Святлане Ціханоўскай сёння споўнілася 39. Муж-палітвязень павіншаваў яе з-за кратаў

Лідару дэмакратычнага руху Святлане Ціханоўскай 11 верасня споўнілася 39 гадоў. Яна пайшла ў палітыку летась, пасля таго, як не быў дапушчаны да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах яе муж, Сяргей Ціханоўскі. Ціханоўская хутка здабыла папулярнасць — падчас паездак па краіне яна збірала вялізныя мітынгі. І не дзіўна, што ў абвешчаныя ЦВК вынікі выбараў многія не паверылі, пачаліся масавыя пратэсты, а легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі не прызнаюць шматлікія краіны свету, адзначае «Еўрарадыё».

Ужо больш за год Святлана Ціханоўская жыве з дзецьмі за мяжой, прадстаўляе беларускі дэмакратычны рух, здзяйсняе шматлікія паездкі, праводзіць сустрэчы, змагаецца за вызваленне беларускіх палітвязняў. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі, які з канца траўня 2020-га знаходзіцца за кратамі. Закрыты суд над ім праходзіць у Гомелі.

Ціханоўскі павіншаваў сваю жонку з днём нараджэння. Адвакатка Наталля Мацкевіч перадала праз Twitter ягоныя словы на выпадак, калі ліст з віншаваннямі не пройдзе цэнзуру.

«Сяргей прасіў сказаць, што больш шчырага і сумленнага чалавека, чым Святлана, ён ніколі ў жыцці не сустракаў», — напісала Наталля Мацкевіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: