«Што вы нарабілі, людзі?» Бацьку пяцярых дзяцей прысудзілі да года пазбаўлення волі за супраціў міліцыянтам

Учора, 31 жніўня, у судзе Слуцкага раёна абвясцілі прысуд па справе жыхара Слуцка, паведамляе kurjer.info. Яго абвінавачвалі па частцы 2 артыкула 363 КК РБ: у супраціве міліцыянтам з ужываннем гвалту. Пракурор запытваў 4 гады «хатняй хіміі», але прысуд аказаўся больш жорсткім. Случчаніна ўзялі пад варту ў зале суда.
Фота Алесі Белай, kurjer.info

Фота Алесі Белай, kurjer.info


Абвінавачаны — 44-гадовы рабочы аднаго са слуцкіх прадпрыемстваў, бацька 5-х дзяцей, трое з якіх малалетнія, а адзін — непаўналетні. Мужчына мае хранічнае захворванне. Ён цалкам прызнаў віну і адмовіўся ад абаронцы. Пад вартай не ўтрымліваўся, у суд прыходзіў сам.

Пацярпелыя — два міліцыянты патрульна-паставой службы, абодвум крыху больш за 20 гадоў.

Справу разглядаў суддзя Юры Скрыган. Дзяржабвінаваўца — Маркевіч.

Случчаніна абвінавачвалі ў тым, што ён штурхнуў міліцыянта М. і ўдарыў яго ў вока, а таксама замахнуўся на міліцыянта Б., а потым парваў яму куртку. Усё гэта ён, паводле абвінавачвання, зрабіў, каб перашкодзіць супрацоўнікам міліцыі затрымаць яго і яго сына. Здарэнне трапіла на відэарэгістратары міліцыянтаў.

Пракурор запытваў пакаранне «ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 4 гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу».

Суд прызнаў жыхара Слуцка вінаватым і прысудзіў яго да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд можа быць абскарджаны на працягу 10 сутак з дня абвяшчэння.

Калі суддзя абвясціў прысуд, падсудны сказаў: «Так, а як дзеці? А як сям'я? Вы што нарабілі, людзі? Людзі?»

Яго жонка плакала. Жыхар Слуцка дадаў: «Яна ж цяпер у магілу пойдзе! Рэальна пойдзе ў магілу! Яны зараз пойдуць у дзіцячы дом! Яна не вытрымае! Што вы зрабілі, людзі?»

Зайшлі міліцыянты і ўзялі мужчыну пад варту. Каля будынка суда чакаў аўтазак.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: