Шчасце ў аўтарытарнай дзяржаве? Што раяць беларусам дысідэнткі з краін, дзе дыктатура — у мінулым

У Міжнародны дзень шчасця, які адзначаецца 20 сакавіка, вядомыя дысідэнткі з Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы адказалі на пытанне «Свабоды»: «Дзе можна знайсці шчасце, жывучы ў аўтарытарнай паліцэйскай дзяржаве?»

«Ва ўсім свеце лічылася, што Польшча назаўсёды застанецца васалам Расіі»

Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска ў часы камунізму ў Польшчы працавала машыністкай трамвая.

15 жніўня 1980 году яна спыніла свой трамвай і загадала пасажырам выйсці, абвясціўшы пра страйк. Гэтую падзею называюць пачаткам страйку гданьскага грамадзкага транспарту. Кшывонас-Стрыхарска ўдзельнічала ў перамовах гданьскіх рабочых з уладамі. У выніку тых перамоваў паўстала «Салідарнасьць».

Падчас ваеннага становішча яна дапамагала інтэрнаваным, распаўсюджвала падпольны друк. Пазней і сама стала ахвярай рэпрэсій: страціла працу, ёй загадалі пакінуць Гданьск. Падчас аднаго з вобшукаў Кшывонас-Стрыхарску моцна збілі, у выніку яна страціла цяжарнасць.

Ужо ў незалежнай Польшчы разам з мужам яны ўсынавілі і выхавалі 12 дзяцей. Сёньня Гэнрыка Кшывонас-Стрыхарска — дэпутатка Сейму і сябра парламэнцкай групы па кантактах з Беларуссю.

«Дзе можна знайсці шчасце, жывучы ў аўтарытарнай паліцэйскай дзяржаве?

У надзеі!

Калі ў 1981 годзе вайсковая хунта абвясціла ваеннае становішча ў Польшчы, значная частка грамадзтва страціла веру ў перамогу і свабоду. Ва ўсім свеце лічылася, што падзел свету ўжо нельга змяніць і што Польшча назаўсёды застанецца васалам Расіі.

Аднак у Польшчы былі людзі, якіх лічылі вар’ятамі, якія паверылі ў цуд, і сваёй барацьбой яны гэты цуд зрабілі рэальнасцю. Дзякуючы іх барацьбе, веры і надзеі, якія ніколі іх не пакідалі, немагчымае стала магчымым.

Беларусы таксама павінны верыць, змагацца і спадзявацца, што іх лёс зменіцца. Спадзяюся, як мага хутчэй. Еўрапейскі Саюз з вамі, але больш за ўсё вы павінны верыць у сябе! Перадаю прывітанне ўсім беларускім героям!»

«Ніколі нельга перастаць рыхтавацца да таго, што аднойчы мы зноў адчуем салодкі вецер свабоды»

Магда Вашарыева — славацкая дыпламатка, адна з самых вядомых акторак у краіне. Здымацца ў кіно пачала дзіцем, грала больш як у 30 мастацкіх фільмах. Пасля ролі ў фільме «Птушкі, сіроты і дурні» яе выключылі з універсітэту, а фільм быў забаронены да паказу да 1989 года. Фільм расказвае пра трох чалавек, якія асірацелі ў выніку палітычнага гвалту.

Пазней Вашарыевай удалося скончыць вучобу, але працягнуць працу ва ўніверсітэце ёй не дазволілі. Пасля інтэрвенцыі савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну Вашарыева мела магчымасць эміграваць у Італію на запрашэнне Фэдэрыка Фэліні, але адмовілася.

Падчас Аксамітнай рэвалюцыі брала ўдзел у дзейнасці Таварыства супраць гвалту, а ў 1990 годзе Вацлаў Гавел прызначыў яе паслом Чэхаславаччыны ў Аўстрыі. Потым Магда Вашарыева працавала паслом у Польшчы і дзяржсакратаром у МЗС. Сёння выкладае сацыялёгію ў CEVRO INSTITUT’е (Прага).

«Мне давялося пражыць у таталітарнай паліцэйскай дзяржаве 40 гадоў, так што я адчуваю сябе цалкам кампетэнтнай адказаць на гэтае пытанне.

Мая сям‘я на пачатку 1950 году сышла ў прыват, што, можа, гучыць як абмежаванне, але там адбывалася жыццё. Да нас патаемна прыходзілі сябры, начавалі ў нас, гаварылі з бацькамі, дыскутавалі, а я хавалася пад сталом і спрабавала зразумець, пра што яны гавораць.

Праўда, часам прыходзілі спецслужбы і забіралі тату, але наогул усё прыемнае адбывалася дома, за апушчанымі жалюзі.

У 1960-я гады мы пачалі выходзіць на людзі, нават пратэставаць, і адчулі вецер свабоды. Гэта нас натхняла, але гэтак працягвалася нядоўга.

Пасля прыйшла гэтак званая «нармалізацыя», якая канчаткова замкнула нас на 20 гадоў за жалезнай заслонай. Людзі куплялі хаты за горадам, садзілі ў гародах моркву, па пятніцах выяжджалі з гарадоў і стараліся жыць на прыродзе. Гэта былі гнюсныя часы, але часам з'яўлялася надзея — у мастацтве, у тэатры, трохі ў кіно, а галоўным чынам у гістарычных працах. А пасля ўсё паволі пачало адкрывацца, для майго пакалення аж занадта паволі, і сёння я мушу канстатаваць, што мы не былі дастаткова падрыхтаваныя да пазнейшых хуткіх пераменаў. Чаму? Таму што мы зрабілі кардынальную памылку. Мы перасталі верыць, што змены прыйдуць. І гэта быў вялікі грэх.

Ніколі нельга было пераставаць рыхтавацца да таго, што аднойчы мы зноў адчуем салодкі вецер свабоды.

І гэта мая парада дарагім сяброўкам і сябрам у Беларусі».

«Шчасце ў сябрах-аднадумцах, якія гатовыя цярпець нягоды, абы толькі не хлусіць і не прыніжацца»

Пэтрушка Шустрава — чэская публіцыстыка і палітык, вядомая дысідэнтка. У 1966 годзе яна паступіла ў Карлаў універсітэт у Празе, але не змагла яго скончыць. У 1969 годзе Шустраву арыштавалі і прысудзілі два гады турмы за дзейнасць у моладзевай арганізацыі. Пасля выхаду з турмы працавала на пошце і прыбіральшчыцай.

Адна з падпісантак «Хартыі’77». Была праваабаронцай, публікавалася ў падпольных выданнях. За гэтую дзейнасць яе выклікалі на допыты ў Службу бяспекі, праводзілі дома ператрусы, яна не магла ўладкавацца на працу, нягледзячы на тое, што гадавала пяцярых дзяцей.

Пасля падзення камунізму выконвала абавязкі міністра ўнутраных спраў, займалася расследаваннем дзейнасці спецслужбаў у камуністычныя часы і брала ўдзел у падрыхтоўцы закону аб люстрацыі.

Сёння Пэтрушка Шустрава піша публіцыстыку, перакладае з польскай і ангельскай моваў.

«Я жыла ў паліцэйскай дзяржаве больш за пяцьдзясят гадоў — і сапраўды не магу сказаць, што была няшчасная.

Хоць я правяла два гады ў турме, пасля вяртання мне сістэматычна стваралі непрыемнасці супрацоўнікі Дзяржаўнай бяспекі, выклікалі на допыты, рабілі дома ператрусы і некалькі разоў на два або на чатыры дні зачынялі ў камеры, але я ўсё роўна люблю ўспамінаць той час. Я жыла ў атачэнні сяброў, якія былі гатовыя вытрымаць тое, што вытрымала я, але яны не здаліся, не прынялі патрабаванняў рэжыму і пратэставалі супраць абмежаванняў правоў чалавека. Я, вядома, кажу пра «Хартыю’77».

Гэта было цудоўнае асяроддзе: людзі вельмі розных поглядаў абмяркоўвалі не толькі палітыку, але таксама гісторыю, літаратуру і мастацтва, філасофію... І яны выдатна ладзілі, яны прымалі той факт, што ўсе людзі розныя, усе маюць розныя думкі, але кожны таксама яшчэ і чалавек, мой блізкі, зь якім у мяне, акрамя розьніцы ў думках, ёсць і шмат агульнага. Тое сяброўскае асяроддзе было, напэўна, найпрыгажэйшым, што я зазнала ў жыцці. Я люблю гэта ўспамінаць, асабліва ў сённяшнія часы ковіду.

Я думаю, што самае каштоўнае, што мы маем на гэтым свеце, — гэта людзі. Вядома, сям’я, але чалавек можа мець значна больш сяброў, чым сваякоў, і кантакт з сябрамі прыносіць стымул для мыслення, інфармацыі, навучання, але асабліва — радасць ад магчымасці бываць разам. Мы не шукалі шчасця ў матэрыяльным дастатку, дасягнуць яго сумленна пры камунізме было немагчыма, і мы пра гэта ніяк асабліва не клапаціліся (існуе вельмі мала дысідэнтаў, якія разбагацелі ў часы свабоды). Наша багацце палягала ў нечым іншым: у тым, што нам не трэба было хаваць адзін ад аднаго, што мы думаем, што нам не трэба было ўдаваць фальшывую вернасць моцным гэтага свету, што мы маглі жыць сваім жыццём.

Не менш важнае было тое, што нягледзячы на ўсе цкаванні, у нас было моцнае пачуццё маральнай перавагі. Мы былі ўпэўненыя, што праўда за намі, а не за камуністычнай дзяржавай. І гэта — калі чалавек не зусім самотны — вялікая каштоўнасць, крыніца сілы і вялікага шчасця. Мы былі — і несумненна застаёмся дагэтуль — перакананыя, што робім правільна, нават калі гэта прыносіць нам шмат непрыемнасьцяў.

Надыход свабоды быў, вядома, цудоўным, але да лепшых бакоў жыцця чалавек хутка прызвычайваецца. Таму сёння я з сумам гляджу на тое, як людзі, якія павінны былі б трымацца разам, разыходзяцца і перастаюць кантактаваць толькі таму, што іншы чалавек думае пра палітыку або пра нейкую палітычную партыю нешта іншае, чым я...

Дык дзе шукаць шчасця? У перакананні, што мы маем рацыю, што кожны паліцэйскі рэжым рана ці позна праміне. І ў сябрах-аднадумцах, якія гатовыя цярпець нягоды, абы толькі не хлусіць і не прыніжацца».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: