«Сын служыць у АМАПе, перажывае за сястру». Бацька Юліі Кашаверавай пра прысуд дачцэ

«Самы вялікі парадокс, што ў мяне яшчэ ёсць сын, які служыць у Мінскім абласным АМАПе», — распавёў «Свабодзе» бацька  Юліі Кашаверавай.
Акцыя ў Віцебску, 17 жніўня 2020 года

Акцыя ў Віцебску, 17 жніўня 2020 года

22-гадовая Юлія Кашаверава ў віцебскім СІЗА ўжо 5 месяцаў — з 20 кастрычніка мінулага года. 23 лютага суд Кастрычніцкага раёну Віцебска прысудзіў ёй 1,5 года пазбаўлення волі за тое, што на маршы пратэсту яна пашкодзіла міліцэйскі бус і сарвала шапку і маску з амапаўца.

У чым абвінавацілі Юлію Кашавераву

Дзяржаўны абвінаваўца Уладзімер Лабацкі прасіў пакараць Юлію шасцю гадамі калоніі агульнага рэжыму. Аднак суддзя Сяргей Будрэвіч вырашыў, што дзяўчына вінаватая па ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Злоснае хуліганства»), а не па ч.2 гэтага артыкула, як яе першапачаткова абвінавачвалі.

Паводле абвінавачання, якое прыводзіць праваабарончы цэнтр «Вясна», 4 кастрычніка Юлія брала ўдзел у несанкцыянаваным шэсці супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

На Маскоўскім праспекце да пратэстоўцаў пад’ехала міліцыя, аднаго з мужчын затрымалі. Пратэстоўцы спрабавалі яго адбіць, а сілавікі ўжылі газ.

 

Падчас канфлікту з міліцыяй Юлія пашкодзіла міліцэйскі бус, ударыла па ім нагой не менш як тры разы і нанесла ўвагнутасць і драпіны, а таксама кінула ўслед машыне драўляную палку.

Гэтымі дзеяннямі, паводле абвінавачання, Юлія нанесла шкоду на 841 рубель. Сямʼя дзяўчыны ўжо кампенсавала гэтую суму.

Юлія таксама сарвала медычную маску і форменную шапку з камандзіра звяна АМАПа Аляксея Альхімовіча.

Паводле ПЦ «Вясна», Юлія Кашаверава часткова прызнала сябе вінаватай. Яна заявіла ў судзе, што хацела аказаць медычную дапамогу хлопцу, якога затрымлівалі амапаўцы і які ўпаў на зямлю. Юлія сказала, што хлопец ляжаў без руху, тварам уніз. Яна хацела даведацца, у прытомнасці ён ці не, і спрабавала прайсці да яго праз натоўп. Аднак ёй не дазволілі дапамагчы. У гэты час міліцыянты ўжылі газ супраць людзей, ён трапіў і на Юлію. Тады дзяўчына не стрымалася і тройчы ўдарыла ззаду па міліцэйскім бусе. Яна казала, што па бакавых дзвярах буса не біла і не зрывала маску і кепку з амапаўца.

 

Што вядома пра Юлію

Юлія Кашаверава ў мінулым годзе скончыла Віцебскі медыцынскі каледж па спецыяльнасці «Лячэбная справа» і 29 ліпеня паступіла на працу медычнай сястрой у 103-ю дэсантную брыгаду. Дзяўчыну звольнілі з працы 9 кастрычніка, пасля таго, як 4 кастрычніка яе затрымалі і завялі справу за ўдзел у акцыі па артыкуле 23.34.

Суд над ёю пачаўся 7 кастрычніка, справу накіравалі на дапрацоўку, а саму Юлію адпусцілі. Але 20 кастрычніка на кватэру прыехалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі, якія правялі вобшук і зноў затрымалі Юлію. З вобшукам прыязджалі яшчэ і 22 кастрычніка. Справу завялі па ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Злоснае хуліганства»). Потым новы следчы перакваліфікаваў справу на ч.2 арт. 339.

«Пасля выпуску Юлія адпрацавала крыху больш за два месяцы, — кажа бацька Юліі Сяргей Кашавераў. — Да таго яна вучылася ў іншай навучальнай установе, але там не спадабалася, вырашыла паступіць у медыцынскі каледж. Гэта было яе рашэнне».

Сяргей Кашавераў — былы вайсковец, падпалкоўнік запасу, звольніўся ў 2013 годзе. За тры месяцы да затрымання Юліі ў яе памерла маці, якая хварэла на рак.

«Нам давалі пражыць пару месяцаў, мы пражылі год і тры, скажам так, крыху паваявалі, як маглі, — кажа Сяргей Кашавераў. — Гэта якраз быў Дзень настаўніка, я тады ёй напісаў, што якраз тры месяцы, як памерла маці. Яна сказала, што пойдзе ў краму, потым збіралася ў царкву. Паехала з сяброўкай, узяла ўдзел у шэсці. А да царквы вечарам не дайшла, яе забралі».

 

Віцебск, 16 жніўня 

Сяргей Кашавераў нарадзіўся ва Украіне, ажаніўся і застаўся ў Беларусі.

«Самы вялікі парадокс, што ў мяне яшчэ ёсць сын, які служыць у Мінскім абласным АМАПе, — кажа бацька Юліі Кашаверавай. — Калі Юля папалася, яму не далі прасоўвання па службе. Здаваў нарматывы, павінен быў перайсці ў іншую групу. Але з той прычыны, што на сястру распачалі крымінальную справу, ён не паехаў. Брат, вядома, перажывае за сястру».

«Гэта маё меркаванне, і я яго трымаюся, — кажа ён. — Ёсць відэа, выразна ўсё бачна, яна зрабіла тры ўдары, умяціна ў машыне 2 міліметры. Яе, па-руску кажучы, можна было кулаком выраўняць. А ёй палічылі яшчэ і бакавыя дзверы, да якіх яна не дакраналася, зрабілі з яе спачатку арганізатара, што маску нейкую здымала, а яна яе не здымала».

Бацька Юліі праглядаў запіс здарэння на вялікім экране, бо на судзе яго глядзелі на ноўтбуку, а гэты памер не дазваляе ўсё заўважыць.

«Таго, што Юлія ў некага сарвала гэтую маску, няма нідзе. Яна падымала яе каля машыны, потым яна яе выпусціла, калі пырснулі газ, і потым другі раз падняла. Усе відэа мы прадаставілі суду, аднак суд палічыў, што яна нібыта сарвала. Хоць аніводны з амапаўцаў не бачыў і не мог пацвердзіць, што яна нешта здымала».

Сяргей кажа, што дачка ўдарыла па міліцэйскай машыне праз эмоцыі. 

Акцыя ў падтрымку Лукашэнкі, Віцебск, 20 жніўня 

«Яшчэ калі вучылася ў каледжы, ехала ў аўтобусе, у пасажыра здарыўся прыступ эпілепсіі. Усе ўцяклі, а яна засталася, аказала першую медыцынскую дапамогу, дастала язык. Патэлефанавала ў „хуткую“ і адправіла, — кажа бацька. — Яна эмацыйна ўсё ўспрымае і імкнецца дапамагчы. І ў гэтым выпадку яна ўбачыла, што чалавек упаў, і ёй хацелася дапамагчы».

Сяргею Кашавераву ўжо дазволілі першае спатканне з дачкой, яно адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Ён кажа, што дачка памянялася і па лістах бачна, што «стала больш сурʼёзнай і дарослай».

«Я меркаваў, што дадуць нават больш, улічваючы сітуацыю і тое, якія ўсім даюць тэрміны. Але я чакаў умоўнага тэрміну. Далі 1,5 года рэальнага. Але я лічу, што яна ўсё ўсвядоміла і можна было вырашаць пытанне ўмоўнага тэрміну».

Юлія прасіла перадаць ёй медыцынскія кнігі, аднак у СІЗА не дазволілі. Яна марыць на волі займацца сваёй любімай справай — медыцынай.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: