статыстыку па колькасці практыкуючых лекараў па абласцях краіны. Вынікі 2020-га года для медыцыны — мінус 4133 практыкуючых лекара. Паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі не хапае больш за дзве тысячы лекараў і практычна столькі ж — медыцынскіх сясцёр. У агульнарэспубліканскім банку вакансій шукаюць 2300 лекараў-спецыялістаў, 2400 медыцынскіх сясцёр, 1200 санітараў, 364 фельчараў-лабарантаў, 260 фельчараў.

Адток медыцынскіх кадраў з Беларусі фіксуецца ўжо пяць гадоў запар — з 2016-га. У 2019-м у краіне стала на 400 медработнікаў менш, у 2020 — прыкладна на столькі ж. Але 2021-ы пабіў усе рэкорды: толькі за студзень медработнікаў паменшала на 724 чалавекі.

Ёсць і канкрэтныя прыклады. Як пішуць самі медыкі, лекараў у Мар’інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы можна пералічыць па пальцах. Падобна, ЦРБ неабходныя лекары літаральна ўсіх спецыяльнасцяў. Тут шукаюць 13 медыкаў з вышэйшай адукацыяй. З медпрацаўнікамі сярэдняга звяна бяда не меншая: 29 супрацоўнікаў патрэбныя і бальніцы, і падсправаздачным ёй ФАПам. У бальніцах гарадоў раёна, напрыклад, Свіслачы (насельніцтва каля 6,5 тысячы чалавек), Рудзенска (насельніцтва каля 2,8 тысячы чалавек), Пухавічаў (насельніцтва каля 22,5 тысячы чалавек) кадравая сітуацыя набліжаецца да катастрафічнай. У некаторых паліклініках Пухавіцкага раёна многія стаўкі папросту закрываюцца адным-двума ўрачамі агульнай практыкі. На ФАПах няма фельчараў, бывае так, што адзін фельчар — на 2–3 вёскі. У Шацкай (насельніцтва менш за тысячу чалавек) і Праўдзінскай (насельніцтва больш 9900 чалавек) участковых бальніцах — па адным лекары на бальніцу.

Больш за 60 беларускіх медработнікаў пазбавіліся працоўных месцаў пасля таго, як выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, падтрымаўшы пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, асудзіўшы гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, а таксама раскрытыкаваўшы дзеянні ўладаў у сувязі з пандэміяй. Днямі працы пазбавіўся галоўны лекар 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Максім Ачарэтні, у знак салідарнасці з ім з лякарні сышоў Рустам Айзатулін. Кардыёлага з 25-гадовым стажам Алену Баранаву звольнілі з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» за каментар да допісу калегі ў Facebook.

Без працы пакуль застаецца і Уладзімір Мартаў. З загадчыкам аддзялення рэанімацыі Віцебскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі не працягнулі кантракт. 2 красавіка ў яго быў апошні працоўны дзень. Мартаў — адзін з найпершых урачоў, якія расказалі праўду пра каронавірус у Беларусі. Лекар Дзмітрый Харкоў, урач-хірург, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык аддзела перспектыўных кірункаў высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі «Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі» публічна заявіў пра сваё рашэнне пакінуць сваю пасаду на знак салідарнасці з Мартавым.

Былы анестэзіёлаг-рэаніматолаг 1-й клінічнай бальніцы Мінска Ігар Таболіч таксама адкрыта распавядаў журналістам пра сітуацыю з каронавірусам. Падчас адной з пратэсных акцый у канцы жніўня Таболіча затрымалі. Пасля суда ён вырашыў звольніцца і з’ехаць з Беларусі. З’ехала з Беларусі і кандыдат медыцынскіх навук, былая загадчыца аддзялення РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Надзея Пятроўская, якую затрымлівалі і саджалі на суткі.

 Былы лекар-фтызіятр Гомельскай абласной сухотнай клінічнай бальніцы Мікалай Козіч, які быў звольнены ў лістападзе, прызнаецца, што не хоча з’язджаць з Беларусі. Да гэтага лекар паспеў адбыць два адміністрацыйныя арышты за пратэсты. Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту лекара звольнілі па артыкуле нібыта «за нядобрасумленнае выкананне абавязкаў». Малады спецыяліст застаўся вінен дзяржаве больш за 12 тысяч беларускіх рублёў: ён вучыўся за кошт бюджэту і не дапрацаваў па размеркаванні 9 месяцаў.

12 красавіка з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі звольнілі лекара Руслана Бадамшына. За восем месяцаў, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў, яго затрымлівалі пяць разоў. Пад арыштам Руслан Бадамшын правёў у суме 63 дні.

Былі звольненыя і лекар лабараторнай дыягностыкі 37-й мінскай паліклінікі Ірына Бянькоўская, і стаматолаг, жонка затрыманага па крымінальнай справе лекара Андрэя Любецкага Наталля Любецкая. Гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга, і, на жаль, ён усё роўна не будзе поўны.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

З утрыманнем і заахвочваннем кадраў у Мінздароўя складваецца не вельмі. Затое ў чым медыцынскія чыноўнікі праяўляюць асаблівую руплівасць, дык гэта ў клопаце пра слушнае ідэалагічнае кіраванне медыцынскімі работнікамі (цікава, яны сур’ёзна лічаць, што можна прымусіць «правільна» думаць дарослых людзей, спецыялістаў шырокіх ведаў і высокай кваліфікацыі?). Паводле інфармацыі тых жа «Белых халатаў», кіраўніцтва 4-й дзіцячай паліклінікі Магілёва ў загадным парадку прымушае супрацоўнікаў падпісвацца на дзяржаўную перыёдыку, аднак сам загад не дэманструюць. І такая сітуацыя — не толькі ў Магілёве.

Ну і апошняе. Цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца медыкі, якія адзначаць сваё прафесійнае свята не ў коле калег, а ў цеснай камеры. Вы можаце падтрымаць іх лістамі і віншаваннямі.

Уладзіслаў Марціновіч, студэнт 4 курса БДМУ: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Алана Гебрэмарыям, лекар, выпускніца стамфаку БДМУ, сябар КС: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Андрэй Любецкі, лекар, сківічна-тварны хірург: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.
Аляксандр Цялега, урач-неўролаг: Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.
Алена Маўшук, санітарка Пінскай бальніцы: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258В.
Алег Краўцоў, фельчар: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул Кірава 1.
Юлія Кашаверава, медсястра: ВК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.
Сяргей Броўка, лекар эндаваскулярны хірург: ЦІП, зав 1-шы Акрэсціна 36, Мінск, 220089.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: