Што рабіць, калі атакуюць вароны?

У сярэдзіне траўня і чэрвені ў шэрых варон птушаняты пачынаюць выскокваць з гнязда. Подлеткі хаваюцца ў траве, а бацькі часам іх самааддана абараняюць. Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) раіць, як разысціся з варонамі мірна.

Важна памятаць: як бы страшна ні выглядала варона, якая нападае, для вас яна менш небяспечная, чым вы для яе. Птушка ў стрэсе і марнуе шмат сіл, каб прагнаць вас ці вашу сабаку з гнездавога ўчастка, замест таго, каб карміць птушанят. Птушаняты ў гэты час не маюць чорных гальштукаў, характэрных для бацькоў, і звычайна дрэнна лётаюць.

Гэты перыяд доўжыцца звычайна каля тыдня, і ў гэты час лепш за ўсё абыходзіць гнездавы ўчастак бокам: так будзе спакайней і вам, і птушкам. У Аўстраліі варона-свістун так актыўна нападае на людзей у некаторых рэгіёнах, што ўлады забяспечваюць жыхароў картамі, дзе пазначаныя гнёзды гэтых птушак, каб людзі ведалі, якія месцы лепш абмінуць.

Добрая ідэя - пазначыць «зону з варонамі», павесіўшы вакол яе таблічкі з надпісам накшталт: «Асцярожна! Магчымы напад варон: яны абараняюць птушанят. Абыходзьце пакуль гэты ўчастак.»

Калі ўсё ж ніяк нельга абыйсці ўчастак, то ісці варта толькі па дарожцы, не заходзячы на траву.

Калі вы бачыце птушаня вароны, якое не ўмее лётаць, ля самай дарожкі, то лепш перанесці яго крыху далей на траву - там спакайней. Але будзьце пры гэтым гатовыя да атакі гнеўных бацькоў. Для бяспекі насуньце капюшон або раскрыйце над галавой парасон. Адпудзіць варону падчас атакі можна вокрыкам. Ні ў якім разе не лавіце птушанят, якія ўцякаюць.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: «У гарадах Беларусі гняздуюцца некалькі відаў воранавых, але ніхто з гарадамі не звязаны цяпер так моцна, як шэрыя вароны. Услед за чалавекам вароны амаль пагалоўна пакінулі сельскую мясцовасць і перасяліліся ў гарады. Гракі і сарокі ніколі не абараняюць сваіх птушанят, хоць хвалююцца за іх не менш. Я не раз назіраў матуль, якія абаранялі птушанят, але ні разу не пацярпеў ад іх. Птушкі заўсёды спачатку папярэджваюць (эканомяць энергію), таму паспрабуйце не ігнараваць іх сігналы і будзеце цэлыя. Гэты перыяд хуткаплынны, і Чалавек разумны мае ўсе шанцы разруліць патэнцыйную канфліктную сітуацыю ўзаемавыгадна.»

Відэа атакі варон, аўтар відэа Таццяна Сярмяжка:

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: