Шчаслівыя насуперак усім

Яны ўжо пятнаццаць гадоў у шлюбе. Калі пазнаёміліся, ёй, творчай і натхнёнай, было 25. Яму — 29. І ён ужо пяць гадоў як быў прыкаваны да ложку пасля няўдалага падзення з дрэва. Гэта сустрэча нарадзіла сям'ю МІкалаевых...

Таццяна клапатліва завіхалася на кухні, пакуль з намі знаёміўся Андрэй.

Мужчына просіць, каб яго пасадзілі ў крэсла. Кажа, што не для задавальнення, а таму, што трэба часам і сядаць. Андрэй на некалькі хвілін збялеў — праз скачкі ціску ён не любіць падымацца з ложку. Але Таццяна дала яму лекі, памасажыравала галаву і шыю — і Андрэй зноў з намі.

Знаёмства

У 24 гады Андрэй няўдала ўпаў з дрэва. Траўма назаўжды прыкавала яго да ложку. Малады, здаровы і… інвалід-вазочнік. З гэтым цяжка было змірыцца. Душа балела можа больш, чым цела. Хацелася крычаць ад адчаю. Але Андрэй знайшоў іншы шлях.

Свае перакананні пра дабро і справядлівасць ён стаў увасабляць у вершах, якія адпраўляў расійскім памежнікам і вайскоўцам у Беларусь, Таджыкістан і на Каўказ. Чаму туды? Справа ў тым, што ў юнацтве Андрэй заўсёды хацеў служыць у памежных войсках. І нават марыў трапіць у якую-небудзь гарачую кропку на Каўказе. У армію ён пайшоў добраахвотна ў 1991 годзе. Служыў ва Украіне. І ў Прыднястроўі трапіў у перасыльную частку, якую называлі «чорнай» дывізіяй з-за таго, што славянскага кантынгенту там амаль не было.

«Я быў тады іншы чалавек, — скажа Андрэй пасля. — Але без колішняга захаплення расійскім войскам не было б мяне цяперашняга».

Ну а Таццяна ў той час працавала праграмістам. І таксама пісала вершы. Калі Таццяна скончыла рукапіс сваіх вершаў, то аддала іх прачытаць некалькім знаёмым. Адным з іх быў хлопец, які сябраваў з Андрэем. Ён прачытаў Таццяніны вершы, і яму падалося, што яны з Андрэем чымсьці падобныя. Таму і вырашыў іх пазнаёміць.

Андрэй і Таццяна сталі ліставацца праз электронную пошту. Але на гэтым хутка ўсё і скончылася.

«Гэта ўсё было павярхоўным, — дзеліцца Таццяна, — вельмі часта, калі малазнаёмыя людзі пачынаюць кантактаваць, асабліва праз інтэрнэт, яны могуць непаразумецца праз адно неяк не так сказанае слова… Але, як па мне, то калі адразу нешта ідзе не так — гэта добрая прыкмета. Я заўважыла, што калі першае ўражанне ад чалавека кепскае, то, значыць, пасля ўсё будзе добра».

Таццяна падумала, што не дала магчымасць Андрэю раскрыцца, таму вырашыла паспрабаваць працягнуць знаёмства. «І наступнае наша намаганне было паспяховым», — усміхнулася жанчына.

 

Першае спатканне

Як прайшло ваша першае спатканне? — запытала я.

А ніяк! — у адзін голас адказалі Мікалаевы.

Таццяна апускае вочы і ўзгадвае:

Я ўяўляла, што Андрэй будзе больш мабільным… Я думала, што ён будзе катацца ў вазочку па кватэры… Я ж нават фота яго не бачыла. А тут пабачыла: ён ляжыць у ложку і нават не падымаецца. Схуднелы… Я думала, што ён будзе больш здаровы.

А мае ўражанні ад спаткання былі прасцей. У мяне не было ніякіх чаканняў. Ну, добра, прыйдзе дзяўчына… Так дзяўчаты ж і раней да мяне прыходзілі ў госці… Мае думкі больш былі скіраваныя на тое, як яе прыняць, і як я буду выглядаць пры гэтым, — падзяліўся Андрэй.

Але пасля зноў наступіў перапынак. Для Андрэя гэта была проста сустрэча, падчас якой нешта стала нараджацца ў яго нутры. Таццяна з горыччу думала, што Андрэй — проста вазочнік, які клеіць дзяўчат.

Змянілася меркаванне Таццяны пра Андрэя, калі той у 2001 годзе скокнуў з парашутам. Ён тады напісаў ёй паведамленне: «Інвалід-вазочнік упершыню ў Беларусі будзе скакаць з парашутам». А Таццяна нават не змагла прачытаць запрашэнне, бо заблакавала Андрэя.

Гэта зараз, пражыўшы ўжо столькі гадоў у шлюбе, яны цвяроза глядзяць на былыя непаразуменні. «Кожны чалавек — індывідуальны, — сказала Таццяна, — муж і жонка — гэта розныя людзі, але ў іх ёсць нешта агульнае. І, каб стаць адным цэлым, ім варта пераадолець тое, што іх адрознівае, ім варта ад непаразумення перайсці да згоды».

Яны зноў пачалі камунікаваць. Аднойчы Андрэй запрасіў Таццяну на канцэрт у Дом літаратараў, дзе гучалі песні на яго вершы. Таццяна прыйшла. І запісала канцэрт Андрэя на дыктафон. «У мяне з’явілася нагода для сустрэчы — прынесці Андрэю запіс», — смяецца Таццяна.

Пасля гэтага канцэрту яны сталі рэгулярна сустракацца. Таццяна прыязджала да Андрэя ў госці, і яны гадзінамі размаўлялі, часам да самай ночы. Дзяўчына ледзь паспявала на апошні аўтобус і ехала праз увесь горад дадому.

Яны распавядалі мне, перабіваючы адно аднаго, пра свае спатканні. А мне стала цікава, ці адразу яны ўсведамлялі тое, што гэта і ёсць лёс.

«Каб я разумеў на той момант, што гэтыя стасункі да чагосьці прывядуць, то я б іх і не пачынаў. Я добра ўсведамляў, хто я і хто іншыя людзі», — адказаў Андрэй.

Таццяне ж было цікава пазнаваць Андрэя: «Для мяне гэта быў проста блізкі чалавек, з якім мне хацелася быць побач. Калі я была побач з ім, мне было спакойна».

«Я тады меркаваў так: сустракаемся — і добра. Калі б я думаў пра будучыню, то заблакаваў бы сябе», — дадаў Андрэй.

 

Шлюб

«Я хачу, каб ты быў маім мужам», — гэтыя словы Таццяна сказала Андрэю. Прычым усяго праз некалькі месяцаў пасля знаёмства. «Ну, хай будзе муж», — адказаў Андрэй. Але, магчыма, спачатку не ўспрымаў гэта сур’ёзна.

Таццяна ж да сваіх адчуванняў ставілася вельмі сур’ёзна.

Андрэй ні на секунду не забываў, што ён — інвалід. Ён разумеў, чаго будзе каштаваць гэты шлюб Таццяне.

«Я ўяўляла, што мяне будзе чакаць. Але што такое каханне? Я не магла адмовіцца ад самага дарагога чалавека толькі праз цяжкасці, якія наперадзе?» — дадала Таццяна.

«А я думаў галавой, — уступіўся Андрэй. — Каханне каханнем, але жыць трэба будзе з інвалідам. Мне здавалася, што Таня не гатова да гэтага. Мне было дастаткова таго, што я сапсаваў жыццё сваім сваякам. Я не хацеў псаваць жыццё яшчэ аднаму чалавеку. Яна ж казала пра тое, што адчувае, што я яе муж… Ну, раз ужо я «муж-муж», то вырашыў паспрабаваць. Раней акунешся — раней выплывеш, калі ўжо нешта не заладзіцца…»

Выклік быў прыняты — Андрэй прапанаваў Таццяне руку і сэрца.

Сказаць Андрэю «так» — гэта было рашэннем, за якое Таццяна дагэтуль нясе адказнасць: «Свае жыццёвыя выбары я рабіла дзеля любові і ў імя любові. Калі б я наступіла тады сама сабе на горла, то жыццё маё было б тады іншым, няшчасным, хаця, мажліва, і больш лёгкім».

Таня прапанавала Андрэю вянчацца. Андрэй жа ставіўся да гэтага скептычна, бо не прызнаваў тагачасную моду на вянчанне, а пасля яго — моду на разводы. Але нарэшце яны павянчаліся, амаль праз год пасля знаёмства.

Іх сямейнае жыццё заўжды складалася з пошукаў праўды, кампрамісу і ў распальванні любові адно да аднаго, пераадольвання крызісаў, якіх праз стомленасць і непаразуменне было нямала…

Акрамя таго Мікалаевы адзінаццаць гадоў пражылі ў адной кватэры з бацькамі Андрэя. Таццяна ўзгадвае гэты перыяд з неахвотай.

У цяжкія моманты Андрэй заўсёды нагадваў сабе пра вянчанне. Калі Таццяна не вытрымлівала і на эмацыйным узроўні ўжо хацела разводзіцца, Андрэй ведаў, што ён вытрымае, бо яны кахаюць адзін аднаго і далі абяцанне Богу: «Калі няма канфліктаў у сямейным жыцці, то магу сказаць, што паміж сужонкамі альбо няма адносінаў, альбо яны проста не жывуць побач. А на адлегласці заўжды добра кахаецца».

Таццяне ж доўгі час падавалася, што Андрэй яе не кахае: «Я часта казала: «Усё! Разводзімся!». Мне проста было балюча ад таго, што думала: ён не кахае мяне. Бо так часта падавалася, што столькі гадоў пражыла з чалавекам, а ён мяне не кахае... Прынамсі, мне падалася, што ён так сябе паводзіць. І мне гэта не падабалася. Прайшло шмат гадоў, пакуль мы навучыліся давяраць адно аднаму».

«А мне можа быць таксама не падабаецца, калі са мной пастаянна разводзяцца! Я ж таксама магу сказаць, што мяне не кахаюць!» — выпаліў Андрэй.

Падчас нашай размовы Андрэй часта спаўзаў з крэсла і прасіў Таццяну яго падцягнуць. Тады худзенькая і маленькая Таццяна падыходзіла да мужа, брала яго пад рукі і ўмомант падцягвала. І вось яны зноў сядзяць побач і ўсміхаюцца…

Даглядаць за Андрэем Таццяна навучылася не адразу. Было цяжка і фізічна і, канечне ж, маральна. Але, як кажа жанчына, яна проста ўяўляе, што сама ляжыць у ложку і не можа падняцца: «Я заўжды думаю: як можна зрабіць так, каб мне было лягчэй?».

Сэнс жыцця і беларускасць

Андрэй не адзін раз за размову паўтараў: «Быў час, за які я не магу ганарыцца за свае перакананні. За захапленне «саветчынай» і «расейшчынай». За жаданне ісці ваяваць у гарачую кропку».

Але перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года Андрэй стаў цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне. Паступова ён стаў захапляцца нашай гісторыяй і размаўляць па-беларуску, вярнуўся да каталіцтва. А пасля падзей на ва Украіне, стаў дапамагаць украінцам праз малітву і «Вайсковую місію Цудоўнага медаліка ва Украіне».

Андрэй перакананы, што наша жыццё мае свае прыступкі: «Калі ты прайшоў сам праз такі савецкі ўклад жыцця, то пачынаеш разумець іншы бок, які зараз вядзе інфармацыйную вайну і прапаганду. І толькі дзякуючы Божай ласцы, я зараз сам не такі».

Таццяна заўжды падтрымлівала мужа. А пра тыя вершы, якія ён прысвячаў расійскім памежнікам, яна кажа так: «Ён быў ваяром справядлівасці. Ён заўжды шукаў праўды і дабра. І на той момант ён мог увасабляць свае пошукі такім чынам».

А ў 2010 годзе, калі «Белсат» здымаў кароткаметражны фільм пра скачок Андрэя з парашутам, разам з інструктарам скокнула і Таццяна.

Таццяна, хто для вас муж? — запытала я.

Гэта самы дарагі мне чалавек, — не задумваючыся адказала жанчына.

Яна сэнс майго існавання на гэтай зямлі, — тут жа адказвае Андрэй. — Менавіта разуменне таго, што я патрэбны шмат у чым Тані, дае мне сілы. Я патрэбны ёй зараз асабліва, бо яна згубіла працу і страціла здароўе. Хочацца пабыць з ёй тут паболей…

Яны — тыя, хто ніколі не ходзіць паасобку. Яны трымаюцца адзін за аднаго, каб выжыць. Таму вельмі хочацца, каб у гэтай маленькай аднапакаёвай кватэры заўжды валадарылі спакой і любоў.

Фота Юліі Янюк-Казлоўскай

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: