Што чакае ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі?

Генпракурор Беларусі Швед назваў карту паляка элементам падрыўной працы. Што пра гэта думаюць беларусы, якія трымалі такі дакумент, а таксама мясцовыя аналітыкі — у матэрыяле DW.

"Гаворачы аб карце паляка, хачу сказаць:гэта ўсяго толькі элемент падрыўной працы, антыдзяржаўнай, форма гэтай працы, якая праводзілася і, на жаль, праводзіцца да гэтага часу", — заявіў на днях генпракурор Беларусі Андрэй Швед у эфіры дзяржтэлеканала АНТ. Нагадаем, карта паляка — дакумент, які пацвярджае прыналежнасць асобы да польскага народу і выдаецца грамадзянам былых рэспублік СССР.

Ён дазваляе бясплатна атрымліваць доўгатэрміновую нацыянальную польскую візу, легальна працаваць у Польшчы без спецдазволу і карыстацца бясплатна сістэмай адукацыі, дае ўладальніку некаторыя іншыя льготы і перавагі на тэрыторыі Польшчы. Карту паляка атрымалі больш за 130 тысяч беларусаў.

Патрыятызм ці дадатковыя магчымасці ў Польшчы?

"Я пыталася ў многіх людзей, чаму яны вырашылі атрымаць карту паляка. Ні ў каго не было нейкага ашалелага патрыятызму, што "я паляк і хачу гэта даказаць наяўнасцю карты". Усе глядзелі на гэта больш прыземлена, хацелі выкарыстоўваць магчымасці для вучобы або бізнесу, — кажа Вольга (імя зменена. — рэд.), якая атрымала карту паляка каля 10 гадоў таму. — Не буду сцвярджаць, што і ў мяне былі выключна патрыятычныя матывы. Так, у маёй сям'і падтрымліваюцца ўсе каталіцкія традыцыі, было шмат паездак у Польшчу, там у мяне жывуць сваякі. Гэтую сувязь не хацелася губляць".

Але, са слоў суразмоўніцы DW, не менш важнай была магчымасць для яе самой і — у перспектыве — для дзяцей працаваць не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах Еўрасаюза. "Гэта таксама добры плацдарм для атрымання адукацыі не ў Беларусі, чаго хочуць многія прагрэсіўныя бацькі", — адзначае Вольга. Нягледзячы на тое, што дзяўчына з'яўляецца супрацоўніцай дзяржустановы, пытанняў да яе не ўзнікала — яна мяркуе, што кіраўніцтва нават не ведае аб наяўнасці ў яе такога дакумента.

"Для мяне карта паляка — гэта пацвярджэнне прыналежнасці да польскай нацыянальнасці. У свой час, каб маю маму запісалі полькай, бабулі прыйшлося паскандаліць у сельскім савеце", — дзеліцца Надзея. І ўспамінае, што бабуля выхоўвала павагу да польскіх традыцый, польская мова была ва ўжытку ў Надзеі з дзяцінства, а лацінскі алфавіт яна вывучыла раней, чым кірыліцу. "Ува мне перасекліся дзве ідэнтычнасці — беларуская і польская. Карта паляка з'яўляецца пацвярджэннем. Я атрымала яе больш за 10 гадоў таму. Вядома, гэта мела і практычнае значэнне — у першую чаргу, нацыянальная віза, тыя ж магчымасці для навучання ў Польшчы, як і ў польскіх студэнтаў", — працягвае Надзея.

На ранейшай дзяржаўнай працы ведалі, што ў яе ёсць карта паляка, але начальства паставілася да гэтага спакойна — проста прыняло да ведама. "Магчыма, цяпер для людзей, якія працуюць на нейкіх пасадах у дзяржструктурах, наяўнасць карты паляка можа мець нейкія наступствы, але не думаю, што праз заявы ўладаў стане менш ахвотных яе атрымаць", — мяркуе суразмоўца.

Ці будзе запатрабавана карта беларуса?

"Думаю, што могуць быць наступствы для людзей, якія занятыя ў дзяржустановах. Калі чыноўнік працуе ў нейкім выканкаме і мае карту паляка, гэта праблема. Дарэчы, падобнымі пытаннямі ў свой час занепакоіліся і літоўцы. Што будзе ў Беларусі ў цяперашніх умовах, сказаць складана, магчыма, будуць вылічаць нейкіх бюджэтнікаў і звальняць за тое, што ў іх ёсць карта паляка", — прагназуе палітолаг Валерый Карбалевіч.

Паводле яго слоў, улады ў Мінску і раней даволі негатыўна ацэньвалі тое, што польская дзяржава раздае беларусам карты паляка, успрымалі гэта як элемент нелаяльнасці да беларускай дзяржаўнасці. На фоне абвастрэння адносін паміж дзвюма краінамі, заяў Мінска аб тым, што нібыта Польшча хоча далучыць да сябе Гродзенскую вобласць, пасля затрымання лідараў Саюза палякаў у Беларусі, карта паляка стала яшчэ большым злачынствам, лічыць Карбалевіч: "Заявы Шведа ідуць у рэчышчы той антыпольскай кампаніі, якая актыўна развіваецца ў Беларусі".

Пасля выказванняў генпракурора ў дзяржаўнай газеце "Мінская праўда" з'явілася прапанова пачаць выдаваць польскім беларусам карту беларуса. Валерый Карбалевіч кажа, што ў цэлым гэта добрая ідэя: "Любая краіна павінна выкарыстоўваць наяўнасць дыяспары для ўмацавання сваіх нацыянальных інтарэсаў. Іншае пытанне, як гэта рэалізаваць у сённяшніх умовах. Па-першае, гэта патрабуе грошай; па-другое, беларуская дыяспара, асабліва апошняга часу, настроена супраць існуючага рэжыму ў Беларусі".

"Карту паляка людзі хочуць мець, каб атрымаць частковы доступ да таго, як жывуць звычайныя палякі. Магчымасць ездзіць, працаваць, карыстацца дзяржаўным паслугамі і дапамогай. А як шмат у свеце тых, хто хацеў бы жыць так, як сёння беларусы? Працэс хутчэй адваротны. Нават мігранты з палаючага Афганістана ўспрымаюць Беларусь толькі як перавалачны пункт", — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, сустаршыня нядаўна ліквідаванага ўладамі грамадскага аб'яднання" Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў. Ён зыходзіць з таго, што карта беларуса калі і можа быць запатрабаванай, то, у першую чаргу, не ў палякаў ці літоўцаў, а сярод жыхароў памежных расійскіх ці ўкраінскіх абласцей.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: