Пратэсты па ўсёй краіне, салідарнасць і запужванне. Каротка пра падзеі 15 жніўня

Для тых, хто ў суботу быў на лецшчы, ці проста не меў магчымасці зазірнуць у інтэрнэт, мы сабралі нізку найважнейшых падзеяў 15 жніўня. Коратка — пра важнае.


У Мінску развіталіся з загінулым у час акцыі пратэсту Аляксандрам Тарайкоўскім. Правадзіць яго ў апошні шлях да залі развітанняў на вуліцы Альшэўскага прыйшлі сотні людзей. А дзясяткі тысяч зладзілі акцыю ля станцыі метро «Пушкінская», дзе ён загінуў. На Пушкінскай акцыя трывала ўвесь дзень. Між тым, у «Еўрарадыё» перадалі відэа, якое абвяргае афіцыйную версію, што Тарайкоўскі загінуў ад «неўсталяванай прылады, якая разарвалася ў яго руках». На відэа бачна, што сілавікі застрэлілі яго ва ўпор.

Супрацоўнікі «Белтэлерадыёкампаніі» абвясцілі пра пачатак забастоўкі з панядзелка. Сярод папярэдніх патрабаванняў — прыбраць цэнзуру э тэлебачання. Да іх тэрмінова прыехала кіраўнічка справамі Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, але, гледзячы па ўсім, размова скончылася нічым. Таксама да БТ прыйшлі людзі, якія зладзілі акцыю падтрымкі тэлевізійшчыкаў, і Качанавай давялося «з’ехаць агародамі», праз чорны ход.

Лукашэнка паразмаўляў з Пуціным, і па слядах гэтай размовы заявіў, што кіраўнік Расіі разумее беларускую сітуацыю, гатовы аказаць «усебаковую падтрымку па забеспячэнні бяспецы Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым ён спаслаўся на дамовы ў межах Саюзнай Дзяржавы і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Аднак АДКБ прадугледжвае дапамогу толькі тады, калі краіна-удзельніца АДКБ зазнала агрэсію з боку знешняга ворага, а ніяк не ў выпадку ўнутранага канфлікту.

Але ж вы зразумелі, хто насамрэч на гэтых выбарах быў «прарасійскім кандыдатам»? І хто першы заенчыў: «Пуцен, введі войска!»?

Улады вырашылі паказаць, што Лукашэнку таксама падтрымалі на выбарах. З гэтай мэтай яны збіраюць маштабны мітынг 16 жніўня на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У інтэрнэце агучаная нават лічба планаваных «удзельнікаў» — па 12 тысяч чалавек ад кожнай вобласці. З розных школаў і прадпрыемстваў скардзяцца, што на мітынг іх заганяюць «пугай і пернікам»: недзе пагражаюць звольніць за няяўку, недзе — плацяць за ўдзел да 100 рублёў.

У той жа час карыстачы інтэрнэту перасцерагаюць ад правакацыяў. У лепшым выпадку, правакатары пад выглядам удзельнікаў «праўладнага» мітынгу могуць уступіць у канфлікт з ўдзельнікамі акцыі «Марш Свабоды», які запланаваны таксама на 16 жніўня, на 14 гадзін на мінскім праспекце Незалежнасці. У горшым людзі непакояцца, што на праўладным мітынгу нешта ўзарвецца, і ў гэтым абвінавацяць мірных прыхільнікаў пераменаў, І гэта будзе падставай для татальнай «зачысткі» незадаволеных.

За спыненне гвалту і мірныя перамовы выступілі знакамітыя беларускія тэнісныя зоркі — Максім Мірны і Вікторыя Азаранка. А генеральны дырэктар заводу МЗКТ на сустрэчы з рабочымі прызнаў, што Лукашэнка не выйграў прэзідэнцкія выбары.

Між тым, у панядзелак Лукашэнка планаваў наведаць МЗКТ. Ці адбудзецца гэта? І — ці дастане ў яго смеласці паразмаўляць з рабочымі, а не з пераапранутымі ў рабочых сваімі ахоўнікамі?

Пра далучэнне да ўсеагульнага страйку заявілі на «Беларуськаліі»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: