Шрайбман: Працаваць на дзяржаву будзе станавіцца ўсё больш таксічна

Для людзей, здольных думаць, стымулаў і апраўданняў працягваць працаваць на дзяржаву застаецца ўсё менш. І для тых, хто хоча захаваць сумленне або рэпутацыю, працаваць на дзяржаву ва ўсіх яе праявах будзе станавіцца ўсё больш таксічна і няўдзячна, — піша ў сваім тэлеграме Арцём Шрайбман.

Вымусілі сысці Віктара Шадурскага, які 12 гадоў быў дэканам факультэта міжнародных адносін БДУ — факультэта са стабільна рэкорднымі прахаднымі баламі і, як следства, з мноствам разумных студэнтаў і таленавітых выкладчыкаў — гэта значыць, у сваёй большасці, прыхільнікаў пратэсту.

Я не чуў пра палітычныя звальненні або адлічэнні з ФМА. Упэўнены, у гэтым была заслуга менавіта Шадурскага. Ведаю яго як прыстойнага і адкрытага чалавека, патрыёта, дыпламата па духу.

Як бы мне ні было шкада альма-матар, самога Віктара Генадзьевіча і тых выкладчыкаў, якіх цяпер звольняць або вымусяць сысці, гэта абсалютна непазбежны працэс.

12 жніўня і некалькі разоў потым я пісаў, што шлях да канца нашай сістэмы будзе ляжаць не праз штурм палаца матросамі, а праз павольную і пакутлівую дэградацыю дзяржапарата і дзяржустаноў з-за адслойвання адтуль прафесіяналаў.

Працаваць на дзяржаву ва ўсіх яе праявах будзе станавіцца ўсё больш таксічна і няўдзячна для людзей, якія хочуць захаваць сумленне або рэпутацыю. Калі ты малады і таленавіты выпускнік — дзяржструктуры стануць апошнім месцам, куды ты захочаш пайсці працаваць, калі ёсць выбар.

Сістэма ўсё яшчэ ўтрымлівае прафесіяналаў з ліберальнымі поглядамі дзякуючы асаблівым людзям-дэмпферам — кіраўнікам, якія прымаюць увесь ціск сістэмы на сябе і ствараюць падначаленым здаровую дэмакратычную атмасферу.

Звычайна гэтыя людзі — таленавітыя дыпламаты. Ім трэба ўмець слухаць і не пярэчыць савецкім загаворам начальства, манеўраваць, знаходзіць баланс у рыторыцы, падміргваць свайму калектыву — маўляў, вы ведаеце, я з вамі, але павінен гуляць у іх гульні, каб у нас тут з вамі ўсё было добра.

Гэтая місія апраўданая тым, што важна захаваць агмені розуму, з якіх вырастаюць будучыя рэфарматары. Але гэтая схема працуе ў мірны час, а ён скончыўся.

Віктар Шадурскі быў менавіта такім дэмпферам для аднаго з самых ліберальных факультэтаў краіны. Да яго гэтак жа вымусілі сысці многіх дэканаў, рэктараў, галоўных лекараў, — і я здзіўлены, што ён пратрымаўся так доўга.

Калі кіраўніка-дэмпфера мяняюць на камісара (а навошта інакш яго мяняць цяпер), атмасфера ў калектыве мяняецца. Для людзей, здольных думаць, стымулаў і апраўданняў працягваць працаваць, дый вучыцца, у такім месцы застаецца няшмат. І калі ёсць выбар — а ў найлепшых ён звычайна ёсць — яны сыходзяць.

Сістэма пазбаўляецца ад паўтонаў. Гэта павялічвае яе ўнутраную маналітнасць, але зніжае яе здольнасць ўбіраць разумныя імпульсы і прымаць адэкватныя рашэнні. Бранзавенне і дэградацыя. Да аснавання, а затым... Усе б мы абралі іншы шлях, аднак гэта не наш выбар.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: