Святлана Ціханоўская заклікала рабочых яднацца і ствараць незалежныя прафсаюзы


Святлана Ціханоўская звярнулася да працоўных заводаў і прадпрыемстваў заклікам выходзіць з праўладных прафсаюзаў, яднацца і ствараць свае, незалежныя структуры. Яна таксама выказала ўпэўненасць, што народ падтрымае страйк, запланаваны на 26 кастрычніка.


«Я ўдзячная Вам за смеласць, з якой вы супрацьстаіце рэжыму. Кошт вашага пратэсту — ціск, які аказвае на вас кіраўніцтва. Але вы павінны ведаць: яны робяць гэта, таму што напалоханыя. І таму што вы — велізарная сіла.

Вас палохаюць тым, што любая новая ўлада распрадасць заводы, што вас пазбавяць зарплаты і вы не зможаце карміць свае сем’і. Але вам не кажуць, што доўгія гады рэжым рабіў усё для таго, каб вы не атрымлівалі годных заробкаў.

Праўладныя прафсаюзы дзесяцігоддзямі забіралі вашы грошы, не прадстаўляючы вашы інтарэсы. Ва ўсіх вас забіраюць працэнт ад заробкаў. Але куды ідуць гэтыя грошы? Усё проста: на іх рэжым абараняе сябе — ад вас. Ваша адзінства палохае ваша кіраўніцтва і чыноўнікаў. Ім выгадна рабіць выгляд, што забастовак няма.

Але я ведаю, што на большасці прадпрыемстваў працягваюцца забастоўкі — і гэта вельмі важна. Камунмаш не раз спыняў працу цэхаў. І гэта вельмі важна. Дзякуючы пратэсту на Гродна-Азоце з заводам не хочуць заключаць новыя дагаворы. На МТЗ, як і многіх заводах, план проста не выконваецца, а значыць кантракты рэжыму пад пагрозай — і гэта вельмі важна. МЗКЦ перайшоў да свабоднага прафсаюза — як і людзі на МАЗе і Нафтане. Цяпер яны самі аказваюць ўзаемавыручку пацярпелым ад рэжыму. І гэта вельмі важна.

Уся ваша барацьба патрабуе велізарнай мужнасці. І я ведаю, што вам нялёгка. Але тое, што вы робіце, з кожным днём набліжае нас да перамогі. Аб’ядноўвайцеся. Дзейнічайце. Выходзьце з праўладных прафсаюзаў і стварайце свае, незалежныя. Калі вас будуць пазбаўляць прэмій або звальняць — звярніцеся ў фонды.

Вам будуць казаць, што стварыць самакіраванне немагчыма — але Міхаіл Громаў і Сяргей Дылеўскі з МТЗ і Глеб Сандрас з Беларуськалія паспяхова зрабілі гэта на сваіх прадпрыемствах і дапамагаюць астатнім. А ініцыятыва «Сумленныя людзі» запусціла чат-бот «Завод», у якім вы даведаецеся навіны з іншых заводаў і зможаце каардынаваць планы дзеянняў.

Збірайцеся ў групы, дзяліцеся сваімі поспехамі і працягвайце вашу барацьбу. Толькі так мы зможам аднавіць закон і выратаваць прадпрыемствы ад таго, як іх губіць рэжым. Вы не адны. Зараз усе беларусы разумеюць, наколькі важная ваша забастоўка, і гатовыя дапамагаць вам усімі даступнымі спосабамі: шукаць юрыстаў, рабіць ахвяраванні ў фонды, збіраць прадуктовыя наборы, пісаць і распавядаць усяму свету пра вас кожны дзень. Кажыце больш пра вашыя перамогі! Я ведаю, што яны ёсць. Уся краіна і я асабіста падтрымліваю вас у гэтай барацьбе. Мы ганарымся вамі. Памятаеце: калі мы разам — нас не спыніць».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: