Што яшчэ паспець, калі Новы год зусім побач?

Разважаем пра тое, як азначыць святы годна.

Які падарунак зрабіць — такое пытанне часта паўстае на святы. Мы імкнемся здзівіць і парадаваць сваіх сяброў і родных. Але навагоднія святы — гэта яшчэ і добрая магчымасць зрабіць нешта прыемнае нават незнаёмым і далёкім людзям, якія жывуць з намі ў адной краіне і штодня падзяляюць усе складанасці і нечаканасці гэтага жыцця. Мы падрыхтавалі некалькі ідэяў таго, што магло б стаць сімвалічным падарункам ад вас у гэтыя святы.

Напішыце віншаванні палітвязням. Людзі, якія пакуль не могуць сустрэць навагоднія святы з роднымі і блізкімі ў цёплай утульнай хаце, маюць асаблівую патрэбу ў добрых словах і падтрымцы ў гэтыя часы. Разам мы ўсе можам падарыць ім адчуванне свята. Зрабіць гэта можна нават так:

Падарыце сабе добрага сябра, а жывой істоце шчаслівае жыццё: вазьміце з прытулку хатнюю жывёлу. Як гэта зрабіць, мы падрабязна распавядаем вось тут.

Ахвяруйце на добрую справу: раней мы распавядалі аб тым, што пачаўся збор сродкаў на адзначэнне 101-годдзя БНР. На платформе Талака можна знайсці праекты, скіраваныя на падтрымку беларускай мовы: выданне кішэннага дапаможніка "Абаронім мову!", кіно па-беларуску на легальным анлайн-кінатэатры, глядзім кіно па-беларуску дома.

Альбо вы можаце падтрымаць сядзібу БНФ, якая апынулася пад пагрозай высялення, як гэта зрабіць, можна паглядзець тут.


Запаліце свечку ў Курапатах. Сёлета для знакавага месца Беларусі выдаліся нялёгкія часы: скандальнае адкрыццё забаўляльнай установы суправаджалася рэпрэсіямі супраць актывістаў, што баранілі Курапаты, позвамі супраць журналістаў, што выкрывалі махлярскія падрабязнасці маніпуляцый з зямлёй, і актамі вандалізму.

Нават у святочны дзень можна вылучыць колькі хвілін, каб наведаць святое месца і ціха ўзгадаць ахвяраў, што палеглі там. Захапіце з сабой гарачую гарбату і святочны пачастунак: цалкам верагодна, што вы заспееце тых, хто працягвае несці варту, і зможаце зрабіць ім прыемную дробязь.

Падарыце хвілінку свайго часу: падпішыце электронную петыцыю і падтрымайце беларускую мову.

І, канешне ж, цудоўны падарунак, які вы можаце зрабіць сваім родным і блізкім: падпішыце іх на «Новы Час». Аформіць падпіску на газету «Новы Час» можна з любога месяца: падпісны індэкс 63279, кошт падпіскі: на 1 месяц — 2 рублі 99 капеек, на адзін квартал — 8 рублёў 97 капеек, на паўгоддзе — 17 рублёў 94 капейкі.

Салідарнасць і ўзаемападтрымка важныя ў любое свята. Добрыя справы — гэта той самы цуд, якога мы ўсе чакаем у Новы год і які так лёгка стварыць сваімі рукамі. Стварыце цуд для іншых — і цуды абавязкова прыйдуць у вашае жыццё.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!