Што сказаў нам Раман Бандарэнка

Сёння ў Мінску развітваліся з Раманам Бандарэнкам. Развітанне праходзіла ў храме Уваскрасення Хрыстова, што недалёка ад Курапатаў. І тут ужо праглядаюцца такія знакі гісторыі і прыроды, не зважаць на якія немагчыма.
Праводзіць Рамана Бандарэнку прыйшлі тысячы людзей. З ім развітваліся так, як развітваюцца з героямі: пад воклічы «Жыве Беларусь!», «Вечная памяць герою!», «Не забудзем, не даруем». Машыны ўтварылі затор і гулі так, што чуваць было на шмат кіламетраў наперад. Нават пасля развітання людзі ўсё неслі і неслі кветкі да царквы.



Раман Бандарэнка — сапраўды герой, якога забілі — не, не за стужкі, а за прагу свабоды. Менавіта яе выйшаў бараніць Раман 11 лістапада ва ўласным двары — так склалася, што беларуская свабода сёння нараджаецца менавіта тут, у дварах. Таму яго заўчасная смерць набыла надзвычайны сэнс у беларускай гісторыі, стаўшы сімвалам змагання.

Але і па смерці Раман Бандарэнка нібыта працягвае гаварыць з намі. І тут толькі трэба ўмець чытаць знакі.


Напрыклад, Уваскрасенская царква, у якой развітваліся з Раманам. Нават назва прыхода — Уваскрасення Хрыстова — сведчыць пра перамогу святла над цемрай. Менавіта такую бітву з цемрай вядзе цяпер беларускі народ. Адметна, што ўнутры гэты храм распісаны выявамі беларускіх святых.

Апроч гэтага, Уваскрасенскі прыход вядомы тым, што доўгі час апекаваўся Курапатамі. Напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-х настаяцелем храма быў іерэй Уладзімір Стукач. Ёсць сведчанні, што ён разам з яшчэ адным прыхаджанінам храма, мастаком Анатолем Кузняцовым, удзельнічаў у перапахаванні ахвяр Курапатаў. Пэўны час прыхаджане царквы высаджвалі ў мемарыяле дрэвы, святары ладзілі богаслужэнні. А Анатоль Кузняцоў убачыў на курапацкіх камянях праявы лікаў святых і распісаў іх — гэтыя распісаныя валуны і цяпер ляжаць у Курапатах. Некалькі дзясяткаў такіх камянёў ёсць і ля царквы.

Пазней Уладзіміра Стукача перавялі служыць у іншае месца, і прыхаджане амаль забыліся пра дарогу на Курапаты. Але вось сёння нам яе зноў паказаў Раман Бандарэнка, нібыта яшчэ раз нагадваючы: Курапаты і Акрэсціна — звёны аднаго ланцуга. Каб спыніць беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі сёння, трэба ўсвядоміць, асудзіць і пакаяцца за тое, што адбывалася больш за 80 гадоў таму. Рэпрэсіі і гвалт, непавага да чалавечай асобы, пагарджанне правамі чалавека павінны назаўжды застацца ў мінулым.



І яшчэ. У момант, калі людзі пачалі заходзіць у храм, каб развітацца з Раманам, у небе ўтварылася сонечнае гало. Здаецца, гэта таксама знак?


Магчыма, нехта абвінаваціць мяне ў залішняй увазе да сімвалаў. Але ўжо даўно стала зразумела, што ў Беларусі барацьба ідзе не на чалавечым, а нейкім вышэйшым узроўні — гэта можна назваць Гісторыяй, Богам, Сусветам ці неяк яшчэ. Але ясна адно: такая барацьба не можа быць прайграная.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: