Шлях да Беларусі

Наш чытач, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мінаў, распавёў пра свой шлях да беларушчыны і падзяліўся меркаваннем наконт таго, што можа зрабіць з тутэйшага жыхара беларуса і патрыёта. 

Той, хто ведае мяне цяпер, наўрад ці паверыць — я й сам ужо б не паверыў — але ў пятым, здаецца, класе я, малы, няўрымслівы смаркач, упарта й адчайна спрачаўся з настаўніцай на тэму мовы. Спрачаўся не, як то часцяком бывае ў такім узросце, дзеля сваркі, а сапраўды шукаючы ісціну і здаровы сэнс: «Нашто мы вытрачаем час на тую беларускую мову, ёсць жа расійская — усе цудоўна разумеем адно аднаго? Лепей бы вывучалі матэматыку ці яшчэ што карыснае...»

Не памятаю, што яна тады мне адказала (услухвацца ў кожнае слова настаўніцы беларускай мовы я пачаў пазней). Нават не магу ўзгадаць, што ў такім выпадку ўжо ўласным вучням штогод адказваю сам. Напэўна, няма ўніверсальнага тут адказу ані вучням, ані мінакам на абрыдлае пытанне «А почему по-белорусски?» Ведаеш, што пачуеш яго яшчэ не раз і не дзесяць, але адказу ніяк не падрыхтуеш — кожны раз выходзіць з падсвядомасці нешта само, ды настолькі само, што й у памяці не адкладваецца. Ды хіба хто слухае гэты адказ? Сумнеўна. Кожнаму ён прыходзіць сам, але прыходзіць грунтоўна, няўхісна. Таму не ў беларуса пытайце, чаму ён па-свойму гаворыць, а ў сябе. Больш карысці будзе.

Памятаю, як у класе восьмым ці дзявятым (насамрэч позна) я пачаў размаўляць па-беларуску: з бацькамі, у школе, з сябрамі — несамавіта, крыва (то хутчэй трасянка была), але пачаў. Чаму? Зараз хочацца сказаць: проста так, ні з чаго. Але ж, напэўна, так не бывае, каб ні з чаго. Хутчэй з усяго: накапілася-назапасілася. Найбольш сакавіты ўспамін з таго часу — як бег я ў ложак і намагаўся хутчэй заснуць (спаць, а тым болей засынаць не любіў: столькі ж цікавага вакол!), каб найхутчэй прачнуцца, выйсці ў людзі і гаварыць, гаварыць, памыляцца, шукаць нешта ў слоўніку, гаварыць, гаварыць. Тады, мне здавалася, адчуваў мову фізічна, як нешта матэрыяльнае. Зараз, вядома, ужо такой асалоды не атрымліваю: проста штодзённасць. Мяне болей турбуе не тое, што людзі вакол яшчэ не дайшлі да гэтага, а чаму так позна дайшоў я.

Мне пашчасціла гадавацца ў адэкватнай сям'і — паталагічнае непрыняцце так званага прэзідэнта і ўсяго, што з ім звязана, да мяне прыйшло разам са свядомасцю, з матчыным, як кажуць, малаком. Прытым заўсёды па-добраму зайздросціў шчасліўцам з нацыянальна-арыентаваных сем'яў, якія ў гэтым усім з нараджэння, якія з садка ведалі тое, што я потым пільна вышукваў у інтэрнэце і кнігах. Але дзякуй і за тое, што ёсць, а вышукаў я й самастойна нямала: наздагнаў і працягваю. Цяпер ужо не дзіўлюся свайму дзіцячаму пытанню «Нашто нам тая вясковая мова?», не дзіўлюся злачыннай, агіднай пасіўнасці колішніх аднагрупнікаў, не дзіўлюся тупой абыякавасці калег у дзяржаўнай школе. Не дзіўлюся, але гіджуся, ненавіджу іх усіх да дрыжыкаў, хоць і разумею. Гісторыя дае і падказкі, і адказы, і ўсё, чаго ім, «народцу», пакуль не дадзена. І гісторыю я б падзяліў на дзве часткі: першая (ад слаўных часоў Вялікага Княства са статутамі і Аршанскай бітвай да імперскага здзеку, расійска-бальшавісцкай акупацыі з Курапатамі і Чарнобылем) — базіс, тое што павінна (як і ва ўсіх цывілізаваных народаў свету) складаць аснову нацыянальнага светапогляду, рабіць з тутэйшага, мясцовага жыхара беларуса, патрыёта. Другая (найноўшая гісторыя) якраз тлумачыць, чаму для большасці невядомай, скасабочанай застаецца першая, робіць з памяркоўнага абывацеля грамадзяніна, дэмакрата.

Хоць абедзве гэтыя часткі ўзаемазвязаныя, усё ж лепей пачынаць з першай — беспамылковы шлях. Бо даволі дзіўная выходзіць карціна: другую частку з разгонам Вярхоўнага Савета, Ганчаром, Захаранкам, Плошчай-2006 і Плошчай-2010 тысячы і тысячы памяркоўных да таго беларусаў вымушана засвоілі, аказаўшыся з ёй тварам у твар летам мінулага года, зразумелі, што Лукашэнка — гэта блага. А добра тады што?! Бо нельга змагацца з рэжымам, святкуючы 23 лютага (дзень утварэння чырвонай арміі), нельга выходзіць за Незалежнасць, не ведаючы, калі на Беларусі дзень той Незалежнасці (а іх тры як найменш), нельга лямантаваць пра тэрор, жаручы шашлыкі ў Курапатах! Адтуль і «папулярныя» меркаванні: «якая розніца, які сцяг», «Расія ж нам павінна дапамагчы», «спачатку свабода, потым мова». Канешне, дзякуй, што змагаюцца, дзякуй, што выходзяць і што лямантуюць, але ж гэта шлях у нікуды, гэта ахвяры, гэта параза.

Не так даўно здавалася, што і гэтую другую частку людзі доўга яшчэ не засвояць — ды, дзякуй Богу, памылкова. Таму, упэўнены, засвояць і астатняе. Тады й пераможам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: