Што хаваюць улады ў бюджэтах выбаркамаў?

Назіральнік з Віцебска Леанід Свецік унёс у Цэнтрвыбаркам прапанову: даць указанне ніжэйстаячым выбарчым камісіям надаць галоснасці свае бюджэты.


Адносна празрыстасці бюджэтаў камісій кіраўнік Цэнтарвыбаркама Лідзія Ярмошына адказала, што падстаў для апублікавання дадатковых звестак не маецца.

Чаму бюджэт камісій не можа быць абнародаваны — пра гэта разважае прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» юрыст Уладзімір Лабковіч.

Логіка ЦВК зразумелая, хаця яна дэманструе закрытасць працэсу, які ў нас называецца выбарамі, — кажа эксперт. — Мы як падаткаплатнікі маем поўнае права ведаць, якія выдаткі ўключае ў сябе праца участковых выбарчых камісій. Закон прадугледжвае толькі аплату пазачасовай працы некаторых членаў выбарчых камісій.

Што можа хавацца за адмовай публікацыі бюджэту выбаркамаў?

— Магчыма, хаваюцца ганарары, не прадугледжаныя законам, магчыма — прэміі і бонусы за працу ў выбарчых камісіях. А магчыма, там наогул нічога не хаваецца, але ўся заганнасць нашай сістэмы ў тым, што адны хаваюць тое, што можна было б свабодна агучваць, а ў іншых абсалютна абгрунтавана з'яўляюцца сумневы ў справядлівасці існуючых працэдур: калі нешта хаваецца, то камусьці гэта трэба.

Ва ўладаў такая логіка: калі раней мы нічога не паказвалі і не дэманстравалі, то чаму мы павінны гэта рабіць цяпер? Галоўнае, каб сістэма працавала. Калі ў нас нават доступ да спісаў выбаршчыкаў адсутнічае, што казаць пра фінансаванне выбарчых адміністрацый, выбаркамаў? Гэта паказчык таго, што ўся выбарчая сістэма ў нас абсалютна закрытая і нашы выбары можна параўнаць з закрытай адміністрацыйнай працэдурай, а не з адкрытым, свабодным, празрыстым выбарчым працэсам на аснове канкурэнцыі.


— Можа, улады самі не ўспрымаюць мясцовыя выбары як выбары?

— Яны да ўсіх выбараў так ставяцца, паколькі гэта частка пэўнага рытуалу, які трэба прайсці. Тая ж сістэма працуе падчас і парламенцкіх, і прэзідэнцкіх выбараў: гэта значыць, узровень празрыстасці на ўсіх выбарах мінімальны. Улада нават падчас выбараў не жадае палітычнай канкурэнцыі са сваімі апанентамі, як гэта павінна быць у нармальным грамадстве. Так што дзяржава знаходзіцца ў сітуацыі правядзення пэўнага дэманстратыўнага рытуалу. Улады праводзяць выбары з мінімальнымі для сябе наступствамі, іх логіка самазахавання працуе на тое, каб паказаць як мага менш, каб сітуацыя не выйшла з-пад кантролю.

Генадзь Косараў, «Заўтра твоей краіны»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: