Святлошумавая граната прыляцела пад ногі: «Гляджу — два пальцы матляюцца»

Георгій Сянькоўскі кажа, што хацеў бы атрымаць адказ, чаму стала магчымым у мірнай Беларусі тое, што з ім здарылася. Аднак разумее, што атрымаць адказ — «шанцы на гэта такія ж, як на тое, што НЛА прызямліцца заўтра а 9-й раніцы каля Партызанскага праспекта», паведамляе «Еўрарадыё»

Гляджу на нагу, а там ужо проста два пальцы матляюцца, мезенец і іншы. Пачаў глядзець на людзей, якія ідуць побач. Крыкнуў першаму хлопцу: "Дапамажы!" Той узяў мяне на рукі, выскачылі да крамы "Вераніка", таму што хуткую бескарысна выклікаць.​

Мінчук Георгій Сянькоўскі — беспрацоўны, яму 39 гадоў. Ноччу 10 жніўня ён аказаўся ў раёне станцыі метро "Пушкінская", дзе акцыю пратэсту разганялі святлошумавымі гранатамі.

Георгій вяртаўся дадому, да пад'езда заставалася пару хвіліны хадзьбы. Але ў гэты момант пад яго ногі прыляцела святлошумавая граната.

 

 

— Я рэальна ўбачыў яе сваімі вачыма, яна выбухнула каля мяне. Успышка, аглушэнне, дэзарыентацыя. Частка асколка прыляцела мне ў правую нагу.

Георгій расказвае, што пасля таго, як да яго вярнуўся слых, ён адразу адчуў, што нага — "нехадзячая". Выпадковыя людзі падахвоціліся адвезці яго ў бальніцу. Так мужчына трапіў у Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Трапіліся добрыя людзі, дагэтуль памятаю, як іх завуць: Віктар і Таццяна. Прывезлі — і адразу на аперацыйны стол.

Дыягназ пасля аперацыі ў мужчыны: выбухная траўма, траўматычная ампутацыя дыстальнага аддзела правай ступні.

 

 

Георгій бачыў запіс са станцыі метро "Пушкінская", дзе пратэстоўцу на праезнай частцы пад ногі прылятае і выбухае граната. Але на тым відэа — не ён. Сваю траўму ён атрымаў каля крамаў "Кнігі" і "Тканіны", а ў пратэстах наогул не ўдзельнічаў.

— Я ішоў дадому, спакойна, не ўцякаў, нікога не чапаў. Засталося прайсці толькі арку. Я чуў выбухі, але не чакаў, што пачнецца ўсё так жорстка і проста са мной.

Георгій Сянькоўскі напісаў заяву ў Следчы камітэт. Да яго прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, але пакуль што ніякіх дзеянняў, акрамя апытання па заяве, з ім не адбывалася. "Ніякіх перажыванняў, спагады ад іх я не дачакаўся. І ніхто ніяк не выказаўся". Разбор будзе доўжыцца да 30 дзён.

Стан здароўя Георгія цяпер стабільны, але дактары не даюць аптымістычных прагнозаў. Прымаецца рашэнне аб правядзенні яшчэ адной аперацыі — магчыма, прыйдзецца ампутаваць яшчэ частку нагі.

— Я вельмі спадзяюся, што ўсё будзе добра, — кажа Георгій. — Мне вельмі б хацелася атрымаць нейкі істотны адказ па тым, што адбылося. Але шанцы на гэта такія ж, як на тое, што НЛА прызямліцца заўтра а 9-й раніцы каля Партызанскага праспекта.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: