Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Шклоў, які ламае стэрэатыпы: чым здзівіла малая радзіма Лукашэнкі

З большасцю стэрэатыпаў давялося развітацца.
Сёлета мне ўпершыню давялося пабываць у Шклоўскім раёне. Прызнаюся, што да той вандроўкі я меў даволі стэрэатыпнае ўяўленне наконт радзімы Аляксандра Лукашэнкі. У выніку з большасцю стэрэатыпаў давялося развітацца.

Мова і георгіеўскія стужкі

Універсам у Шклове аздоблены выявамі беларускіх асветнікаў

На вуліцах Шклова беларускай мовы ці не больш, чым у тым жа Наваградку. Назвы вуліц прадубляваныя на дзвюх дзяржаўных мовах. Па-беларуску аформлены стэнды на сцяне райвыканкама, многія шыльды крамаў.

За два няпоўныя дні, праведзеныя ў Шклоўскім раёне, на вочы мне трапілася ўсяго некалькі аўтамабіляў, упрыгожаных георгіеўскай стужкай. У Заслаўі, як і ў Карэлічах з Белаазёрскам, дзе бываю досыць рэгулярна, колькасць такіх аўто ідзе на дзясяткі, многія кіроўцы чапляюць побач расійскі трыкалор.

Людзі

Як для журналіста, прыемна здзівілі людзі — адкрытыя, гаваркія. За ўсю паездку ні адзін чалавек не адмовіўся адказаць на пытанні, большасць пры гэтым не асабліва цікавіліся, з кім размаўляюць. Моцны кантраст на фоне вялікіх гарадоў, дзе далёка не кожны мінак спыніцца, каб адказаць на пытанне.

Многія з суразмоўцаў крытыкавалі ўладу, але гаворка ішла пра мясцовых начальнікаў.

Ні адзін з землякоў Лукашэнкi не выказаўся пра яго негатыўна. Як правіла, людзі распавядалі пра часы, калі ён працаваў у Шклоўскім раёне. У сваіх гісторыях яны апісваюць Лукашэнку як прыхільніка дысцыпліны, строгага, але справядлівага кіраўніка.

Мары пра краіну замкаў?


У Александрыі можна сустрэць сучасныя будынкi, стылізаваныя пад замкі. Натуральна, падабенства даволі ўмоўнае. Але пасля наведвання свежых рэканструкцый драўляных вежаў на гарадзішчы ў Копысі, яшчэ больш пачынаеш задумвацца пра глыбінныя прычыны з’яўлення падобных узораў архітэктуры.

Крызісам па пацёмкінскіх калгасах

З размовы з мясцовымі жыхарамі вымалявалася досыць нечаканая карціна. Нават супрацоўнікі аблашчанага ўладамі і дзяржсубсідыямі акцыянернага таварыства «Гарадзец» скардзіліся на малыя заробкі. Тут зайздросцяць супрацоўнікам холдынга «Александрыйскае», але і пра яго можна сёння пачуць самыя розныя водгукі.  

Крызіс ударыў па ўсім. І можна толькі ўявіць, што адбываецца ў простых гаспадарках, калі ў «прэзідэнцкіх» калгасах пачалі наракаць на заробкі.

Увогуле, адно з самых моцных уражанняў ад Шклоўшчыны — гэта прорва паміж багатымі і беднымі гаспадаркамі. У Александрыі і Копысі ляжыць раўнюткі асфальт, у Малых Славенях — грунтоўка, яма на яміне.

Чаму варта наведаць Шклоў

Па-першае, тут вельмі маляўнічыя краявіды. Мясцовыя лясістыя пагоркі і Дняпро вы будзеце памятаць яшчэ доўга. Я зладзіў невялікі эксперымент на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, апублікаваўшы фота Малой Зарэчнай вуліцы ў Шклове з подпісам «Адгадайце краіну па фота».

Беларусь назвалі некалькі чалавек, але ў якасці варыянтаў былі Сербія, Чарнагорыя, Украіна, Малдова. Румынія, Славакія і Літва.

Па-другое, Шклоў — гэта мноства дэталяў. Ад флюгера-пеўніка на фоне мясцовай царквы, да драўляных брамаў і аканіцаў. Не кажучы ўжо пра мясцовую ратушу.

Сямён Печанко, gazetaby.com

Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2017-08-09 14:20:56
Шклоў - сталіца радзімы першага прэзідэнта.

Каментаваць