Святлана Ціханоўская: Шантажаваць дзецьмі — гэта нізка і подла!

Патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская 16 чэрвеня прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах.

«Шантажаваць дзецьмі — гэта нізка і подла! — кажа Святлана Ціханоўская. — Мне сказалі падумаць: можа, вам варта спыніць здаваць подпісы».

«Я знаходжуся ў Гомлі, я прыехала сюды, каб пачаць здаваць подпісы, сабраных у маю падтрымку, і на парозе адной з адміністрацыяў мне паступіў званок з пагрозамі на мой адрас і на адрас маіх дзяцей з умовай таго, што я не павінна працягваць гэтую паездку, — кажа яна. — Перада мною стаіць выбар: дзеці ці далейшая барацьба, думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменнем паставіцца да любога майго рашэння. Хачу сказаць, што калі б Сяргей быў на волі, ён бы сказаў вам не здавацца».

Цяпер, кажа Ціханоўская, яна вагаецца, якое прыняць рашэнне, бо «дзеці даражэйшыя за ўсё». Подпісы яна пакуль не здавала.

Патэнцыйная кандыдатка кажа, што калі зразумее, што пагрозы маюць падставы, то зробіць выбар на карысць дзяцей, а не палітычнай барацьбы. Цяпер дзеці Ціханоўскіх у Мінску з маці Святланы.

Гомель быў першым горадам, дзе Ціханоўская спрабавала здаць подпісы. Нумар, з якога тэлефанавалі, быў з украінскім кодам.

Днём раней Ціханоўская расказала Свабодзе, што за яе вылучэнне кандыдаткай у прэзідэнты сабралі 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: