Што палохае моладзь у беларускай арміі?

Праз каронавірус на перыяд каранціну прыпынены прызыў у войска ва Украіне. Такая магчымасць абмяркоўваецца і ў Расіі. А ў Беларусі веснавы прызыў ідзе, нягледзячы ні на што. Гэта другая прызыўная кампанія, якая ладзіцца паводле прынятага летам «закона аб адтэрміноўках». 

Улады наўздагон непапулярнаму закону прынялі шэраг заканадаўчых зменаў дзеля заахвочвання тых, хто адслужыць. Ці дапаможа гэта зрабіць службу ў войску больш прывабнай і прэстыжнай?

Гаворка пра нашумелы закон, які афіцыйна гучыць так — «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы». Паводле прэс-службы кіраўніка краіны, дакумент «прыняты ў мэтах падтрымання пастаяннай баявой гатоўнасці Узброеных Сіл ва ўмовах актывізацыі ваеннай дзейнасці ў свеце і Еўропе». Акрамя таго, «існуюць аб’ектыўныя дэмаграфічныя праблемы: істотна зменшылася колькасць маладых людзей прызыўнога ўзросту». У той жа час «колькасць катэгорый грамадзян, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам не прызываюцца на тэрміновую вайсковую службу або службу ў рэзерве (цяпер гэта 76 катэгорый), зʼяўляецца найбольшай на постсавецкай прасторы і ў краінах далёкага замежжа».


Льготы да «закона аб адтэрміноўках»

Самы рэзанансны пункт гэтага закона звязаны з адтэрміноўкамі маладым людзям дзеля працягу вучобы. Таму па-абывацельску ён і завецца «законам аб адтэрміноўках». Сутнасць: адтэрміноўка ад прызыву на вайсковую службу для працягу адукацыі будзе прадстаўляцца цяпер толькі адзін раз. Гэта значыць, што, калі малады чалавек атрымаў прафесійна-тэхнічную адукацыю, то перад тым, як паступіць у ВНУ, ён павінен адслужыць у арміі. Тое самае тычыцца выпускніка ўніверсітэта, які захоча працягнуць вучобу ў аспірантуры.

Канстытуцыйны суд разгледзеў «закон аб адтэрміноўках», але незадаволенасці многіх грамадзян не падзяліў. У ягоным рашэнні гаворыцца, што пры прыняцці дакумента заканадаўца «сыходзіў з неабходнасці дасягнення разумнага і справядлівага балансу паміж мэтамі, з аднаго боку, падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для патрэбаў грамадства і дзяржавы», а з другога — «забеспячэння нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці краіны, укамплектавання Узброеных Сілаў, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў асабовым складам, неабходным для эфектыўнага рашэння задач па абароне Айчыны».

«Прадстаўленне адтэрміноўкі для працягу адукацыі не азначае вызвалення ад вайсковай службы па прызыве, а датычна асобаў, якія падлягаюць прызыву, не парушае іх канстытуцыйнага права на адукацыю, паколькі не замахваецца на саму сутнасць дадзенага права і не прыводзіць да страты яго асноўнага зместу», — заявіў Канстытуцыйны Суд.

Наўздагон непапулярнаму закону ўлады прынялі шэраг заканадаўчых ільготаў для тых, хто адслужыць. Яны пачалі дзейнічаць з зімы. Напрыклад, за тымі, хто служыў у войску, пасля вяртання з яго цягам трох месяцаў будзе захоўвацца працоўнае месца або прадстаўляцца новая пасада, незалежна ад формы ўласнасці наймальніка. Раней гэта тычылася толькі дзяржустановаў. Студэнты і навучэнцы пасля армейскай службы атрымаюць першачарговае права на месца ў інтэрнаце. Нарэшце, тэрміновая вайсковая служба будзе ўключацца ў страхавы працоўны стаж. А яшчэ адслужылыя маюць першачарговае права на выбар месца працы пры размеркаванні (для гэтага патрэбныя рэкамендацыі воінскіх частак).


«Скаліёзнікі», зважай!

Калі прымаўся «закон аб адтэрміноўках», прэс-служба кіраўніка краіны адзначала, што ён захоўвае адтэрміноўкі па стане здароўя. Аднак праз некалькі месяцаў адбыліся непрыемныя змены для патэнцыйных прызыўнікоў і тут. У выніку веснавы прызыў, які ідзе цяпер, больш жорсткі па ўмовах, чым восеньскі. У пачатку гэтага года Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя прынялі пастанову з «Інструкцыяй па вызначэнні патрабаванняў да стану здароўя грамадзян, звязаных з воінскім абавязкам». Яна замяніла ранейшую аналагічную пастанову, датаваную 2010 годам. Па-абывацельску гэтыя дакументы называюцца «Раскладам хваробаў».

Асноўнае адрозненне паміж пастановамі ў тым, што вялікі шэраг дыягназаў, паводле якіх хлопцы прызыўнога ўзросту прызнаваліся непрыдатнымі для службы ў войску, цяпер сталі цалкам сабе прымальнымі для армейскай падрыхтоўкі, распавядаюць у Цэнтры правоў прызыўніка.

Напрыклад, цяпер салдатамі могуць зрабіцца тыя, у каго: скаліёз другой ступені з вуглом скрыўлення 11–17 градусаў, атлусценне другой ступені з індэксам масы цела 35–36,9, дэфармавальны артроз у адным з буйных суставаў (сустаўная шчыліна — 2–4 мм) з болевым сіндромам і без яго, перанесеная лазерная каагуляцыя пры перыферычнай дэгенерацыі сятчаткі вока, або не выкананая, але якая павінна быць выкананая па паказаннях, адзінкавыя камяні (памерам 5 мм) у нырках з прыступамі колікі, грыжы страваводнай адтуліны дыяфрагмы першай і другой ступеняў і гэтак далей.

Стала менш магчымасцяў атрымаць адтэрміноўку па стане здароўя на тэрмін да 12 месяцаў. Напрыклад, калі вам была зроблена лазерная карэкцыя зроку 3–5 месяцаў таму, то давядзецца ісці служыць. Дарэчы, новыя медычныя правілы падчас прызыву датычаць і тых, хто быў прызнаны «нягодным» раней, калі патрэбна праходзіць пераасведчанне.

Атрымаць кансультацыі і дапамогу, звязаную з прызывам у армію, можна ў шэрагу арганізацыяў. Дзесьці бясплатна, як у згаданым Цэнтры правоў прызыўніка (povestka.by), дзесьці за грошы. Напрыклад, адна з арганізацый прапануе пакеты паслуг ад 400 да 2000 рублёў. Другая гарантуе вяртанне паловы грошай, калі не ўдасца зрабіцца нягодным для армейскай службы, трэцяя абяцае дапамогу ў абароне ад «незаконнага прызыву» каманды не толькі юрыстаў, але і дзейных вайскоўцаў.

Між тым, Мінабароны нагадвае пра адказнасць «за ўхіленне ад воінскага ўліку і мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу». Калі няяўка ў ваенкамат для прыпіскі да прызыўнога ўчастка пацягне за сабой штраф памерам да 3 базавых велічынь, то ўхіленне ад прызыву праз целашкодніцтва або сімуляцыю захворвання, або праз фальсіфікацыі дакументаў можа каштаваць да 5 гадоў пазбаўлення волі.


Армейскія фобіі

Якія могуць быць сацыяльныя наступствы «закона аб адтэрміноўках» для краіны агулам? Ініцыятыва «Вучоба важнейшая» сярод іх называе скарачэнне колькасці магістрантаў і аспірантаў: «Гадавы перапынак зводзіць на нішто назапашаныя веды і матывацыю вучыцца далей. Адпаведна, менш вучоных, менш выкладчыкаў. А гэта значыць, навуковы патэнцыял Беларусі будзе знішчаны». Адзначаецца, што цяпер за мяжой вучацца каля 30 тысячаў беларусаў пры 260 тысячах студэнтаў у нашай краіне.

Пры пазбаўленні права на непарыўную адукацыю прагназуецца яшчэ большы ад’езд моладзі за мяжу: «Страта вялікай колькасці працаздольнай актыўнай часткі беларусаў. Эфектыўныя прадпрыемствы і арганізацыі будуць створаны беларусамі не ў сваёй краіне. Бюджэт Беларусі недаатрымае значныя сродкі ў выглядзе падаткаў». Між тым, у Генштабе Узброеных Сілаў Беларусі кажуць, што аб’ектыўных прычын, каб з’язджаць за мяжу праз гэты закон, не бачаць.

Што да арміі, то яе асабовы склад будзе дэмаралізаваны, прагназуюць актывісты: «Не будзе малады чалавек ахвяраваць сабой дзеля інтарэсаў дзяржавы, якая яго інтарэсы ні ўва што не ставіць, тым болей у беларускай арміі. Яе прэстыж знішчаны, а суіцыды там здараюцца часцей, чым у турмах».

Актывісты «Моладзевага блоку» распавялі «Новаму Часу» пра сваё апытанне болей як 2,5 тысячы маладых людзей наконт іх стаўлення да службы ў войску — ад фобіяў да матывацыяў. Вось, напрыклад, чаму хлопцы ва ўзросце ад 18 да 21 года не жадаюць служыць: перадусім праз верагоднасць дзедаўшчыны (трывога 62% апытаных), умовы жыцця (39%) і меркаванне, што ў войску мала ўласна ваеннай падрыхтоўкі (37%). Іншыя папулярныя адказы: забарона на карыстанне смартфонамі і ноўтбукамі, тэрмін службы (1 год і 1,5 года пры наяўнасці і адсутнасці вышэйшай адукацыі), савецкая ідэалогія.

А вось якія чыннікі могуць заахвоціць служыць.

Топ–3 адказаў: кароткі тэрмін службы — 6–9 месяцаў (53% апытаных), высокія грашовыя выплаты (40%), магчымасць пакідаць часць у выхадныя дні (38%). Іншыя папулярныя адказы — магчымасць паслужыць перыядамі па 2–3 месяцы, насычаная падрыхтоўка, наяўнасць відэакамераў у часцях, захаванне працоўнага месца і занясенне армейскай службы ў працоўны стаж (як мы вышэй напісалі, гэта дзяржава зусім нядаўна гарантавала).

«Моладзевы блок» — а яго прадстаўнікі спрабавалі балатавацца летась у Палату прадстаўнікоў — прапануе прадстаўляць адтэрміноўкі на кожную ступень адукацыі, увесці рэгулярныя звальняльныя на выходных, дазволіць салдатам карыстанне мабільнікамі ў вольны час, стварыць беларускамоўныя падраздзяленні, усталяваць відэакамеры ў казармах, перапрацаваць дызайн ваеннай формы.

А што думаеце наконт «закона аб адтэрміноўках» і неабходных рэформах у арміі вы?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: