Што вісіць у вас пад носам?

Чаму бяздумныя заклікі «насіць маскі» прыносяць шкоду.


«А чаму вы без маскі?», — пытаюцца ў людзей журналісты. Пры гэтым гутарка адбываецца на вуліцы (скажам, у скверы), а журналіста ад суразмоўцы аддзяляе не менш за два метры. Я ўжо не кажу, на што можна натрапіць у сацыяльных сетках. Знаёмая жонкі (медсястра, між іншым, але медыцынская адукацыя ёй не дапамагае цвяроза глядзець на рэчы) апублікавала карцінку, на якой людзі без масак параўноўваюцца з людзьмі без штаноў. Маўляў, «штаны дапамагаюць, калі на вас памочыцца мінак» (так і напісана!). Усё, мы ў сям’і перастаем насіць шорты і спадніцы!

Да чаго прыводзяць такія бяздумныя заклікі? Па маіх назіраннях, сапраўды многія на вуліцах Мінска ходзяць у масках. Але як яны іх носяць? Вось юнак грае ў тэніс на адкрытай пляцоўцы, маска пад носам. Ад партнёра яго аддзяляе метраў дзесяць, іншых людзей вакол няма. Вось маладая маці выйшла з крамы і адразу ссунула маску на падбародак, каб паразмаўляць са сваімі дзецьмі ды іх бабуляй, што чакалі на ганку. Вось мужчына вырашыў запаліць цыгарэту, для чаго ссунуў маску ўніз. Вось дзядзька сталага веку едзе ў трамваі і бесперастанна чухае сваю шматразовую тканую маску — перашкаджае яна яму, казыча. А вось хіпстэр гуляе па парку (!) у рэспіратары!

З тых людзей у масках, з якімі я штодня сутыкаюся на вуліцах свайго горада, прыкладна палова носіць іх так, як Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова — пад носам, на падбародку ці наогул дзе-небудзь на шыі.

Мяркую, што немалая доля іншых таксама то сцягвае маску ніжэй, то падымае вышэй, проста робіць гэта не ў той кароткі момант, калі я іх бачу. А з тых, хто носіць маску, не здымаючы, ладная частка носіць не аднаразовыя медыцынскія, а марлевыя ці шматразовыя маскі з іншай тканіны. Нарэшце, не факт, што ўсе тыя, хто носіць аднаразовыя маскі, робіць гэта адзін раз і не больш за рэкамендаваныя дзве гадзіны.

На жаль, тое самае назіраецца і ў гандлі, і ў сферы паслуг, дзе нашэнне масак прадпісаў гарвыканкам. Праходжу міма адкрытай тэрасы рэстарана — там афіцыянтка ў шматразовай масцы пад носам чакае кліентаў. Каля салона прыгажосці тры яго супрацоўніцы паляць — маскі на падбародках. Тут, вядома, праблема ў працадаўцах, якія не забяспечваюць работнікаў належнай колькасцю аднаразовых масак. Але і работнікі маглі б галавой карыстацца не толькі для таго, каб у яе паліць.

Дык давайце яшчэ раз: ці трэба насіць маскі насельніцтву (не медыкам) у час эпідэміі каронавірусу, і як іх насіць.

СААЗ нам не ўказ!

Вось добрая (!) беларуская журналістка Алена Спасюк піша матэрыял у форме пытанняў і адказаў пра нашэнне масак. Адно з пытанняў: «Ранее ВОЗ заявляла, что людям без симптомов респираторного заболевания носить медицинскую маску не нужно. А что изменилось?» І далей развівае нейкія тэорыі, быццам нешта змянілася. Але пазіцыя СААЗ ані на час напісання артыкула Спасюк (21 красавіка), ані на час напісання майго матэрыялу (пачатак траўня) не змянялася. Цытую: «Шырокае выкарыстанне масак здаровымі людзьмі ў грамадскіх месцах не абгрунтоўваецца наяўнымі даследаваннямі і нясе з сабою няпэўнасці і крытычную рызыку». Даруйце, Алена, але такія пасажы зніжаюць мой ранейшы давер як у прыватнасці да Вашых артыкулаў, так і ў цэлым да выдання, на якое Вы працуеце.

У беларускай пішучай публікі ёсць недавер да СААЗ. Яго можна абгрунтаваць гістарычна. Напрыклад, СААЗ у сваіх «чарнобыльскіх» справаздачах працягвае прымяншаць уплыў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе «ліквідатараў» і насельніцтва.

Добра, спадары еўрааптымісты, давайце звернемся да выпушчаных 8 красавіка афіцыйных парадаў Еўрапейскага цэнтру папярэджання і кантролю хваробаў (ECDC). Гэты цэнтр пра Чарнобыль нам яшчэ не хлусіў.

Што раяць і ад чаго засцерагаюць еўрапейскія інфекцыяністы?

Як пішацца ў згаданай справаздачы, у тэорыі выкарыстанне медыцынскіх масак насельніцтвам можа дапамагчы змагацца з COVID-19 наступным чынам: першы час хвароба можа працякаць бессімптомна, і пагалоўнае нашэнне масак насельніцтвам можа знізіць колькасць кропляў сліны хворых людзей у паветры ў грамадскіх месцах. То-бок, калі вы надзяваеце маску, вы лічыце, што можаце быць носьбітам вірусу, і стараецеся абараніць навакольных ад заражэння (так званы «кантроль крыніцы»). Самога носьбіта маскі яна не абараняе.

Медыцынскія рэспіратары, наадварот, абараняюць носьбіта рэспіратара, але не навакольных.

Не-медыцынскія маскі больш простыя ў вытворчасці, і таму могуць быць больш шырока распаўсюджаны, але яны менш эфектыўныя як сродкі «кантролю крыніцы». Не існуе стандартаў для такіх масак. Больш за тое, адно з даследаванняў паказала, што марлевыя маскі нясуць для таго, хто іх надзявае, большую рызыку пранікнення мікраарганізмаў і вірусаў тыпу грыпу ў параўнанні з адмовай ад нашэння маскі.

Але спецыялісты папярэджваюць, што масавае выкарыстанне масак сярод насельніцтва можа несці сур’ёзныя небяспекі:

1. Неабходна гарантаваць, каб медыцынскія маскі для твару (і рэспіратары) у першую чаргу траплялі да работнікаў аховы здароўя; у многіх краінах Еўропы назіраецца недахоп сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў.
2. Існуе рызыка, што няправільнае нашэнне і/ці зняцце маскі, няправільнае абыходжанне з выкарыстанай маскай ці тэндэнцыя часта дакранацца да твару, калі маска надзетая, могуць павялічыць небяспеку перадачы інфекцый.
3. Выкарыстанне масак можа весці да памылковага адчування бяспекі, што ў сваю чаргу прывядзе да парушэнняў фізічнага дыстанцыявання, недатрымання рэспіраторнага этыкету і гігіены рук — і нават да выхаду хворых людзей з дому.

Еўрапейскія адмыслоўцы падкрэсліваюць, што выкарыстанне масак насельніцтвам можа разглядацца толькі як дадатковая мера, а не як замена ключавых папераджальных мер: фізічнага дыстанцыявання, знаходжання дома ў выпадку хваробы, працы на адлегласці па магчымасці, належнай гігіены рук, пазбягання дотыкаў да твару (асабліва носа, рота і вачэй).

Выкарыстанне масак у супольнасці трэба папярэджваць маштабнай інфармацыйнай кампаніяй па іх правільным выкарыстанні.

Цяпер давайце пройдземся па гэтых пункты у беларускай сітуацыі.

1. Ці ўсім лекарам Беларусі, якія працуюць з COVID-19, хапае звычайных хірургічных масак (не кажучы пра рэспіратары)? Не. Асабліва шмат скаргаў на недахоп індывідуальных сродкаў абароны паступае з правінцыі. То не адбірайце сродкі індывідуальнай абароны ў дактароў і сацыяльных работнікаў!

2. Як мы можам пераканацца на свае вочы штодзень, большасць тых, хто носіць маску, робіць гэта памылкова. Таму ёсць сэнс спачатку правесці шырокую інфармацыйную кампанію, сярод іншага звесці да нуля выкарыстанне марлевых масак і так званых «шматразовых» масак насельніцтвам, навучыць Казлова і Кавалькову не насіць маску пад носам і на шыі. А пакуль таго не адбылося, лепшы асабісты прыклад, які вы можаце паказаць навакольным, — не насіць маску (калі здаровыя і не кантактуеце з хворымі).

3. Статыстыкі ў мяне няма, але ёсць «анекдот» (прыватны выпадак). На днях у краме ў чарзе за мной стаяў чалавек. Па яго словах, у яго было нейкае віруснае захворванне (не COVID-19) і ён знаходзіўся на бальнічным дома. І пры гэтым пайшоў у краму за цыгарэтамі! У масцы. Шматразовай.

Так што праверка не пройдзена. Бяздумныя заклікі насіць маскі, якія не суправаджаюцца дэтальнай інфармацыйнай кампаніяй, прыводзяць акурат да таго, ад чаго перасцерагаюць еўрапейскія эпідэміёлагі.

Як насіць маску, калі вы мусіце гэта рабіць?

Як насіць маску, калі вы па нейкіх прычынах мусіце рабіць гэта ў публічных месцах? Напрыклад, вы з’яўляецеся кантактам першага ўзроўню ці нядаўна прыехалі з-за мяжы, сядзіце дома на каранціне, не можаце замовіць дастаўку прадуктаў на дом і мусіце (з дазволу санітарнай службы) схадзіць у бліжэйшую краму.

1. Эфектыўнасць не-медыцынскіх масак не даказана. Марлевыя хутчэй шкодзяць, чым прыносяць карысць. Карыстайцеся аднаразовымі медыцынскімі маскамі.
2. Перад тым, як надзець маску, вымыйце рукі з мылам (ці апрацуйце антысептыкам, калі вады і мыла побач няма).
3. Знайдзіце, дзе ў маскі верх (там знаходзіцца металічны трымальнік, які мусіць апынуцца на носе).
4.Надзеньце маску, трымаючы яе за гумкі, так, каб яна пакрывала нос, рот і падбародак. Падганіце маску так, каб па баках не заставалася месца для праходу паветра.
5. Насіце маску не больш, чым дзве гадзіны. Калі маска намокла, таксама здыміце яе.
6. Здымаць маску трэба за гумкі, з-за вушэй. Трэба пазбягаць дотыкаў да яе паверхні.
7. Выкіньце маску адразу ж, пажадана ў закрытую сметніцу, ці загарнуўшы яе ў пакет.
8. Вымыйце рукі з мылам пасля выкідання маскі.


А вось чаго рабіць не трэба:

1. Не выкарыстоўвайце маску, калі заўважылі ў ёй дзіркі (калі яна парваная).
2. Не выкарыстоўвайце маску паўторна ці больш за 2 гадзіны.
3. Не насіце маску толькі на носе ці толькі на роце.
4. Не насіце кепска нацягнутую маску.
5. Не дакранайцеся да паверхні маскі.
6. Не спускайце маску, каб пагутарыць ці папаліць. Не рабіце ніякіх іншых дзеянняў, якія вымагаюць дакранання да паверхні маскі.
7. Не пакідайце сваю выкарыстаную маску ў дасягальнасці для іншых.

Для большай нагляднасці плакат ад СААЗ вам у дапамогу.


І яшчэ пра пальчаткі

А вось афіцыйнае меркаванне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя датычна пальчатак як сродку абароны насельніцтва ад віруса. 

«Пытанне: Ці эфектыўна нашэнне гумовых пальчатак у грамадскіх месцах у якасці меры прафілактыкі новай каронавіруснай інфекцыі?
Адказ: Не. Вы ў большай ступені абаронены ад COVID-19, калі не карыстаецеся гумовымі пальчаткамі, але мыеце рукіі. Узбуджальнік каронавіруснай інфекцыі COVID-19 можа забрудзіць гумовыя пальчаткі. Дакранаючыся пасля гэтага да твару, вы перанясеце вірус з паверхні пальчатак на твар і падвергнеце сябе рызыцы заражэння».


Карцінка з мінскай вуліцы. Дзядзька пенсійнага веку, вяртаецца з крамы з пакупкамі. Маска на барадзе, бо ў зубах цыгарэта. На руках гумовыя пальчаткі. Гэтымі самымі пальчаткамі ён даставаў цыгарэту з пачка і ўстаўляў сабе ў рот.

Спецыяльна для «зялёных»

Даводзілася сустракацца з парадамі экалагістаў наконт выкарыстання шматразовых масак. Шаноўныя сябры па «зялёным» руху, паразважайце самі. Па-першае, невядома, ці наогул эфектыўныя нестандартныя маскі, зробленыя з падручных матэрыялаў. Дбаеце пра здароўе навакольных — карыстайцеся аднаразовымі медыцынскімі.

Па-другое, уявім, што вы едзеце па справах у грамадскім транспарце ў шматразовай масцы. Прыехалі. Маску час зняць (проста зняць ці зняць, каб памяняць на іншую). Куды будзем класці, каб давезці дадому і там памыць? У аднаразовы пакет, які потым выкінем у сметніцу? То ці не прасцей выкінуць маску? Нагрузка на навакольнае асяроддзе ў любым выпадку застанецца.


Па-трэцяе, праць шматразовыя маскі рэкамендуюць пры тэмпературы 60 градусаў асобна ад усяго іншага. Рукамі пры такой тэмпературы не памыеш. Будзеце штовечар уключаць пральныя машынкі з-за адной-двух-трох масак? Нішто сабе экалагізм!

Не хочаце засмечваць навакольнае асяроддзе — не карыстайцеся маскамі. Мыйце рукі, не хадзіце без патрэбы па людных месцах, трымайце адлегласць, ездзіце на ровары замест грамадскага транспарту і далей па спісе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: