Святаслаў Барановіч, які ў 2017-м заступіўся за анархістаў, вяртаецца да працы ў сваёй фірме

Вызвалены з жодзінскай турмы Святаслаў Барановіч вяртаецца да працы ў сваёй фірме. Пра гэта расказала яго сястра Наталля, паведамляе «Свабода».
Святаслаў Барановіч, архіўнае фота 2018 года

Святаслаў Барановіч, архіўнае фота 2018 года


Удзельнік Плошчы-2010, прадпрымальнік Святаслаў Барановіч быў асуджаны на 3 гады калоніі за напад на міліцыянта падчас минскага «Маршу недармаедаў» у сакавіку 2017 года.

15 сакавіка 2017 года пасля «Маршу недармаедаў» сілавікі ў цывільным адзенні спрабавалі затрымаць групу анархістаў, калі тыя сядалі ў тралейбус, каб з’ехаць з месца правядзення акцыі. За моладзь заступіўся Святаслаў Барановіч.

«Ён цяпер у Маладзечне ў іншай сястры, дагэтуль не можа прыйсці ў сябе. Канечне, цяжка, нічога пакуль не расказвае. У яго свая фірма, набірае людзей і будзе далей працаваць. Што рабіць?» — кажа сястра.

Паводле сястры, Святаслава папярэдзілі, «каб нікуды не хадзіў, нікуды не лазіў».

«Таму я нічога не хачу расказваць. Магчыма, крыху пазней».

Восенню 2011 года Святаслаў Барановіч быў асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Тады яму прысудзілі 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: