Шлях да новай Беларусі або чаму я не буду галасаваць за Лукашэнку

Быў час, калі я падтрымліваў дзеючую ўладу. Рабіў гэта, у тым ліку і пад уплывам свайго бацькі, чалавека вайсковага, былога міліцыянта, які па сёння стаіць на баку дзеючага кіраўніка Беларусі. Аднак гэта не значыць, што ў мяне не было ўласнага меркавання. Я сапраўды верыў, што ўладу трымаюць «крепкие хозяйственники», а гістарычная палітыка краіны развіваецца ў правільным кірунку.

Маё меркаванне змянілася ў 2010 годзе, калі я стаў назіраць за тым, што на старонках дзяржаўных выданняў, а таксама на кафедрах беларускіх вышэйшых навучальных устаноў пачалі актыўна выступаць адэпты неазаходнерусізму. Усе гэтыя шыпценкі, шымавы, малішэўскія, ды іншыя гронскія прасоўвалі ідэі расійскіх імперскіх гісторыкаў XIX ст. і ўводзілі ў вушы чытачоў і навучэнцаў ідэю пра тое, што Беларусь — частка Расіі, а яе мінуўшчына сапсаваная нацыяналістамі, ворагамі дзеючай улады.

«Э, так не павінна быць. Трэба ж падказаць уладам, што не з тымі яны "сябруюць"», — наіўна разважаў я. Але хутка зразумеў, што сама беларуская дзяржаўная ідэалогія прасякнутая гэтым заходнерускім духам, да якога дададзена значная порцыя «саўковасці».  

Мае першае жорсткае сутыкненне з рэчаіснасцю адбылося восенню 2014 года, калі я паспрабаваў адкрыць у Заслаўі выставу з маёй прыватнай калекцыі «Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.», прысвечаную гісторыі даваенных Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай і ўдзелу беларусаў у складзе Войска Польскага ў барацьбе супраць нацызму ў верасні 1939 года. Зразумела, асобны раздзел на выставе быў прысвечаны падзеям 17 верасня 1939 года. Як вядома, тэма гэтая для беларускіх дзяржаўных ідэолагаў неўралгічная. За дзень да адкрыцця мне патэлефанавалі з Музея-запаведніка ў Заслаўі і адзначылі, што абласны начальнік ідэалагічнага ўпраўлення лічыць немэтазгодным працу выставы, бо тая «ставіць пад пытанне ролю СССР у Другой сусветнай вайны». «Але ж яна расказвае пра гераізм беларусаў, якія змагаліся супраць нацызму», — спрабаваў я дагрукацца да розуму чыноўнікаў. Куды там, выставу закрылі.

Праз два гады я ўсё ж зрабіў выставу пра беларусаў у Войску Польскім у 1939-1945 гг. Праўда, пры падтрымцы Амбасады Польшчы ў Беларусі. На адкрыццё ў Нацыянальны гістарычны музеі Беларусі прыйшлі сотні людзей, што сведчыла пра тое, што беларускае грамадства жадае ведаць гістарычную праўду. Потым была выстава «Беларусы ў Другім польскім корпусе», якую «дазволілі» адчыніць у Музеі Вялікай Айчыннай вайны. І там быў аншлаг.

Я паверыў, што не ўсё згублена. Аднак хутка даведаўся, што «Белкніга» не жадае браць на рэалізацыю мае кнігі, а афіцыйныя ідэолагі мяне запісалі ў «польскія агенты». Ды ладна, бывае, думаў я. Буду працаваць для Беларусі. Пісаў артыкулы, кнігі, спрабаваў прасунуць выставы ды іншыя праекты. Пры гэтым увесь час чуў ад сваіх знаёмых, што пра мяне «наводзяць даведкі» і пытаюць, «ці ён наш». Паралельна некаторыя дзяржаўныя ідэолагі раілі мне «з’язжаць у Польшчу» і «не баламуціць народ», але я рабіў сваю справу. І бачыў, у тым ліку, пазітыўны «фідбэк» — поўныя залы на прэзентацыях кніг і выстаў ды натоўпы людзей, якія прыходзілі на мае экскурсіі і шпацыры.

Паралельна я не спыняў спроб дагрукацца да дзяржавы па сродках фільмаў з серыі «Зваротны адлік» на АНТ, праз шматлікія звароты ў дзяржустановы з прапановай зрабіць лекцыі ці прэзентацыі выстаў па гісторыі Другой сусветнай вайны. Але рэакцыя на мае прапановы была адмоўнай. Усё часцей і часцей я чуў: «ён не наш, таму супрацоўнічаць не будзем».

Час ішоў, а з ім і ключавыя ў гісторыі Беларусі даты. Сто гадоў БНР дзяржава паспрабавала «не заўважыць», а калі за справу ўзяліся апантанныя беларушчынай людзі, чыноўнікі ўсімі спосабамі спрабавалі перашкодзіць беларусам з павагай адзначыць гэты важны для Беларусі юбілей. «Шыльда» на доме па Валадарскага «замінала» праўладным таварышам, экскурсіі таксама суправаджаліся «супрацоўнікамі з камерай». Пры гэтым з кожны дзяржаўны рупар імкнуўся данесці ідэю пра тое, што «дэструктыўныя сілы» ды «так званая» апазіцыя, ці «пяцікалоннікі» імкнуцца раскалоць грамадства.

Нават павярхоўны аналіз сітуацыі ў Беларусі дазваляе зрабіць выснову, што гэта сама ўлада зрабіла ўсё, каб такі раскол з’явіўся і паглыбляўся. Раптам беларусы падзяліліся на «актыў» і «нацмэнаў», на тых, хто носіць «няправільныя сцягі», і «дзяржаўнікаў». Лес рубяць — трэскі ляцяць. Гісторыя нашай краіны была падзеленая на правільную, і няправільную. Да першай — з падачы з самага верху — аднеслі перыяд БССР, нейкія фрагменты старажытнасці і падзеі пасля 1994 года, а вось да другой — сюжэты, звязаныя з БНР ды міжваенным ці «польскім» часам. Што тычыцца гісторыі Другой сусветнай вайны, то і там ёсць правільныя тэмы (савецкі партызанскі рух, трагедыя і гераізм 1941-га, вызваленне 1944 года) і не зусім правільныя (акупацыя і калабарацыя, злачынствы савецкіх партызан, гандаль тэрыторыямі Беларусі ў 1939–1945 гг., удзел беларусаў у барацьбе супраць Трэцяга Рэйху ў вайсковых фарміраваннях заходніх хаўруснікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі).

1 верасня 2019 года ўвесь свет згадаў 80-ю гадавіну з моманту пачатку Другой сусветнай вайны. Але афіцыйная Беларусь, як звычайна, «прамаўчала». Бо гэта — не іх дата, бо наперадзе сапраўдныя, савецкія «вехі вайны»…

Ні ў адной еўрапейскай краіне няма такой жорсткай канфрантацыі пры разглядзе нацыянальнай гісторыі. Так, ёсць пазітыўныя і адмоўныя моманты айчыннай мінуўшчыны, але апошнія ніхто не замоўчвае, не абяляе, не забывае. І самае галоўнае — не забараняе вывучаць. Аднак у краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, ёсць гістарычныя тэмы, якія «табуяваны» дзяржаўнай ідэалогіяй. Гэта ў Беларусі мастаку, аўтару кнігі па гісторыі вайсковай уніформы пагражаюць забраць вайсковую пенсію і «травяць» у дзяржаўных СМІ. Гэта ў «Блакітнавокай» могуць звольніць журналіста з дзяржаўных СМІ за тое, што ён уключыў у сюжэт «непажаданага» грамадскага дзеяча. У нашых еўрапейскіх суседзяў па гістарычных тэмах могуць спрачацца даследчык ці прадстаўнікі розных грамадскіх плыняў, але «забароненых» тэмаў там няма. І толькі ў Беларусі ёсць «непажаданыя» гістарычныя сюжэты, пра якія не трэба здымаць фільмы, рабіць выставы, пісаць кнігі.

Дарэчы, пра выданне гістарычных манаграфій. Тое, што беларуская дзяржава не будзе фінансаваць публікацыю маіх кніг, прысвечаных падзеям верасня 1939 года ў Беларусі, службе нашых суайчыннікаў у польскім войску ці распавядаючых пра гісторыю даваеннай савецка-польскай мяжы, я зразумеў адразу. На дапамогу прыйшоў краўдфандынг. Пры падтрымцы звычайных людзей і пляцоўкі па збору сродкаў «Вулей» я выдаў тры, лічу, шыкоўныя кнігі, якія выклікалі цікавасць як на Радзіме, так і за мяжой. Але добрыя ініцыятывы ў нашай краіне не вітаюцца.

 У 2020 годзе беларуская дзяржава вырашыла знішчыць «Вулей», бо пляцоўка нібыта дапамагала «легалізаваць даходы, атрыманыя злачынным шляхам». За час існавання гэтай ініцыятывы з яе дапамогай убачылі свет дзясяткі выданняў, якія ствараюць падмурак сучаснай айчыннай гістарыяграфіі. Гэтыя кнігі патрэбны беларусам, бо наш народ і так мае праблемы з вывучэннем беларускай мінуўшчыны. Але беларуская дзяржава не хоча ліквідаваць «белыя плямы» айчыннай мінуўшчыны. Больш таго, незалежныя гісторыкі і грамадскія дзеячы часцей за ўсё разглядаюцца чыноўнікамі як «ворагі сістэмы».

Падсумоўваючы ўсё, сказанае вышэй,  адзначу: беларусам трэба рабіць крок у будучыню. Мы павінны развітацца з «БССР 2.0» і пачаць будаваць новую Беларусь, дзе шануюць нацыянальную, мову, культуру, айчынную мінуўшчыну. У нашых польскіх суседзяў ёсць выдатная ўстанова — Інстытут нацыянальнай памяці, у структуры якога ёсць Камісія пераследу злачынстваў, здзейсненых супраць польскага народа. Я хачу, каб у Беларусі з’явіўся свой ІПН і такая ж камісія, якая будзе вывучаць усе месцы і абставіны, звязаныя са злачынствамі супраць беларускага народа. Пры гэтым беларусы ўрэшце перастануць дзяліць катаў на сваіх і чужых, а уласную гісторыю будуць разглядаць з нацыянальных пазіцый.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: