Што футбол, што хакей: старыя песні пра галоўнае

Тыдзень таму, распавядаючы пра гаротныя справы беларускай футбольнай зборнай, мы са стрыманай бадзёрасцю паставіліся да перспектыў панядзелкавага таварыскага матча з камандай Сьера-Леонэ. Меркавалі, што гульня ўсё ж адбудзецца, бо калі крывіць нос Еўропа, то хто яшчэ мусіць працягнуць руку дапамогі, як не афрыканскія браты? Але не: браты руку працягнулі, ды толькі нечакана склалі дулю.

Георгій Кандрацьеў: язык мой — вораг мой? Фота прэс-службы БФФ

Матч, які планавалі правесці ў Гродне, адмянілі. Цемнаскурыя контрагенты акуратна «злілі» дамоўленасці — спачатку перасталі выходзіць на сувязь з Мінскам, а потым патлумачылі адмову празмернымі траўмамі ў гульцоў. Як вы разумееце, праўдападабенства ў такой аргументацыі не нашмат больш, чым у вядомых лістах ХАМАС аб мініраванні самалёта «Ryanair». Зрэшты, гэта і неістотна, бо «вы ж усё разумееце».

Такім чынам, з двух запланаваных спарынгаў каманда Георгія Кандрацьева правяла адзін — супраць Азербайджана. Дый той прайграла з лікам 1:2, прыкметна саступіўшы суперніку як па якасці футбола, так і па асноўных паказчыках актыўнасці на полі.

Наступныя гульні — ужо ў верасні, у працяг кваліфікацыі чэмпіянату свету. У сённяшнім вымярэнні гэта такі няблізкі свет, што аб нечым загадваць зусім не выпадае. Што будзе з паветранай прасторай і пералётамі ў Еўропе? Што будзе з палітыкай і эканомікай у Беларусі? Што будзе са шматпакутным беларускім футболам? І ці не галоўнае — што будзе з яго інтэграванасцю ў футбол міжнародны? Бо ізаляцыйныя працэсы відавочна набываюць моц.

Зараз гэтыя пытанні не маюць адказу. Гэта як разважаць, што будзе з біткоінам... Таго не ведае нават Ілан Маск, таму застаецца адно — чакаць. Хаця, як кажа Лявон Вольскі, чаканне дастала.

І толькі пра адно, як падаецца, цяпер можна гаварыць з пэўнасцю: зборнай Беларусі ўсё-ткі патрэбны новы галоўны трэнер.


Хто замест Кандрацьева?

У чэрвеньскіх доследах Георгій Кандрацьеў быў адначасова і суб’ектам, і аб’ектам. З аднаго боку, ён сабраў каманду на «таварнякі», каб ацаніць кандыцыі футбалістаў. З іншага, ацэньвалі яго самога, на што ўказвала функцыянальная прыстаўка трэнера — «выконваючы абавязкі».


Як Георгій Пятровіч іх выканаў, бачна з лічбаў на табло. Параза ёсць параза, хай нават склад каманды не быў мацнейшым, а другі матч наогул не адбыўся. Важкіх прычын, каб зацвердзіць Кандрацьева галоўным, афіцыйна неяк не дадалося. І паколькі іншай магчымасці пераканаць працадаўцу не прадбачыцца, то выснова можа быць толькі адна. Паводле Кіплінга: зграі патрэбен новы важак.

Зрэшты, ёсць адчуванне, што застацца ў зборнай Кандрацьеў асабліва і не разлічваў. Прынамсі, на прэс-канферэнцыі перад гульнёй з азербайджанцамі ён паводзіў сябе даволі дзіўна з гледзішча педагогікі — і зусім не так, як чалавек, які трымаецца за сваё месца. Згадваючы эпічныя 0:8 у Бельгіі, трэнер з’едліва прайшоўся па футбалістах і ані словам не абмовіўся пра памылкі штаба, у якім на той момант працаваў асістэнтам.

«Мы вёска на вёску з большым азартам гулялі, чым асобныя футбалісты на полі», — сфармуляваў Кандрацьеў, трэба разумець, галоўную прычыну сакавіцкага правалу ў Лёвене. І дадаў пра тое, што быў шакаваны дзеяннямі асобных гульцоў у тым матчы, іх самааддачай і адносінамі да справы.

Як такая рыторыка ўздзейнічае на спартсменаў і якія адносіны ў калектыве фарміруе — казаць залішне. Тым больш, пасля той бельгійскай ганьбы каманда — вуснамі паўабаронцы Івана Маеўскага — транслявала «сустрэчны пазоў» да сваіх трэнераў: «Гэта наш узровень і вынік адсутнасці плана на гульню. Напэўна, усё-ткі трэба план мець, калі гуляеш з такімі камандамі. А не проста выходзіць на поле».

Цікава, як успрыняў той жа Маеўскі (і іншыя вопытныя гульцы, якіх не паклікалі на чэрвеньскі спарынг) гучныя трэнерскія эскапады пра футбол «вёска на вёску»? А як іх успрынялі федэрацыя і Міністэрства спорту? У адным флаконе з паразай ад азербайджанцаў такое стаўленне да каманды адназначна ўзбуджае думкі пра новага трэнера. І ён, мабыць, у зборнай будзе. Галоўным кандыдатам, дарэчы, па-ранейшаму застаецца Вадзім Скрыпчанка.

Глядзі пункт першы

Апошнім часам цікавыя камунікацыйныя практыкі нанова прыжываюцца ў беларускім спорце. Бо Георгій Кандрацьеў — не першы і не адзіны з трэнераў, хто ў ацэнках не шкадуе крытычных эпітэтаў на адрас гульцоў, хто падкрэслена адгароджваецца ад каманды і падзяляе адказнасць.

Самы свежы прыклад надоечы рэгулярна прылятаў да нас з Латвіі, дзе на хакейным чэмпіянаце свету гамерычна зняславілася зборная Беларусі. Яе тагачасны кіраўнік Міхаіл Захараў, тлумачачы чарговую няўдачу, ад разу ў раз няўрымсліва паласкаў сваіх хакеістаў. І не на тым узроўні яны гуляюць у клубах, і кепска рыхтаваліся да складанага турніру, і такія яны, і сякія яны… «Мужыкі, вы чаго? — казаў той, хто нібыта збіраўся вяртацца з Рыгі з медалямі. — У нас шэсць чалавек з чэмпіянату Беларусі. З імі фурор наводзіць на чэмпіянаце свету?!»

Самы ж, бадай, знакаміты «наезд» на ЧС Захараў дазволіў сабе на адрас Ніка Бэйлена — амерыканскага абаронцы з беларускім пашпартам. «Пяць галоў нам сёння прывёз!» — сказаў трэнер пасля гульні з Вялікабрытаніяй, у якой каманда прапусціла… чатыры разы.  

Тут, канешне, варта абагульніць — і сказаць, што іерархічныя стасункі ў беларускім спорце сёння вельмі нагадваюць стасункі ў дзяржаўнай сістэме. Там, дзе ўкаранёныя падыходы, як з таго анекдота: «Пункт першы: начальнік заўсёды мае рацыю. Пункт другі: калі начальнік памыляецца, то глядзі пункт першы».

Тут, канешне, варта і чарговы раз нагадаць пра ўнікальную ўласцівасць спорту — ён цудоўна і беспамылкова адлюстроўвае навакольнае жыццё. А ў жыцці тым, калі яно цывілізаванае, даўно ўжо не кіруюць з дапамогай маршальскага жазла, бо тое атавізм і перажытак.

Футбольны трэнер Пеп Гвардыёла таму і лічыцца вялікім, што разбіраецца ў гэтых тонкіх матэрыях. Яго фенаменальны «Манчэстэр Сіці» нясцерпна крыўдна прайграў нядаўні фінал Лігі чэмпіёнаў, але яго футбалісты за гэта не пачулі ад свайго камандзіра аніводнага дрэннага слова. Наадварот: «Хлопцы рабілі ўсё магчымае, аддалі ўсе сілы. Хачу павіншаваць іх з выбітным сезонам і з той гульнёй, якую яны сёння паказалі», — сказаў славуты каталонец, які выйграў 31 трафей у Іспаніі, Германіі і Англіі.

Ён і працягне перамагаць — у тым ліку таму, што крочыць у нагу з часам. Пра беларускі футбол і беларускі хакей такога, на жаль, сёння сказаць нельга.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: