Што рабіць, калі да вас у хату завітаў «бэтмэн»? Як ратуюць кажаноў

Праз прыадчыненае акно ў кватэру мінчука пракралаўя кажан. Што было далей, і як дзейнічаць гараджанам пры сустрэчы з рукакрылымі, даведвалася карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».

Аб нечаканай госці распавёў Уладзімір Мікалаевіч з вул. Адзінцова:

— Уначы акно на кухні пакінулі адкрытым на праветрыванне. Праз яго звярушка і трапіла да нас. Не ведаю чаму, але спаць яна ўлеглася ў шкляную салатніцу, якая стаяла на падваконніку. Ранішняя сустрэча з незвычайнай госцяй стала, вядома, для нас вялікай нечаканасцю. Спачатку мы не ўяўлялі, як учыніць з «бэтмэнам», і перакінулі яго ў трохлітровы слоік, накрыўшы вечкам з адтулінамі. А пакуль шукалі кантакты спецыялістаў, гатовых падказаць, што рабіць далей, мышка актыўнічала: шыпела, паказвала зубкі ...

У інтэрнэце Уладзімір Мікалаевіч знайшоў патрэбныя каардынаты і, кіруючыся рэкамендацыямі прафесіянала, змясціў лятучую мыш у скрынку з-пад абутку, заклеіў скотчам і адвёз на вул. Акадэмічную, 27, у навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах, дзе ўжо год дзейнічае Цэнтр па выратаванні кажаноў «КажанаПоліс». Там даведаўся, што яго госця — далёка не адзіная жыхарка.

Каментар спецыяліста

Пра тое, чым выдатныя кажаны, чаму яны могуць апынуцца ў гарадскіх кватэрах і як правільна рабіцьу такіх выпадках, распавёў старэйшы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Аляксей Шпакаў:

— Гэта унікальныя жывёлы, — адзначыў навуковец. — З усіх млекакормячых толькі яны здольныя лётаць і арыентавацца ў прасторы дзякуючы выкарыстанню ультрагуку. Акрамя таго, рукакрылыя ў вялікіх колькасцях ядуць шкодных насякомых. Але гэтыя млекакормячыя знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Таму з 19 відаў, якія жывуць у Беларусі, 8 занесены ў Чырвоную кнігу. У Еўропе, дарэчы, у гэтым спісе лічацца ўсе віды. Не варта думаць, што кажаны, як у міфалогіі і фільмах, вялікія і страшныя. Размах іх крылаў у сярэднім дасягае 25 см. Здараецца, некаторых з іх прымаюць за дзіцянятаў, але гэта ўжо дарослыя асобіны.

— Ці часта гэтыя звяркі трапляюць да вас?

— Прыкладна за паўтара месяца мінчане прывезлі ў Цэнтр «КажанаПолiс» 24 кажаны, адна з якіх апынулася з чырвонакніжнікаў. Гэта паўночны кажанок. Бывае, у дзень прымаем па 5 асобін, часам — ніводнай. Падобная сітуацыя назіраецца практычна кожны год, калі тэмпература імкнецца да нуля.

— Чым выкліканы такія паводзіны крылатых звяркоў у сезон, калі, па ідэі, яны павінны знаходзіцца ў зімовай спячцы?

— Рукакрылыя самі гнёздаў не будуюць і часта селяцца ў пабудовах людзей. Часам прачынаюцца зімой і аказваюцца на вуліцы, што для іх вельмі небяспечна. Нярэдка іх знаходзяць на зямлі, на снезе, адбіваюць у крумкачоў. Трапляюць яны і ў пад'езды, на балконы, нават у кватэры. І людзям трэба прымаць рашэнне: што рабіць. Выкінуць на вуліцу — значыць выракчы жывёлу на пагібель.

У многіх краінах Заходняй Еўропы даўно існуюць цэнтры рэабілітацыі, дзе звяроў прымаюць «на зімоўку». Там іх абследуюць і ўводзяць у стан спячкі. Першыя такія цэнтры на постсавецкай прасторы з'явіліся ва Украіне, потым у Расіі. Наш цэнтр узнік як вынік супрацоўніцтва трох арганізацый — ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, які нам дае месца.

— У чым заключаецца дзейнасць цэнтра?

— Прывезеных жывёл мы абследуем і ўводзім ў зімовую спячку. Ідэальныя ўмовы для спячкі большасці відаў рукакрылых — тэмпература ад 0 - 7 градусаў і высокая вільготнасць (не выпадкова падзямеллі, склепы, падвалы — звыклыя для іх месцы рассялення). І фактычна — гэта тэмпература звычайнага бытавога халадзільніка. Кожнага звера змяшчаем у баваўняны мяшочак, іх нумаруем і вешаем ў халадзільную камеру, а звесткі заносім у базу дадзеных. Раз у 10-14 дзён дастаем іх і узважваем. Калі звяркі дасягаюць ніжняга парога масы (у розных відаў ён свой), дакормліваюць іх і зноў апускаюць ў спячку. Калі вага нармальная, нават не абуджаем.

— Што рабіць гараджанам, калі выявілі ў хаце ці на вуліцы кажана?

— Самае галоўнае — не панікаваць і як мага хутчэй патэлефанаваць нам па гэтым нумары тэлефона +375 (29) 213-92-57.

Пры зносінах з рукакрылымі трэба памятаць: яны бяспечныя і бясшкодныя, але браць іх у рукі трэба толькі ў шчыльных пальчатках, таму што могуць ўкусіць: гэта натуральная ахоўная рэакцыя любога жывога стварэння на ўяўную агрэсію. Звярка неабходна змясціць у звычайную кардонную скрынку, напрыклад, з-пад абутку, прарабіўшы ў ёй невялікія адтуліны, і заляпіць скотчам. Ня трэба садзіць мыш у шкляную або бляшаную банку, таму што там жывёла можа гамокнуць, і воўна зліпнецца. Не варта яе таксама карміць-паіць: мы ўсё зробім самі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: