Шэсць гадоў таму на Майдане загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі

Справа аб яго забойствеі дасюль не расследаваная.
Міхаіл Жызнеўскі разам з Сяргеем Нігаянам і Раманам Сенікам стаў адной з першых ахвяраў падчас украінскай Рэвалюцыі Годнасці. 22 студзеня 2014-га на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ён быў забіты падчас супрацьстаяння паміж дэманстрантамі і сілавікамі. Дагэтуль невядома, хто зрабіў той стрэл — куля трапіла ў сэрца Жызнеўскага. Ён не дажыў чатыры дні да свайго 26-годдзя.

Пракурор Офіса генеральнага пракурора Украіны Аляксей Данской канстатуе, што па стане на сёння забойства удзельнікаў Рэвалюцыі Годнасці не раскрытыя, перадае УНІАН.

«Першай ахвярай быў Юрый Вярбіцкі, і ў той жа дзень, 22 студзеня, былі забітыя Нігаян, Жызнеўскі, Сенік. На жаль, гэтыя тры забойствы, на сённяшні дзень не раскрытыя», — сказаў Данской.

Ён нагадаў, што на сённяшні дзень адносна падзей студзеня 2014 года ў цэнтры Кіева аб падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў абвешчана чатыром былым чыноўнікам, 16 былым супрацоўнікам расфармаванага спецпадраздзялення «Беркут» і 26 цывільным асобам, так званым «цітушкам».

Беларусу Міхаілу Жызнеўскаму нададзена званне Героя Украіны з уручэннем ордэна «Залатая Зорка» (13 чэрвеня 2017, пасмяротна) — за асабістую мужнасць і гераічнае адстойванне прынцыпаў дэмакратыі, правоў і свабод чалавека, самаадданае служэнне ўкраінскаму народу, выяўленыя падчас Рэвалюцыі Годнасці.

Пахаваны ён на радзіме, у вёсцы Сцяг Працы на Гомельшчыне.

Штогод у гадавіну смерці Жызнеўскага яго магілу наведваюць актывісты дэмакратычных рухаў. Сёлета таксама з ініцыятывы Руха салідарнасці «Разам» адбылася выправа да месца пахавання Міхаіла Жызнеўскага.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: