Шнобель для Лукашэнкі і «закрытая мяжа». Найважнейшае за 18 верасня

Увесь свет працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі і рэагаваць на іх. У той жа час і беларусы не спыняюцца ў патрабаванні «людзьмі звацца».


Пакуль што кіраўнік Беларусі атрымаў Шнобелеўскую прэмію за рэакцыю на COVID-19. Нагадаем, што ён заклікаў лячыць хваробу гарэлкай, лазняй і трактарам. Разам з іншымі аўтарытарнымі кіраўнікамі. Якія не вызнавалі бяспеку пандэміі, ён «узнагароджаны» за тое, «выкарыстанне пандэміі COVID-19, каб навучыць свет таму, як палітыкі маюць большы палітычны ўплыў на жыццё і смерць людзей, чым навукоўцы і лекары».

Гэта ўжо другі «шнобель» для Лукашэнкі. Сем гадоў таму ён ужо быў лаўрэатам гэтай сатырычнай прэміі ў намінацыі «Прэмія міру». Тады яго ўганаравалі «за пераўтварэнне публічных апладысментаў у незаконнае дзеянне» (летам 2011-га міліцыя затрымлівала ўдзельнікаў «маўклівых акцый» у Беларусі). Беларускую міліцыю адзначылі «за арышт аднарукага чалавека за апладысменты».

Ёнас Паўлаўскас


Тым часам былы амбасадар Літвы ў Беларусі, а зараз амбасадар гэтай краіны ў Нарвегіі Ёнас Паслаўскас выказаў меркаванне, што на сапраўдную, Нобелеўскую прэмію Міру варта вылучыць беларускіх жанчын.

Багата рэакцыі выклікала і заява Лукашэнкі пра закрыццё межаў з Літвой, Украінай і Польшчай. Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што беларускі лідар нясе «поўную лухту», і падобна, «зусім звар'яцеў на сваёй уладзе і паранойі вакол гэтага».

А кіраўнік Міністэрства замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сказаў, што «гэта рэакцыя на сітуацыю неадэкватнага чалавека».


Аднак з мяжы пачалі прыходзіць трывожныя звесткі: нібыта ў краіну не ўпускаюць людзей з таварамі, і разварочваюць іх нават з пачакам кавы. Дзяржпамежкамітэт на гэта заявіў, што вядзецца ўзмоцненая барацьба з наркагандлем. Аднак пытанне — чаму пра ўзмацненне рэжыму дагляду нельга было папярэдзіць загадзя?

Выпускнікі і супрацоўнікі фізічнага факультэта БДУ выступілі са зваротам, у якім выказалі занепакоенасць падзеямі, якія адбываюцца ў апошнія месяцы ў нашай краіне. Яго падтрымалі 40 пакаленняў выпускнікоў з 1956 па 2020 год. Сярод іх — Станіслаў Шушкевіч.


INeedHelpBy сумесна з Фонд салідарнасці BYSOL/Belarus solidarity foundation абвясціла пра запуск спецыяльнага бота ў тэлеграм, які дазваляе звольненым па палітычных матывах і страйкоўцам атрымаць прадукты.

А ў Смалявічах адбылася жудасная гісторыя — мужчына падпаліў сябе перад будынкам РАУС. МУС кажа, што гэта была не палітычная акцыя, што гэта быў алкаголік з суіцыдальнымі схільнасцямі. Аднак, пасля ўсяго, што ў нас адбылося — ужо ніхто не верыць міліцыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: