Што такое «ўтрапенне»? Як Алеся Бяляцкага ў вязніцы ўратавала беларускае слова

У 2012 годзе палітычнага вязня Бяляцкага абвінавацілі ў тым, што ён удзень задрамаў. Ён патлумачыў, што быў у спецыфічным беларускім стане ўтрапення, а гэта зусім ня сон.
Алесь Бяляцкі, праваабаронца і пісьменнік, дзевяць гадоў таму таксама быў палітычным вязнем.
Яго былі абвінавацілі ў тым, што задрамаў на шконцы ўдзень.

Творца патлумачыў, што «знаходзіўся ва ўтрапенні», у спецыфічным, характэрным часам для беларусаў стане, «блізкім да медытацыі».

Гэтая слоўная загадка ўразіла дазорцаў. Бяляцкага пакаралі толькі часткова.

У афіцыйным слоўніку старадаўняе беларускае слова «ўтрапенне» азначае ‘неўтаймаванае праяўленне пачуццяў, але ў класікаў і ў моўнай практыцы яно і пра выкліканую моцным пачуццём засяроджанасць.

Алесь Бяляцкі ня толькі ўсясветна вядомы беларускі праваабаронца. Ён пісьменнік, літаратуразнаўца і гісторык літаратуры, колішні дырэктар менскага музея Максіма Багдановіча (адзіны, каго на гэтую пасаду выбралі супрацоўнікі). То беларускае слова для яго і безумоўная каштоўнасць, і патоля, і — бывала — інструмент, зброя, ратунак.

Алесь ужо быў палітычным вязнем — у 2011–2014 гадах. Пакараны чатырма з паловай гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, не прызнаў «віны», у Бабруйскай калоніі № 2 хадзіў у «злосных парушальніках рэжыму».

20 верасня 2012 году Бяляцкаму вынеслі былі чарговае — праз тыдзень пасля папярэдняга — спагнанне. Напярэдадні ён, бывалы і са стажам палітычны вязень, перад працай (шыццём рукавіцаў) на хвіліну задрамаў, як палічыў прыганяты.

Але, на дзіва, у штрафны ізалятар не пасадзілі, абмежаваліся «нечарговым дзяжурствам». А прычынай нечуванага лібералізму было... беларускае слова!

Было так. Склалі акт за парушэнне. Да яго вязень мусіць далучыць тлумачальную паперу.

Бяляцкі і патлумачыў, што ня спаў, а знаходзіўся «ва ўтрапенні». І што гэта такі спецыфічны стан, характэрны часам для беларусаў, «...блізкі да медытацыі... Ён дазваляе адцягнуць увагу ад цяжкіх роздумаў. У адрозненне ад сну, з яго можна даволі хутка выйсці і няма паслясонных рэфлексаў (пазяхання, пацягвання)», – цытаваў тую паперу Алесь у лісце да Валянціна Стэфановіча. У тлумачальнай дадаў і пра недасыпанне, і пра ўзрост.

Акт разглядаў начальнік калоніі. «Выклікаў мяне, сядзелі некалькі афіцэраў, ён уголас зачытаў, яны сядзелі з каменнымі тварамі... Паспрабаваў адчытаць за бел. мову. Я адказаў, што гэта не мая праблема, па-іншаму не магу. Атрымаў "парушэнне", мабыць, перадачы пазбавілі», – так расказваў Алесь.

Што ж азначае загадкавае ўтрапенне — «стан, характэрны часам для беларусаў», як патлумачыў вязень назорцам? Мо яны нават ліхаманкава капаліся ў слоўніках — да чаго тое беларускае ўтрапенне бліжэй і да чаго можа прывесці? Ці то яно як малайскі шалёны амок (мо памятаеце аповесць Янкі Маўра?), ці, наадварот, як японскі засяроджаны дзэн? У кожным разе Алесева тлумачэнне падзейнічала, вязня не пакаралі папоўніцы.

А слова сапраўды таямнічае — эвалюцыяй і семантыкай. У афіцыйным тлумачальным слоўніку мае толькі такое значэнне: ‘неўтаймаванае праяўленне якіх-н. пачуццяў; безразважнасць, шаленства’.

Слова ўтрапенне і аднакаранёвыя — утрапёны, утрапёнасць — былі ўжо ў старабеларускай. Тады ўтрапенне азначала пакуту ці смутак. А яшчэ — аскетызм.

Утрапенне мае супольны праславянскі корань з словам «цярпець». Часам слова лічаць паланізмам, хоць фанетычныя рысы ў яго хутчэй паўднёваславянскія ці чэшскія. Дый у беларускай мове яно мае іншае значэнне (па-польску utrapienie проста ‘цяжкая, прыкрая сітуацыя’).

Вось жа ўтрапенне, акрамя іншага, — моцная канцэнтрацыя, засяроджанне на сваіх пачуццях.

P. S. Зрэшты, як разважае сам Алесь, мо прычына змякчэння кары за «правіну» была не містычна-лексічная, а палітычная: тагачасны нунцый Ватыкана ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроці акурат пажадаў быў сустрэцца з палітычнымі вязнямі, у тым ліку з Бяляцкім, і ўлады мусілі пагадзіцца. 25 верасня 2012 года, у дзень народзінаў Алеся, да яго прыйшоў нунцый — адзіны, каго дапусцілі да вязня, апрача адвакатаў. Але ў кожным разе беларускае ўтрапенне дапамагло Алесю Бяляцкаму тады — і дапаможа цяпер.

Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў). Тады сілавікі ўзялі таксама іншых «вясноўцаў» — Валянціна Стэфановіча і Уладзімера Лабковіча.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: