Што будзе з рынкам лекаў, калі ў Беларусі застануцца толькі дзяржаўныя аптэкі

Аляксандар Лукашэнка рэзка выказаўся пра прыватныя аптэки, якія «павышаюць цэны на лекі», і прыгразіў «пакінуць толькі дзяржаўныя». Што не так з прыватнымі аптэкамі, паспрабавала разабрацца «Свабода».


Парацэтамол на 2 капейкі таннейшы ў прыватных

Паводле ўлад, «прыватныя аптэкі задзіраюць цэны». Правяраем, ці так гэта.

Глядзім на цэны праз сэрвіс tabletka.by, які дазваляе шукаць лекі па аптэках. Звычайны парацэтамол айчыннай вытворчасці ў некалькіх першых-лепшых прыватных аптэках каштуе 46-47 капеек за адну пласцінку. А ў дзяржаўных аптэках ад «Белфармацыі» — 47-49 капеек. На 2-3 капейкі даражэй.

Ацэтылсаліцылавая кіслата, або звычайны аспірын, знаходзіцца танней таксама ў прыватных аптэках — 79 капеек за пласцінку, а ў дзяржаўных — на капейку даражэй.

Антыгрыпін знаходзім у прыватных аптэках за 8 рублёў, а ў дзяржаўных — за 9,5 рубля.

Аскарбінавую кіслату беларускай вытворчасці ў прыватных аптэках знаходзім па 68-69 капеек. А ў дзяржаўных цэннік пачынаецца ад 70 капеек.

«Смекту» французскай вытворчасці ў прыватных аптэках знаходзім за 21 рубель 70 капеек, а ў дзяржаўных аптэках ад «Белфармацыі» — за 23 рублі 69 капеек. Пошук лекаў выдае адразу самыя танныя варыянты. Сярод 10 найменняў, якія тэстуем, самыя танныя варыянты — у прыватнікаў. Але ёсць і такія прыватныя аптэкі, дзе цэны вышэйшыя, чым у дзяржаўных.

Колькі прыватных аптэк, а колькі дзяржаўных

Паводле інфармацыі на 2018 год, агулам у Беларусі было 3320 аптэк, з іх 55% дзяржаўныя і 45% прыватныя. Гэта агулам па краіне. У некаторых вёсках і паселішчах аптэкі толькі дзяржаўныя.

Зараз у Мінску 217 аптэк ад дзяржаўнай сеткі «Белфармацыя», а агулам іх у сталіцы каля тысячы. То-бок аптэк дзяржаўнай сеткі РУП «Белфармацыя» ў Мінску крыху больш за 20%.

Правяраем на прыкладзе аднаго мікрараёна — у межах бульвара Шаўчэнкі і Кіеўскага скверу. Тут працуе 5 аптэк, адна з іх — дзяржаўная.

Што будзе, калі зачыняць прыватныя аптэкі

З 1 студзеня 2021 года ўлады абклалі некаторыя медыкаменты падаткам на дададзеную вартасць, ён складае 10%. Раней у дачыненни да некаторых лекаў гэты падатак не прымяняўся. Гэта прывяло да росту цэн. Напрыклад, імпартныя аднаразовыя лінзы з мінулага году падаражэлі ў 1,5 раза.

Пазней улады ўвялі рэгуляванне цэн на больш як 40 найменняў лекаў.

На думку старшага навуковага супрацоўніка цэнтра эканамічных даследаванняў «Beroc» Льва Львоўскага, улады не пойдуць на закрыццё прыватных аптэк.

«Гэта рыторыка, якая паўтараецца з году ў год. Савецкае ўяўленне пра фінансістаў і пасярэднікаў, якія псуюць народу жыццё і завышаюць цэны. Гэта наўрад ці адбудзецца. Калі іх усё ж закрыюць — гэта чарговы ўдар па эканоміцы. Прыціснулі адных, другіх, трэціх. Будзе горшы сэрвіс, менш аптэк. Магчыма, яны збіраюцца нацыяналізаваць аптэкі, але па выніку ўсё адно будзе горш», — мяркуе Леў Львоўскі.

Ад пачатку года ўлады абрынуліся на прыватны бізнес. Спярша ў павелічэнні цэн былі «вінаватыя» прыватныя гандлёвыя сеткі, пра якія Лукашэнка згадаў на Усебеларускім сходзе, цяпер «вінаватыя» аптэкі. Інфляцыя за мінулы год склала больш за 7%. І гэтае павышэнне адбылося не толькі ў прыватных аб’ектах гандлю.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: