Што такое «прэс-хата», дзе Сцяпан Латыпаў адсядзеў 51 дзень

Праваабаронца Міхаіл Жамчужны, былы палітвязень, распавёў «Белсату», што такое «прэс-хата».


На судзе 1 чэрвеня Сцяпан Латыпаў, вядомы жыхар «Плошчы Перамен», парэзаў сабе горла. Перад гэтым ён заявіў пра невыносныя катаванні, 51 дзень у так званай «прэс-хаце», а таксама, што ёю пагражалі яго бацьку і нават суседзям.

Міхаіл Жамчужны кажа, што сам у «прэс-хаце» не сядзеў, ведае пра яе толькі ад тых, хто праз яе прайшоў.

Паводле Міхаіла Жамчужнага, «прэс-хата» — гэта такая адмыслова абсталяваная камера, якая адводзіцца ў месцах пазбаўлення волі, у прыватнасці ў следчых ізалятарах, для таго, каб чалавека пры дапамозе катаванняў і гвалту, збіцця, розных метадаў псіхалагічнага ўздзеяння прымусіць прызнаць сваю віну.

«Таму што чалавек, які не прызнаў віны, для следчых органаў, пракуратуры і суду — патэнцыйна небяспечны. Калі віну прызнае — ніякіх шанцаў для абскарджвання ў яго не застаецца. А для следчага і пракурора любая сфабрыкаваная справа становіцца законнай. Таму — катаванні, кармленне псіхатропамі, пагрозы, шантаж…» — кажа былы палітвязень.

Па плошчы «прэс-хата» — стандартная камера (6 метраў даўжынёй і 3-4 шырынёй) з магутнай гукаізаляцыяй і без вокнащ, сцены абабітыя гумовым пакрыццём, якое паглынае ўдары.

З вязнямі «прэс-хаты» «працуюць» супрацоўнікі адміністрацыі, што валодаюць усімі метадамі катавання і болевых прыёмаў, якія не пакідаюць ніякіх слядоў.

«Я іх называю катамі. У гэтых жа мэтах прымяняюць і асуджаных лідараў крыміналу, якія таксама валодаюць метадамі катаванняў.

Мэта ў іх адна: каб гвалтам, псіхалагічным і фізічным, дабіцца ад зняволенага патрэбных паказанняў і прызнання віны. Зламаць чалавека псіхалагічна і фізічна — і даць яму падпісаць, скажам, чыстыя лісты паперы», — распавядае Міхаіл Жамчужны.

Ён удакладняе, што «прэс-хата» і ШІЗА (штрафны ізалятар) — розныя рэчы. «Прэс-хата» адмыслова так абсталяваная, «каб не было чуваць крыкаў і шуму з гэтай "хаты", каб можна было бяспечна і беспакарана катаваць і мучыць зняволеных».

Другі былы вязень Мікалай, які сядзеў тэрмін не з палітычных прычын, кажа, што чуў пра тое, пра што кажа Міхаіл Жамчужны, але ў такіх не сядзеў. Паводле Мікалая, «прэс-хатай» можна назваць і тое, калі да зняволенага ў звычайную камеру падсаджваюць спецыяльных зэкаў, якія ламаюць чалавека і змушаюць яго да супрацоўніцтва са следчымі.

«Але ж цяпер такі рэжым, што любую камеру ў беларускіх турмах можна назваць "прэс-хатай"», — кажа Мікалай, які нядаўна адбываў адміністратыўны арышт па «народных» артыкулах.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: