Што адбываецца з вязнем Святаславам Барановічам?

Ужо працяглы час знаходзіцца ў штрафным ізалятары Жодзінскай турмы актывіст Святаслаў Барановіч. Ён быў асуджаны ў сакавіку 2018 году на 3 гады зняволення за супраціў супрацоўнікам міліцыі. Інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка 2017 года, пасля санкцыянаванага Марша недармаедаў, які прайшоў у Менску.

Святаслаў Барановіч

Барановіч спрабаваў абараніць некалькіх яго ўдзельнікаў, на якіх накінуліся невядомыя ў цывільным. Як пазней высветлілася, гэта былі супрацоўнікі міліцыі.

Праваабаронца з цэнтру «Вясна» Алег Пашкевіч распавёў у размове з карэспандэнтам «Радыё Рацыя» пра ўзрастаючы ціск на Святаслава Барановіча:

— Якая сітуацыя зараз са зняволеным Святаславам Барановічам, якога шмат хто лічыць палітычным вязнем?

— Я размаўляў з сястрой Святаслава Наталляй. Нас непакояць тыя ўмовы, у якіх знаходзіцца Святаслаў на працягу ўжо хутка года. Ён за гэты час фактычна не адбываў пакарання ў тым рэжыме, які яму вызначыў суд. Ён увесь час фактычна знаходзіўся ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) ці памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Што такое ШЫЗА? Гэта памяшканне, дзе немагчыма ўдзень нават прысесці ці спаць. Дзе немагчыма чытаць кнігі. Нельга браць з сабой нават нейкія патрэбныя рэчы. Ноччу людзі скардзяцца на холад. І працяглы час знаходжання ў такіх умовах можна лічыць бесчалавечным абыходжаннем.

— Трэба нагадаць, што свой тэрмін зняволення Святаслаў Барановіч пачаў адбываць у Наваполацкай калоніі. Але пасля рашэння суду яму быў зменены рэжым пакарання і ён быў пераведзены ў турму ў Жодзіна.

— Ён адразу, як патрапіў у Наваполацк, быў прызнаны схільным да нападу на супрацоўнікаў калоніі. За тое, што не так, па меркаванні адміністрацыі, прышыў бірку, ён адразу атрымаў дысцыплінарнае спагнанне і патрапіў у ШЫЗА.

І гэта ўвесь час працягвалася. Такое адчуванне, што спрабавалі зламаць. І ўрэшцэ сітуацыя прыйшла да таго, што ён атрымаў змяненне рэжыму адбыцця пакарання на турэмны. І 15 лютага патрапіў у Жодзінскую турму, дзе ён адбыў 90 сутак ШЫЗА, якія яму былі прызначаныя яшчэ ў Наваполацку.

Таму пачаць гісторыю ў новай папраўчай установе з «чыстага ліста» не ўдалося. Ён зноўку знаходзіцца ў ШЫЗА. Адбыў у турме ў звычайных умовах менш за дзень. І яго сястра Наталля зараз непакоіцца за яго фізічны стан, бо ён моцна схуднеў.

Таксама ў яго няма акуляраў, якія згубіліся падчас яго перыпетыяў. І цяжка сказаць, як гэта можа ўплываць на яго зрок. Агулам амаль што год чалавек у такіх умовах знаходзіцца ніяк не павінен.

— А чым вы тлумачыце такую ўвагу менавіта да Барановіча? Пра яго калісьці і міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч выказваўся, што тыя, хто будуць бараніць дэманстрантаў ад міліцыі, будуць атрымліваць па поўнай.

— Ведаеце, усё-такі я не магу адказваць за міністра Шуневіча, я не магу ведаць, якой логікай кіравалася адміністрацыя ПК №1 гораду Наваполацку ці Жодзінскай турмы. Калі паразважаць пра гэта, то можна прыйсці да высновы, што ён быў абвінавачаны ўсё ж такі ў нападзе на міліцыянта.

Можна ўзгадаць сітуацыю з Аляксеем Мілюковым, сынам блогера Алега Жалнова з Бабруйску, які таксама быў пакараны за нібыта напад на міліцыянта. Ці быў ён ці не быў, — гэта бачылі самі міліцыянты і самі Жаўноў і яго сын. І Аляксей Мілюкоў быў таксама прызнаны схільным да нападаў, у яго таксама быў прафілактычны рэжым. І мяркуючы па судовым працэсе, калі ён атрымаў год пазбаўлення волі за нібыта ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі, — можна зрабіць выснову, што ўсё такі адносіны былі перадузятыя.

Ці гэта звязана з палітычным нейкім матывам, — усе ж гэта было падчас масавага мерапрыемства, як у выпадку Барановіча, ці гэта звязана з тым, што ўсе тыя, хто абвінавачваецца ў нападах на міліцыянта, у любой сітуацыі маюць да сябе асаблівую ўвагу, сказаць цяжка.

Але сапраўды Барановіч быў пастаўлены на прафілактычны ўлік, толькі патрапіўшы ў турму, гэта значыць яшчэ не зрабіўшы не аднаго кроку.

— Магчыма, тут можна ўбачыць нейкую карпаратыўную помсту з боку міліцыі?

— Цяжка судзіць, чым кіруюцца міліцыянты. Усё ж такі месца, дзе зараз ізаляваны Барановіч, называецца папраўчай установай, не карнай, падкрэсліваю, а папраўчай. То бок адміністрацыя калоніі ці турмы павінна кіравацца мэтамі перавыхоўвання людзей, якія патрапляюць за краты, а не карнымі нейкімі мэтамі.

— Чым можна дапамагчы Святаславу Барановічу? Пытанне да вас, як да праваабаронца, трэба ж не проста канстатаваць факт ціску, але і бараніць чалавека. Вось як можна гэта зрабіць ва ўмовах сучаснай Беларусі?

— Разумееце, у дадзеным выпадку ўсё ж такі гэтая сістэма папраўчых установаў не спрацавала. Замест таго, каб дабіцца ад Святаслава падпарадкавання, яны атрымалі сітуацыю, калі ён не выходзіць з ШЫЗА. І тут ужо пытанне ў самім маральным стане чалавека, які ўжо амаль год не бачыць фактычна звычайных асуджаных.

Я думаю, што першае, што варта зрабіць у любой сітуацыі для чалавека, які знаходзіцца за кратамі, гэта даць адчуць яму салідарнасць ад тых людзей, якім неабыякавы яго лёс.

У звычайных сітуацыях гэта лісты. Але справа ў тым, што Святаслаў пазбаўлены перапіскі з-за гэтых спагнанняў. У ШЫЗА фактычна і лісты пісаць цяжка. Складана сказаць…

Але ўсё ж тым людзям, для якіх неабыякава тое, у якіх умовах знаходзіцца Святаслаў, трэба не складаць рукі, а спрабаваць рознымі шляхамі падтрымліваць Святаслава, выказваць сваю салідарнасць, дакладней, нават не толькі салідарнасць, а занепакоенасць сітуацыяй, тым, што ніякі чалавек не павінен знаходзіцца ў такіх умовах. І гэта трэба даводзіць і да адміністрацыі Дэпартамента выканання пакаранняў і да МУС.

Гэта не адзінкавы выпадак. З гэтым сутыкаюцца як людзі, якія патрапілі за краты па палітычных матывах, так і звычайныя грамадзяне, якія фактычна апынуліся ў няволі за нейкія дробязі. Яны знаходзяцца часта ў бесчалавечных умовах.

 — Можа мае сэнс звярнуцца ў Камітэт супраць катаванняў ААН? Таму што гэта ўмовы і дзеянні адміністрацыі турмы, пра якія Вы распавялі, фактычна мяжуюць з катаваннем?

— Алег Пашкевіч: Так, сапраўды, гэта можна ацэньваць як катаванні. Таму, магчыма, і варта паінфармаваць камітэт супраць катаванняў ААН пра сітуацыю са Святаславам Барановічам.

Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: