Святы блізка: Мінлясгас нагадаў аб штрафах за высечку елак

Праз тыдзень — з 17 снежня — у Беларусі пачнуць адчыняцца елачныя кірмашы. Да 22 снежня іх будзе працаваць 1146 па краіне. Міністэрства лясной гаспадаркі нагадвае аматарам жывых дрэў аб няхітрых правілах, якія трэба памятаць пры куплі навагодняй елкі, каб свята не было азмрочана немалым штрафам, піша TUT.by.
У Мінлясгасе нагадваюць, што па дзейсным заканадаўстве самастойная высечка навагодніх елак у лесе звычайнымі людзьмі не прадугледжаная. Акрамя таго, нават на набытае ў адпаведным месцы дрэва пры перавозцы трэба мець адмысловыя дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць яго набыцця — у лясгасе, лясніцтве або на елачных кірмашах. Звычайна гэта квітанцыя з указаннем месца пакупкі елкі і яе кошту.

Перад Новым годам заўжды ўзмацняецца кантроль за лясным фондам. Бо заўсёды знойдзецца чалавек, які ў пошуках елкі пойдзе не на елачны кірмаш, а ў лес.

— Для больш эфектыўнага стрымання незаконных высечак навагодніх дрэў, іх правозу без адпаведных дазваленчых дакументаў, а таксама спынення іншых парушэнняў лясная ахова (а часта — сумесна з Дзяржінспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце, Мінпрыроды і міліцыяй) праводзіць рэйды. Да прыкладу, у мінулым годзе ў перадкалядны час іх было больш за 1800. На дарогах стаяла больш за 350 кантрольных пастоў, — прыводзяць лічбы ў Мінлясгасе. — За час дзеяння ўзмоцненага ахоўнага рэжыму было праверана больш за 8 тысяч машын, выяўлена больш за 50 парушэнняў ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства.

Дарэчы, за такога роду парушэнні свеціць немалы штраф. Калі на елачных кірмашах лясная прыгажуня ад 1 да 2 метраў вышынёй каштуе каля 10 рублёў, то высечаная ў лесе можа абысціся ў 1225 рублёў.

— За незаконную рубку, істотнае пашкоджанне да ступені спынення росту або знішчэнне дрэваў і кустоў у прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах можна атрымаць штраф ад 5 да 50 базавых, то бок да 1225 рублёў. Для індывідуальных прадпрымальнікаў сума больш — ад 20 да 200 базавых  да 4900 рублёў. А юрыдычнай асобе за незаконна ссечаную елку прыйдзецца заплаціць ад 50 да 300 базавых  да 7350 рублёў, - нагадваюць у Мінлясгасе. Калі тыя ж дзеянні здзейсніць ў эксплуатацыйных лясах, то штраф будзе да 30 базавых — 735 рублёў, для ІП — ад 10 да 100, а для юрасобы — ад 20 да 200 базавых.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: