Што рабіць, калі затрымалі блізкіх людзей. Парады праваабаронцаў

«Халодная вясна 2017» у Беларусі яшчэ не скончылася, а затрыманых ужо больш за 200 чалавек. Часопіс 34mag.net прапануе актуальную інструкцыю на выпадак, калі вашых блізкіх затрымалі падчас акцыі пратэсту.



Па якой прычыне затрымліваюць?

 Закон не адпавядае міжнародным стандартам і сфармуляваны настолькі некарэктна, што парушыць яго можна, калі пляскаць у далоні альбо бегаць разам з сябрамі па парку. Нават на дазволеных акцыях міліцыі можа проста не спадабацца твой плакат. Дастаткова апынуцца не ў тым месцы і не ў той час. Часцей за ўсё затрыманыя падчас акцый пратэсту праходзяць па арт. 23.34. КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і па арт. 23.4. КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў».

 

Калі ты стаў (-а) сведкам затрымання

 Будзь гатовы (-а) атрымаць «ляшча», калі хочаш абараніць іншага. Хутчэй за ўсё, цябе таксама затрымаюць і асудзяць за непадпарадкаванне. Даказаць, што абараняў (-а) сябе ці свайго таварыша, будзе вельмі складана.
Лепш за ўсё працуе фота- і відэаздымка. Іх медыйны эфект можа дасягаць сотні тысяч праглядаў і больш. Як вынік — візуальныя доказы для абскарджвання прысуду і падмочаная рэпутацыя супрацоўнікаў АМАПа.

 

Дзе шукаць затрыманых?

 Адразу шукай праз СМІ і сайт «Вясны» інфу пра тое, у якім РУУС могуць быць затрыманыя. Тэлефанаваць у Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў ГУУС Мінгарвыканкама — даволі бязглузда, але чым чорт не жартуе. Калі што, тэлефонныя нумары шукай тут.
Калі праз некалькі гадзін чалавек не выходзіць на сувязь, тэлефануй адразу ў ЦІП. Адрасы і тэлефоны ЦІП, ІЧУ, РУУС і судоў Мінска знойдзеш тут.

 

Першая дапамога

 Калі даведваешся аб затрыманні знаёмых, адразу паведамляй у праваабарончы цэнтр «Вясна». Яны змогуць цябе юрыдычна пракансультаваць.
Калі чалавек сапраўды затрыманы і знаходзіцца ў ЦІПе, можна знайсці адваката самастойна або з дапамогай «Вясны». Праўда, у РУУС яго не пусцяць, хоць у адпаведнасці з кодэксам гэта магчыма. Вядома, адвакат не бог, але па меншай меры ён / яна будзе мець доступ да матэрыялаў справы.
Важна даведацца праз ЦІП або праваабаронцаў, у якім РУУС знаходзіўся (-ась) затрыманы (-ая), каб потым чакаць яго / яе ў тым жа судзе.

 

Суд

 Як правіла, судовы працэс адбываецца на наступны дзень пасля затрыманьня. Да 9-10 раніцы ў суд прывозяць затрыманых гуртам з Акрэсьціна ў аўтазаку, але бывае па-рознаму. У судзе разбіраюцца, каго да якога суддзі накіраваць і ў колькі. Пасля вывешваюць спісы з інфармацыяй. Гэты працэс можа доўжыцца ўвесь дзень.
Калі інфармацыі на стэндах няма, смела ідзі ў кабінет старшыні суда і пытай, каму з суддзяў ён размеркаваў справу вашага (-ёй) знаёмага (-ай). Патрабуй, каб інфармацыя з'явілася на стэндах, якія звычайна знаходзяцца ля ўваходу.

 

Арышт

 Ёсць тры месцы, куды адпраўляюць адміністрацыйна арыштаваных:
— Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (г. Мінск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36). Там жа знаходзіцца і ІЧУ (г. Мінск, 1-ы завулак Акрэсціна, 36а);
— Цэнтр ізаляцыі Мінскага РУУС (г. Мінск, вул. Ф.Скарыны, 20);
— Жодзінскі РУУС (г. Жодзіна, вул. Сухаградская, 1).
У ІЧУ трымаюць арыштаваных па крымінальных справах, у ЦІПе — па адміністрацыйных. Калі ЦІП запоўнены, частку адміністрацыйна арыштаваных саджаюць у ІЧУ. Калі месцаў у Мінску няма, адпраўляюць у Жодзіна.
У цябе не будзе ніякай сувязі з затрыманым (-ай) на тэрмін арышту. Сустрэчы і тэлефонная сувязь з арыштаванымі на суткі забароненыя. Калі тэрмінова трэба звязацца з арыштаваным (-ай), убачыць яго / яе зможа толькі адвакат. Лісты ад іх таксама не прыходзяць. Падрыхтуйся да інфармацыйнага вакуума.

 

Калі і як прыносіць перадачы?

 У ЦІПе на Акрэсціна перадачы прымаюць штодня з 10:00 да 13:00.
Перадача павінна важыць не больш за 5 кіло.
Дакладна прымаюць перадачкі ад блізкіх сваякоў (мамы, таты, брата, сястры, мужа, жонкі).
Калі ты не трапляеш у гэтую катэгорыю, ёсць дзве стратэгіі. Можна назвацца зводнай (-ым) сястрой / братам арыштаванага (-ай). Напрыклад, калі ў вас супадаюць імя па бацьку. Могуць паверыць і на слова. Калі не, пішы заяву на імя начальніка ЦІП. У Пастанове МУС «Аб зацвярджэнні Правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту» прапісана, што з дазволу начальніка ЦІПа перадачкі могуць прыняць не толькі ў блізкіх родных. Узор заявы шукай тут.
Заяву на перадачкі на іншага павінен пісаць сам (-а) арыштаванымі (-ая), таму лепш пра гэта з ім / ёй дамовіцца ў судзе. Праўда, па словах начальніка ЦІПа, «перадачы ад няблізкіх родных ужо не прымаюць, так як усе імі забяспечаны».
Таму, хто перадае, неабходна мець пры сабе пашпарт.
Дзяжурны вырашае, згодна з правіламі, якім будзе графік перадач. Апошняя інфармацыя: раз у тры дні. Аднак варта спрабаваць штодня: эмпірычным шляхам даказана, што і гэта магчыма.
Чалавечы фактар ​​працуе на ўсе сто: поспех мерапрыемства залежыць ад настрою дзяжурных змены.
Будзь ветлівым (-ай) і мілым (-ай) з дзяжурнымі, і тады, нягледзячы на ​​ўсе перашкоды, перадача зможа знайсці свайго (сваю) атрымальніка (-льніцу).

 

Што можна перадаваць?

 Сродкі асабістай гігіены: туалетную паперу, зубную пасту, шчотку, шампунь, мыла, вільготныя сурвэткі. Паглядзі спіс must have.
Зменную бялізну, цёплыя шкарпэткі, маленькі ручнік.
Шакаладкі, цукеркі, печыва, сухафрукты і арэхі. Чэкні падрабязны спіс прадуктаў харчавання, дазволеных для перадачы.
Кнігі. Часу шмат, і можна лёгка адужыць па некалькі разоў «Уліс» або «На ростанях». Аднак ёсць пэўная іронія ў тым, каб перадаць «Мы» Замяціна, «Працэс» Кафкі або «1984» Оруэла — прапускаюць! Кнігі не прападуць, так як па вызваленні арыштаваныя забіраюць усе рэчы з сабой.
Сканворды, крыжаванкі, судоку — таксама выдатны спосаб прабавіць час у чаканні вызвалення.
Алоўкі, ручкі, папера, нататнік.
Цыгарэты і запалкі. Запальніцы адбіраюць.
Перад тым як несці перадачу, правер са спісам прадметаў, рэчаў і прадуктаў харчавання, якія могуць атрымліваць адміністрацыйна арыштаваныя. Гэта прапісана ў Пастанове МУС.
Запомні адно: любыя спробы перадаць запіску ў «снікерсы» або ў бохане хлеба будуць бязлітасна спыняцца. Таму альбо хавай з розумам, альбо надай сімвалізм пэўным рэчам у перадачкі.

 

Можна дасылаць лісты, паштоўкі, тэлеграмы?

 Так. Для гэтага трэба напісаць прозвішча, імя, імя па бацьку затрыманага (-ай) і адрас ЦІПа ў Мінску — 220089, Акрэсціна 1-й зав., 36, а ІЧУ — такі ж, толькі нумар дома 36а.
Не пішы нічога лішняга, бо ўся карэспандэнцыя праходзіць цэнзуру. Дойдзе ці не — віламі па вадзе пісана. Звычайна іх аддаюць ужо пры вызваленні. І перадай канверты.

 

Ці можна абскардзіць рашэнне?

 Так, на працягу пяці дзён, згодна з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адвакат можа падаць скаргу, толькі калі ўдзельнічаў (-а) у працэсе. У іншым выпадку абскардзіць рашэнне можа толькі сам (-а) арыштаваны (-ая). Скаргу разгледзяць ужо пасля вызвалення. Далей трэба падаць скаргу старшыні Мінскага гарадскога суда, потым — ісці ў Вярхоўны суд, а пасля можна і ў міжнародныя інстанцыі — напрыклад, у Камітэт па правах чалавека ААН.

 

Вызваленне

 Час адсідкі адлічваецца з моманту затрымання, які пазначаны ў пратаколе. Напрыклад, калі чалавека затрымалі 15 сакавіка ў 19:40 на 15 сутак, то вызваляць 30 сакавіка ў 19:40.
Пасля вызвалення затрыманы (-ая) забірае з сабой асабістыя рэчы і атрымлівае рахунак за харчаванне ў ізалятары: 11 рублёў у дзень.
За апошні сезон ніхто не выходзіў з ЦІПа ножкамі — усіх вывозілі ў РУУС. Здараецца і так, хоць гэта і не па працэдуры. Аднак потым прыйдзецца лавіць чалавека ўжо па сувязі. Самыя дасведчаныя прыязджаюць пад ЦІП.
Пасля вызвалення праваабаронцы гатовыя дапамагаць складаць скаргі на ўмовы ўтрымання (і настойваюць на гэтым) — толькі так ізалятары і змяняюцца.


Пераклад НЧ, фота pixabay.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: