Святкаванне Дня перамогі ў Беларусі не абыходзіцца без затрыманняў

На «святочных мерапрыемствах» людзей затрымліваюць па ўсёй краіне.


У цэнтры Гомеля затрыманы фермер-блогер, удзельнік прэзідэнцкай гонкі Юрый Ганцэвіч. Гэта адбылося ў жывым эфіры, калі Ганцэвіч стрыміў у свой ютуб-канал «Прыгоды казы Машкі» са святкавання Дня Перамогі.

Ганцэвіч прагуляўся па вуліцах горада, а калі прыйшоў да агароджанай зоны святкавання, не змог прайсці міліцэйскі фэйс-кантроль. Яго папрасілі пачакаць перад агароджай, паведаміла Еўрарадыё.

Праз кароткі час пыйшлі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яны не прадставіліся — проста падхапілі Ганцэвіча пад рукі і вывелі з натоўпу. Пазней, перад самым канцом стрыму, адзін з іх сказаў фермеру, што яны супрацоўнікі міліцыі.

Пасля затрымання ў Ганцэвіча не забралі тэлефон. У каментарах да відэа ён пісаў, што знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС Гомеля.

Фермер вядомы як прыхільнік Сяргея Ціханоўскага і ўдзельнік выбарчай кампаніі 2020 года. Кандыдатам у прэзідэнты ён зарэгістраваны не быў.

У Віцебску 9 траўня за маску з выявай чырвонага сэрца на белым фоне затрымалі прынамсі дваіх маладых людзей, піша Беларускі партызан.

Руслана Яневіча і Ангеліну Туравец імаверна затрымалі на парадзе. Падставай для затрымання стала маска Ангеліны з выявай чырвонага сэрца на белым фоне. Цяпер абодва знаходзяцца ў Чыгуначным РАУС. Па папярэдніх дадзеных, на затрыманых складаюць пратаколы па 24.23 Каап і забіраюць рэчы.

На плошчы Перамогі затрымалі актывістку Галіну Лагацкую. Цяпер яна ў Першамайскім РУУС. За што, невядома.

Таксама паведамляецца пра затрыманне каля Плошчы перамогі хлопца і дзяўчыны. У пары быў букет чырвона-цытрынавых гваздзікоў, перавязаны чырвона-белымі стужкамі.

У Докшыцах на плошчы Івана Палявога затрымалі чалавека з біноклем, які стаяў воддаль, калі там адбывалася цырымонія ўскладання кветак, пішуць праваабаронцы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: