«Шкада нават * * * * * * [біць] цябе, можа што зламаецца»

24-гадовага мінскага праграміста Андрэя Краснікава затрымалі падчас "Маршу народаўладдзя" 8 лістапада. Адседзеўшы 10 сутак у Жодзіне, Краснікаў распавёў "Медыязоне", як у ізалятары здзекуюцца з людзей, прымушаючы іх кукарэкаць, прысядаць галышом і адначасова спяваць гімн Беларусі. І тым, чым праславіўся Міша-Балаклаўшчык, якога затрыманыя ўжо ведаюць па голасе.

Андрэй Краснікаў. Фота: асабістая старонка ў Instagram

Андрэй Краснікаў. Фота: асабістая старонка ў Instagram




Затрымалі мяне каля гандлёвага цэнтра "Галерэя" 8 лістапада дзесьці а 12:50 — на той момант там нават натоўпа не было. Так, невялікія групы людзей. Я ўвогуле з бабуляй у гэты час размаўляў, не падышоў нават да той групы. Да мяне проста падышлі са спіны і ўсё, "пройдзем".

Саджалі мяне спачатку ў аўтазак, потым не хацелі пускаць — перапоўнены, пасадзілі ў бус. У бусе пакуль сядзеў, паспеў патэлефанаваць сябру, сказаць, што я затрыманы. Потым зноў мяне пасадзілі ў аўтазак. Мы там доўга стаялі, чакалі, пакуль ён набярэцца, потым нас усё ж завезлі ў Цэнтральны РУУС. Там нас было даволі шмат, мне склалі пратакол, я ў ім, натуральна, распавёў усё, як было — што ў мяне няма ніякай сімволікі, што ні ў якім маршы я не ўдзельнічаў, таму што там і маршу на той момант не было, што я проста размаўляў з бабуляй.

Я там паказаў нумар адваката, каб з ім звязаліся — потым з ім не звязаліся, усё роўна без адваката быў на судзе.

Прымацавалі да пратаколу рапарт міліцыянта — нейкі Іваноў Іван Іванавіч. Гэты рапарт складзены на аснове майго пратаколу, гэта значыць там выкарыстаны тыя ж адрасы, тыя ж прамежкі часу, толькі напісана, што я ў гэты прамежак часу не проста ішоў адзін, а ішоў у складзе калоны. Там напісана, што я не выкрыкваў, вядома, лозунгаў, нічога пры сабе не меў, ніякай сімволікі, але сказана, што ішоў у складзе калоны — калоны ніякай не было, гэта ўсё хлусня.

Мне трапіўся нейкі больш-менш адэкватны мент, які складаў пратакол. Я яму кажу: "Слухай, я ведаю, што ўсе гэтыя псеўданімы незаконныя". Ён кажа: "Ды я ведаю. Ну, хочаш, у пратаколе напішы". Ён мне падказаў, як гэта сфармуляваць, але толку ад гэтага пакуль што ніякага. Можа быць, калі гэтыя ўсе справы будуць пераглядацца пры новай уладзе, гэта нешта дасць, я спадзяюся.

У РУУС практычна ўсе мянты ў балаклавах альбо ў медыцынскіх масках. То-бок усё, акрамя некаторых, хаваюць асобы. Каля ўваходу ля кожнага кабінета вісіць таблічка: што за кабінет і спіс супрацоўнікаў, якія там [працуюць]. І з гэтых таблічак выцягнутыя паперкі са спісамі супрацоўнікаў — гэта значыць усюды прозвішчы прыбраныя, каб ніхто не бачыў, дзе якія супрацоўнікі сядзяць.

Там адкаталі адбіткі пальцаў і вадзілі да следака, ён браў нейкую тлумачальную або папярэджанне, я не памятаю. Там пыталіся, як часта я ўдзельнічаю ў акцыях, у перакрыцці дарог. Я на гэта адмовіўся адказваць, спаслаўшыся на 27-ы артыкул. Забыўся ўжо, якая мэта ў гэтай тлумачальнай была, яна на мяне ніякай адказнасці не накладае, натуральна. Я думаю, [хацелі] проста папалохаць, і ўзяцце адбіткаў — таксама, каб папалохаць.

У нас забралі тэлефоны — іх не проста забралі, як звычайна, а наклалі на іх арышт. То-бок, каб атрымаць іх назад, трэба аплаціць вось гэтыя штрафы, суткі... Пакуль не аплаціць — не аддадуць. Я думаў, гэта новая практыка, але, аказваецца, яны так ужо нейкі працяглы час робяць. У каго ключы [ад аўтамабіля] знаходзілі — на ключы арышт накладвалі.

Потым нас павезлі ў Жодзіна. Там у аўтазаку [на падлозе] быў пасланы такі БЧБ вялікі, там па ім трэба было абавязкова прайсціся. Нас закрывалі ў стаканы — мы што з Маршу ў РУУС, што з РУУС у Жодзіна ехалі ў перапоўненым [аўтазаку]. Там у стакане зачынена больш, чым прадугледжана. Калі ехалі ў Жодзіне, было два сядзячых месцы, а запіхвалі па тры чалавекі. Калі ехалі ў РУУС, было тры сядзячыя месцы — запіхвалі па пяць чалавек.

Міша-Балаклаўшчык і здзекі ў Жодзіна

Калі прыехалі ў Жодзіна, там ужо пачалі па-іншаму размаўляць — там яны ўвесь час гарлапаняць. Там ёсць нейкія тунэлі падвальныя, катакомбы, паміж карпусамі, напэўна. Нас прымушалі сагнуцца на 90 градусаў і вось так вось бегчы. Увесь час пры гэтым білі дубінкамі па спіне, тыпу: "Ніжэй сагнуцца! Хутчэй бегчы!". Гэта значыць на чале чалавек, які там пастаянна гарлапаніць, б'е і там яшчэ ззаду [адзін супрацоўнік], які глядзіць, каб не адставалі, і перыядычна ўсім па спіне праходзіцца дубінкай. Там асабліва хутка не пабяжыш, таму што перад табой людзі, ды і не відаць ні хрэна.

Білі не балюча. Гэта значыць пээрам (дручком — рэд.) прылятала, але яны білі не так, каб вось прям збіць, а [хутчэй] зневажальны момант каб быў.

Пасля таго, як прыгналі ў корпус, прымушалі таксама стаяць, сагнуўшыся на 90 градусаў, і рукі трэба было пакласці на краты далонямі ўверх. Вось гэтая вось рашотка ўпіваецца ў рукі, таму што ты часткова абапіраешся вагой на далоні. Гэта значыць далонямі ўніз яшчэ нармальна — ты мяккімі падушачкамі трымаешся за краты, а вось уверх — яно ўпіваецца ў косткі.

Там нам яшчэ падсечкі перыядычна рабілі, каб мы падалі — я неяк выстаяў. Нагамі яшчэ білі, калі заганялі. Балюча не было, але некаторых людзей, якія там глядзелі па баках, даволі моцна пабілі. Я не ведаю, ці ёсць у іх сляды [збіцця], але мне адзін скардзіўся, што яму ў грудзі зарадзілі з нагі вельмі балюча.

Там пакойчык ёсць, у якім ты распранаешся дагала, і ўсе твае рэчы ператрэсваюць, каб ты нічога з сабой не пранёс. Заходзіш, ён такі: "Дзесяць секунд ёсць [каб] распрануцца!" — і пачынае адлік. Не паспеў —атрымліваеш дручком. Натуральна, за дзесяць секунд не паспяваеш цалкам распрануцца — там таксама атрымаў. [Усяго] каля дзесяці разоў атрымаў дубінкай, нагой — усіх гэтых удараў. У асноўным білі па спіне, ну і нагой зрабілі падсечку.

Там ёсць адзін чувак, які прям з вялікім задавальненнем гэта робіць. Сукамернікі кажуць, што гэта нейкі Міша-Балаклаўшчык, ён там ёсць на "Карніках Беларусі". З задавальненнем падыходзіць да сваёй працы, ну і адрываецца там на ўсю катушку. Ён кшталту там нейкая легендарная асоба, яго ўжо ўсе пазнаюць па голасу, па звычках. Дарэчы, кажуць, калі ён без балаклавы, ён не такі борзы.

Пакуль яны абшукваюць твае рэчы, ты павінен голым прысядаць і спяваць гімн Беларусі. Чувак адзін, які з намі ў камеры быў, яму таксама кажуць: "Давай, спявай гімн Беларусі" А ён чагосьці разгубіўся і такі: "Гімн Беларусі?... "Жыве Беларусь"?…». Яны яго як пачалі там біць... але быццам нармальна, жывы.

Я гімн Беларусі ведаю, мяне за яго не білі. Я яшчэ і худы вельмі, мент казаў "Шкада нават * * * * * * [біць] цябе, можа што зламаецца".

Было некалькі хваляў прывозу [затрыманых]. Я быў прыкладна ў другой хвалі, мяркуючы па напаўненні камер. Я ведаю, што людзей, якіх прывезлі ў гэтую нядзелю ў першую хвалю, не білі наогул. Гэта значыць, гэты калідор, які мы, сагнуўшыся, праходзілі, яны проста прабеглі, і іх там не чапалі ні палкай, ні нагамі наогул, і гімн яны таксама не спявалі. А вось чым далей, тым [больш] мянты зверствавалі.

[Людзі з наступнай партыі затрыманых] кажуць, што па гэтым падвальным калідоры распылілі пярцовы газ, каб яны там задыхаліся — і паўзлі яны гуськом на карачках. Казалі, што * * * * * * [жесць], ледзь не абляваліся і вельмі жорстка ўсё было, і * * * * * * * [білі] мацней. Падобна на тое, што чым далей хваля, тым больш здзекаваліся, таму што мы ўсю ноч чулі, як там людзей б'юць, як кукарэкаць іх прымушалі. Ну, здзекаваліся, пачвары.

Суд і суткі

Начавалі мы ў колькасці 13 чалавек у васьмімеснай камеры, [нам] не давалі ніякіх матрацаў. Спаць на гэтых жалязяках — там такія жалезныя рашоткі на ложку — вельмі балюча, яно ўсё ўпіваецца ў скуру.

Нас узялі раніцай, да вечара ніхто не карміў. На наступны дзень нас таксама ўвесь дзень не кармілі, правялі суды. На судзе казаў, што выкарыстоўваць гэтыя псеўданімы незаконна, [суддзя] кажа, што ў рапарце паказаны валідны нумар ІНАЎ або УНН — не памятаю — і вось яна палічыла, што раз асабісты нумар ёсць, значыць, гэта ні хрэна не псеўданім.
Андрэй Краснікаў. Фота: асабістая старонка ў Instagram

Андрэй Краснікаў. Фота: асабістая старонка ў Instagram




Адваката мне не далі. Прыйшлося пагадзіцца [на пасяджэнне] без адваката, таму што я баяўся, што нас будуць альбо біць, альбо ў нейкай позе нязручнай будуць трымаць. Мы ж усю ноч не спалі — там святло пастаянна ярка свеціць, з ім цяжка заснуць, тым больш на гэтых ложках. Яшчэ і людзей больш, чым ложкаў. Даводзілася ў нязручных позах спаць на лавах, або седзячы на ложках, па некалькі чалавек. Раніцай нам сказалі, што на ложках сядзець нельга, на лавах — таксама. Мне далі 10 сутак.

Потым асуджаных перавялі ў іншы корпус. Там таксама беглі адзін за адным у гэтых позах дурных. Ён здзекаваўся, стварэнне, вось гэты Балаклаўшчык ****** [даставучы]. Такі: "Я вам сказаў рукі назад трымаць! Калі вы не разумееце, значыць, будзеце адзін за адным хадзіць». Адзінае — ён дазволіў дзяўчыне ісці нармальна.

Потым яны нас у іншым корпусе пакінулі ля сцяны сядзець на карачках, хвілін пятнаццаць сядзелі, пакуль баландэр не развёз усім ежу — толькі пасля гэтага нас запусцілі ў камеру, дзе мы ўпершыню паелі. Гэта значыць нас затрымалі 8 чысла раніцай, а паеў я на наступны дзень вечарам, і то гэта не нас пакармілі, а з перадачак печывам падзяліліся астатнія зняволеныя. А турэмнай ежай нас пакармілі толькі раніцой.

Пасля гэтага нас не чапалі, [хіба што] нельга было сядзець і ляжаць на ложках — толькі на лаўцы. У васьмімеснай камеры на лаўку змяшчаецца шэсць чалавек, гэта значыць двое павінны ўвесь час хадзіць, на сцены абапірацца. У камерах не выключалася ніколі святло. Я з-за гэтага калі ноччу прачынаўся, вельмі доўга заснуць не мог. Часу на сон даецца з 22:00 да 6:00, пры гэтым яны часам не даюць адбой, зацягваюць адмыслова. Гэта значыць ты адчуваеш, што ўжо адбой, і ты павінен пачуць, як канваір міма праходзіць, каб спытаць. Ён кажа: "Так, даўно ўжо". Гэта значыць ты страціў ужо некалькі гадзін сну з гэтых васьмі, за якія і так не высыпаешся.

За ўвесь час мяне адзін раз выводзілі на шпацыр. У душ нас не пускалі ні разу. Пасцельную бялізну выдалі толькі дзень на пяты. Гэта значыць быў матрац, коўдра, але без прасцін і навалачак. Быў кран з гарачай вадой — ну як з гарачай, яна, хутчэй, была не ледзяная. Была ледзяная і не ледзяная.

Там радыё ёсць, яны пастаянна днём ўключалі, але ў іх ці тое флешка свая, ці то што — са сваёй музыкай. І там вось падборка гэтых песень пра Беларусь, там "Каханую не аддаюць", "Бела-Беларусь, мілая мая" — вось гэтыя вось усе песні пра "слухай бацьку", песні пра Лукашэнку дэбільныя. Тыпу, як ён пачынае спяваць —заціхаюць салаўі, усё вось гэтае трызненне ванітоўнае.

Карацей, яны спачатку вось гэта вось круцілі-круцілі, а потым мяне перавялі ў іншую камеру — яна бліжэй да месца, дзе сядзяць канваіры, і часам чуваць, пра што яны размаўляюць. Канваіры, калі нам уключаюць радыё, я так разумею, у іх яно таксама грае. І яны могуць нам адключыць, але сабе адключыць, напэўна, не могуць. Гэта значыць ім уся гэтая музыка чутная. Дзесьці дзень на сёмы, напэўна, хтосьці з іх уключае гэты плэйліст, і там адзін канваір: «Выключы гэтую ***** [глупства], я ўжо не магу гэта слухаць». Карацей, гэта такое ж катаванне для іх, як і для нас.

[Сярод затрыманых] вельмі шмат праграмістаў. У камеры на 23 чалавекі іх было шасцёра. У канцы я быў у камеры з чатырох чалавек — мы ўсе чацвёра былі праграмістамі. Самы пратэстуючы клас грамадства. Там яшчэ мянты такія пастаянна: «Якая ў цябе зарплата?». Ну, ён кажа, што ў яго там пару тысяч даляраў. [Супрацоўнік ізалятара] яму: "А ведаеш, якая ў мяне? Тысяча рублёў, і я ж не скарджуся". Гэта значыць, яны чамусьці ўсе грашыма мераюць, яны нават не разумеюць, што людзі выходзяць на мітынгі не за павышэнне заробкаў, а таму што людзей збіваюць, гвалцяць, забіваюць. Ім вось гэта неяк недаступна наогул.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: