Што ў Мінску будуць рабіць кіраўнікі каталіцкіх цэркваў Еўропы

28 верасня — 1 кастрычніка ў Мінску адбудзецца пленарнае паседжанне рады Канферэнцый біскупаў Еўропы, прысвечанае моладзі і будучыні еўрапейскага кантынэнту як супольнага дому. Правесці такую імпрэзу ў Беларусі пастанавілі галасаваннем на леташнім падобным форуме кіраўнікоў каталіцкіх эпіскапатаў Еўропы ў княстве Манака.

Мяркуецца, што кіраўнікоў Канферэнцый біскупаў еўрапейскіх краін прымуць Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Шорац.

Пра гэта сказаў дырэктар парталу catholic.by ксёндз Кірыл Бардонаў:

«Біскупы будуць размаўляць пра праблемы моладзі таму, што Сынод біскупаў, які будзе праходзіць у наступным годзе ў Ватыкане, таксама будзе прысвечаны моладзі. Другая тэма — будучыня Еўропы, выклікі, якія стаяць перад кантынентам.

На сустрэчу ў Менск прыедзе каля 75 чалавек: амаль усе кіраўнікі Канфэрэнцый біскупаў эўрапейскіх краінаў — гэта 50 біскупаў і кардыналаў, а таксама экспэрты з Ватыкану, журналісты і тэхнічныя супрацоўнікі рады Канферэнцый біскупаў Еўропы. Бальшыня біскупаў наведае Беларусь упершыню. З вельмі ўплывовых будзе кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў, які 28 верасня правядзе імшу ў Чырвоным касцёле.

28 верасьня а 10-й раніцы ў Палацы незалежнасці кіраўнікі Канферэнцый біскупаў еўрапейскіх краін сустрэнуцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Урачыстае адкрыцьцё Рады Канферэнцый біскупаў Еўропы адбудзецца ў мінскай Ратушы, будзе прысутнічаць старшыня Мінгарвыканкаму Андрэй Шорац. Форум пройдзе ў гатэлі «Вікторыя-Алімп».

Біскупы Еўропы памоляцца ў трох святынях Мінску

Сьвятыя імшы 28–3 верасня адбудуцца ў касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле), архікатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі (на плошчы Свабоды), касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха). Расклад асноўных набажэнстваў тут.

1 кастрычніка старшыні эпіскапатаў Эўропы наведаюць іншыя парафіі Мінска, дзе таксама ўзначаляць святыя імшы і сустрэнуцца з вернікамі.

Старшыня беларускага эпіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце ў сувязі з правядзеннем у Мінску пленарнай асамблеі РКБЭ адзначыў, што выбар месца для такой імпрэзы, беспрэцэдэнтнай у гісторыі каталіцкага касцёла Беларусі — вялікі гонар як для беларускага касцёла, так і для краіны.

«Яшчэ ніколі Беларусь адначасова не наведвалі паўсотні вышэйшых герархаў каталіцкага касцёла старога кантынэнту. У той жа час гэта і вялікая адказнасць, якая ўскладаецца на каталіцкі касцёл у Беларусі, які ў мінулым годзе адзначыў сярэбраны юбілей свайго адраджэння пасля трох пакаленняў ганенняў. Надыходзячы форум — гэта прызнанне ролі каталіцкага касцёла як у нашай краіне, так і ў Еўропе. Гэта таксама знак салідарнасці еўрапейскіх каталікоў з беларускімі і павагі да нашай краіны», — адзначае Кандрусевіч.

Ён звяртае ўвагу на факт: што гэтая гістарычная падзея адбудзецца ў юбілей 950-годдзя заснавання Мінска і 500-годдзя выданьня Бібліі Францішкам Скарынам як першай друкаванай кнігі ва ўсходнеславянскім свеце.

Мінск стане сталіцай Рады Канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы (ККБЭ) ужо другі раз. 14–16 чэрвеня 2007 года ў сталіцы Беларусі праходзіла 35-я сустрэча генеральных сакратароў Канферэнцый каталіцкіх біскупаў на тэму «Міграцыя — выклік для Еўропы».

У 2014 годзе ў Мінску адбыўся IV каталіцка-праваслаўны форум «Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі хрысціянскім цэрквам у Еўропе», у якім узялі ўдзел высокія праваслаўныя і каталіцкія герархі з 22 краінаў.

У 2015 годзе Беларусь наведаў дзяржаўны сакратар яго святасьці папы Францішка кардынал Пʼетра Паралін. Урачыстасці сярэбранага юбілею адраджэння структур каталіцкага касцёла ў Беларусі, якія ў гэтым годзе праходзілі ў Будславе, узначаліў спецыяльны пасланнік папы Францішка кардынал Крыстаф Шонбарн з Вены.

Рада Канферэнцый каталіцкіх біскупаў Еўропы бярэ свой пачатак з 1965 году, калі 13 кіраўнікоў нацыянальных эпіскапатаў сустрэліся ў Рыме і заснаваны камітэт, каб спрыяць больш шчыльнаму супрацоўніцтву на ўзроўні мясцовых эпіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся ў Рыме 23 – 24 сакавіка 1971 года.


Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: