«Шантаж праз дзяцей не спрацуе». Што рабіць, калі ў сям'ю прыйшла апека праз удзел бацькоў у акцыях

Што рабіць, калі праз удзел бацькоў у масавых акцый у сям'ю прыйшлі органы апекі. Пакрокавая інструкцыя ад тых, хто прайшоў праз гэта. 
Крыніца фота: асабісты архіў

Крыніца фота: асабісты архіў




"Хай сочаць за тымі дзецьмі, якія ядуць смецце, пакуль бацькі ў адключцы", — эмацыйна выказалася ў сацсетках рэжысёр, прадзюсар і мама дваіх дзяцей Марыя Міхальчык. Нядаўна яе сям'ю напаткала навіна аб тым, што работнікі дзіцячага садка абавязаны правесці сацыяльнае расследаванне і пераканацца ў тым, што дабрабыту іх дзяцей нічога не пагражае.

 Што цікава: 2-гадовы сын і 5-гадовая дачка з сям'і Міхальчык ходзяць у адзін сад, але праверка праводзілася толькі па ўмовах пражывання хлопчыка. Логікі ў гэтым бацькі не ўбачылі.


Некалькі тыдняў таму Марыю выклікалі ў дзіцячы сад на гутарку. Высветлілася, што з пракуратуры загадчыцы сада накіравалі паперу на сям'ю Міхальчык. Бацька 30 жніўня быў заўважаны на несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве разам з малалетнім дзіцем, гаворыцца ў дакуменце. Сітуацыя нібыта "сведчыць аб наяўнасці абстаноўкі, якая стварае небяспеку для жыцця і здароўя непаўналетняга". Работнікам адукацыі загадана аператыўна "прыняць меры". Муж і жонка спрабавалі зразумець, адкуль у пракуратуры інфармацыя аб удзеле ў мітынгу, але адказу пакуль не атрымалі. Як і доказаў "віны".

— Мы адкрыта выступаем супраць гвалту і несправядлівасці ў краіне, як і многія беларусы, але сваю пазіцыю выказваем іншым спосабам, не праз вулічныя акцыі. Пры гэтым жывем у самым цэнтры Мінска (плошча Перамогі) і так ці інакш перасякаемся з патокамі людзей, якія сюды сцякаюцца. Не ехаць жа нам адмыслова ў выхадны за горад, каб ні з кім не перасякацца? Мы ходзім у кафэ, парк, гуляем з дзецьмі і выходзім звычайна ўсёй сям'ёй. Не бывае такога, каб мой муж пайшоў гуляць толькі з адным дзіцем.

 "Мы людзі маленькія, нам сказалі — мы робім"

Не толькі сумніўнае абвінавачванне здзівіла сям'ю. Яшчэ больш Марыю абурыла рэакцыя дзіцячага садка.

— Пасыл быў такі: "Мы людзі маленькія, нам сказалі — мы робім". Хоць усё выдатна ведаюць, у якіх умовах жывуць нашы дзеці. Скажам так, мы не самая бедная сям'я, дзеці добра апранутыя, накормлены, у нас ёсць выдатныя бабулі-дзядулі — падтрымка з усіх бакоў. Нягледзячы на абсурднасць сітуацыі, людзі ўзяліся выконваць загад.

Марыю папярэдзілі, што ў прызначаны дзень сацыяльныя педагогі прыйдуць правяраць жыллёвыя ўмовы, у якіх выхоўваецца дзіця.

 — Пахадзілі, паглядзелі. Я пытаюся "у ванны пакой і туалет заходзіць будзеце?". На што выхавальнікі адказалі: "Толькі калі рамонт паглядзець". Наогул наколькі я ведаю, яны абавязаны кожны год правяраць, як жыве дзіця: ці ёсць асобнае месца для сну, гульняў, заняткаў, ці дастаткова цацак і г.д. Але звычайна, калі сумненняў у дабрабыце сям'і няма, на гэтую фармальнасць заплюшчваюць вочы.

Пасля праверкі спецыялісты запоўнілі паперу, дзе зафіксавалі па пунктах, у якіх умовах жыве дзіця, распавядае Марыя. Праз тыдзень бацькоў зноў паклікалі на сустрэчу ў дзіцячы сад.

— На разгляд нашай справы прыйшлі ажно 7 чалавек! — не хавае эмоцый мама. — Гэта сацработнікі, псіхолагі і г. д. Краіна жыла б нашмат лепш, калі б дзяржава з такой жа стараннасцю ўзялася дапамагаць дзецям, якія ядуць смецце, пакуль бацькі ў несвядомасці.

 "Такі шантаж працуе ў адваротны бок"

Бацькам сказалі, што прэтэнзій да іх сям'і ад работнікаў дзіцячага садка няма. Таксама ўжо атрыманая папера з паліклінікі, дзе пацвердзілі, што мама і тата ўважліва ставяцца да здароўя дзіцяці. Гэтыя дакументы будуць накіраваныя "наверх", у пракуратуру. І толькі калі прыйдзе адказ, бацькі змогуць канчаткова выдыхнуць.

Крыніца фота: асабісты архіў

— Уладам здаецца, што праз дзяцей яны змогуць націснуць на бацькоў. Але пасля таго, што здарылася з нашай сям'ёй, я перакананая: такі шантаж ніяк не аслабіць грамадзянскую пазіцыю нашага грамадства, а толькі ўмацуе! Бо калі справа тычыцца дзяцей, у маці ўжо няма страху і яна гатовая ірваць зубамі любога, хто да іх наблізіцца! Гэта працуе зусім у адваротны бок.

Цяпер Марыя плануе падрыхтаваць ліст у адказ, каб высветліць прычыны, праз якія ўлады засумняваліся ў дабрабыце сям'і. А тым бацькам, якія рызыкуюць трапіць у падобную сітуацыі, мянчанка раіць здымаць усё, што адбываецца на відэа. Паколькі ўдзел у мітынгах не з'яўляецца крытэрыем СНС, праўда на баку сям'і, галоўнае, каб у правяраючых не было прэтэнзій да ўмоў пражывання дзіцяці.

Вось парады Марыі Міхальчык на выпадак, калі да вас дадому прыйшлі з праверкай:

1. Перад тым як да вас прыйшлі людзі, зніміце на відэа ўсю кватэру.
2. Не перарываючы здымку, папярэдзьце тых, хто прыйшоў аб тым, што вядзецца здымка (ва ўласнай кватэры вы маеце права гэта рабіць).
3. Папрасіце ўсіх прадставіцца і назваць пасады, таксама на камеру.
4. Далей рушым з праверкай і паказваем камерай, куды яны глядзяць і што пры гэтым кажуць.
 5. Пры запаўненні бланка прасіце ўсё, што яны пішуць, прамаўляць услых. Яны могуць адмовіцца, гэта іх права. Але здымаем камерай усё, што пішуць.
 6. Калі ў графах для запаўнення засталося пустое месца, куды можна нешта дапісаць пасля вашага наведвання, просім ставіць прочыркі.
7. Калі ставіце подпіс пад дакументам, таксама здымайце, як вы гэта робіце.
 8. Знізу пішам: "Мной вялася здымка, уключаючы здымку сапраўднага акту, дзе я стаўлю подпіс. Ставім дату, час і свой подпіс другі раз".
 9. Робім фота дакумента з двух бакоў.
10. Просім зрабіць копію дакумента ў садзе і вярнуць вам адзін асобнік. 11. Прапануем гарбату правяраючым, яны абавязкова адмовяцца.
12. Чакаем, калі вынесуць вердыкт па сітуацыі з вашай сям'ёй.

Па словах Марыі, яна зрабіла менавіта так, як прапісала ў гэтай памятцы. І ў сітуацыі з іх сям'ёй правяраючыя не знайшлі крытэрыяў для прызнання дзіцяці змешчаным у СНС.

Паводле  rebenok.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: