Святлана Ціханоўская ў Лідзе: Кожны мусіць пераадолець свой маленькі страх (фота)

Сярод гарадоў, якія падчас перадвыбарчай агітацыі 31 ліпеня наведала Святлана Ціханоўская разам з аб’яднаным штабам, была Ліда. Глядзіце вялікі атмасферны фотарэпартаж «Новага Часу» з мітынгу.



На пляцоўку да гандлёвага цэнтра «Патсдам» на аддаленні ад цэнтра горада, нягледзячы на дажджлівае надвор'е, сабралося некалькі соцень чалавек. Было шмат людзей з нацыянальнай сімволікай, таксама карэспандэнт НЧ заўважыла адзін дзяржаўны беларускі сцяг, сцяг Еўрасаюза, паветрана-дэсантных войскаў і сцяг Расійскай Федэрацыі.


 Адзін з мужчын, які трымаў апошні, патлумачыў, што выступае супраць дзеючай улады і за перамены, у прыватнасці, за інтэграцыю з Расіяй. Аднак Святлана Ціханоўская — не яго кандыдат, і калі б гэта было магчыма, ён прагаласаваў бы за Валерыя Цапкалу.


Перад з'яўленнем на сцэне Святланы Ціханоўскай вядучы заклікаў лідчан не баяцца, адстойваць свае правы, не ісці на датэрміновае галасаванне, а прыйсці на ўчасткі 9 жніўня.


Перад гараджанамі выступіў цяпер ужо знакаміты на ўсю краіну лідскі фельчар Павел Палейчык, якога спачатку пасадзілі на суткі за выказванне сваёй пазіцыі, а потым звольнілі з працы. У адказ на гэта салідарныя беларусы сабралі для Паўла Палейчыка грошы, каб падтрымаць яго і яго сям'ю.

Павел Палейчык

Павел Палейчык

Выступленне Святланы Ціханоўскай пачалося з невялікага канфуза: яна павітала лідчан фразай «Прывітанне, Слуцк!». Кандыдатка збянтэжылася і папрасіла прабачэння ў прысутных, патлумачыўшы, што памылка звязаная з тым, што Слуцк прысутнічае ў яе графіку перадвыбарчых мерапрыемстваў, які яна вывучала па дарозе. Але публіка не пакрыўдзілася, і тут жа на знак падтрымкі нехта выгукнуў: «Света, мы цябе любім!».


Святлана Ціханоўская распавяла, што вельмі сумуе па мужу блогеру Сяргею Ціханоўскаму, якога не бачыла два месяцы. Па яе словах, ён ведае пра яе пікеты і падтрымлівае іх. Сяргей Ціханоўскі атрымлівае па 25 лістоў на дзень. Святлана Ціханоўская заклікала пісаць усім палітвязням, паколькі для іх гэта важна.



Кандыдатка звярнулася да пенсіянераў, паабяцаўшы ім, што новы прэзідэнт забяспечыць ім дастойную старасць. Таксама яна звярнулася да міліцыянтаў і АМАПаўцаў, зазначыўшы, што ўсе яны — добрыя людзі, калі вяртаюцца дадому. Яна перакананая, што ўсе яны — закладнікі сістэмы.


Апроч таго Ціханоўская заклікала членаў выбарчых камісій не фальсіфікаваць выбары. «У гэтым годзе мы павінны змяніць усё, і кожны мусіць пераадолець свой маленькі страх».

Больш фота ў галерэі. Гартайце!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: