Пасля каронавіруса: Закрыццё межаў ужо пазбавіла даходу сотні тысяч беларускіх сем’яў

Пакуль самаізаляваныя беларусы, якія ў пераважнай большасці маюць магчымасць працаваць у тым альбо іншым аб’ёме выдалена, патрабуюць у Фэйсбуку ад уладаў Беларусі жорсткіх каранцінных захадаў, народ у рэале ўспрымае сітуацыю з каронавірусам інакш. І псіхалагічна, і з эканамічнага пункту гледжання.
Бо нібыта ў серыяле-катастрофе доўга жыць не будзеш: ёсць надзённыя патрэбы дый перспектыва заўтрашняга дня. Якой яна будзе? Выглядае на тое, што існаванне ў працяглым каранціне будзе мець больш негатыўныя наступствы для краінаў агулам і для кожнай сям’і, чымсьці жыццё з каронавірусам.

«З раніцы да чатырох гадзін, амаль вечар ужо, у мяне было ўсяго толькі пяць заказаў, — скардзіцца мне кіроўца “Яндэкс-таксі”. — Просты народ працягвае ездзіць грамадскім транспартам, а багацейшыя, відаць, на добраахвотных каранцінах сядзяць. От праблема! Ну, чарговы новы вірус, яны рэгулярна прыходзяць і сыходзяць. У Італіі — так, жах. Але сярэдні ўзрост памерлых там ад каронавірусу пад 80 гадоў. Ды ў нас сярэдняя працягласць жыцця куды меншая... Я, вось, таксую, дарэчы, менавіта з-за гэтага каронавірусу, дакладней з-за каронавіруснай панікі. Павінен быў працаваць на аўтобусных перавозках па Еўропе. Прайшоў у Польшчы навучанне кароткае дадатковае, аформіў дакументы ўсе, візу атрымаў для працы, а тут гэты капец...»

Закрыццё межаў ужо пазбавіла даходу сотні тысяч беларускіх сем’яў. Пра месяц-два людзі пачнуць праядаць зберажэнні. Унутры Беларусі рынак працы ўжо звузіўся, і гэтая тэндэнцыя працягнецца. Бізнес таксама стогне, многія фірмы папросту збанкрутуюць. Страцяць кліентуру, замовы і тыя, хто зарабляе ў анлайне. Дадайце сюды яшчэ і паўзучую дэвальвацыю нашага рубля. У свеце пры пралангацыі каранціну будзе адбывацца тое ж самае. Заможныя краіны паабяцалі палёгкі бізнесу (пераважна гэта проста адтэрміноўкі па сплаце падаткаў) і падтрымку грамадзян у выглядзе кампенсацыі часткі заробкаў. Але трываласці іх эканомік хопіць толькі на месяц-другі, і тое гэта адгукнецца эканамічным крызісам. Нездарма прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо заявіў, што да Вялікдня, гэта значыць, праз два тыдні, амерыканцы павінны вярнуцца да працы. Інакш пра квітненне эканомікі ЗША можна будзе забыцца.

Рэаліі ёсць рэаліі. Ужо не кажучы пра тое, што дасюль невядома, якая тактыка па мінімізацыі наступстваў каронавіруснай пандэміі самая слушная — татальны каранцін, калі ён наогул магчымы, ці сітуатыўная беларуская схема, хай яна ў пэўнай ступені змушаная праз заняпадную эканоміку і выклікае інерцыйны недавер значнай часткі грамадства што да інфармацыйнай адкрытасці. Верагодна, што вірус хутчэй аслабне тады, калі на яго перахварэе пэўная частка людзей, і таму дастаткова кропкавага каранціну, перадусім абараніць пажылых ды прытрымлівацца элементарнай індывідуальнай гігіены.

Між тым, доўгі каранцін і эканамічны крызіс, якога ўжо не пазбегнуць (пытанне толькі ў яго маштабе), могуць элементарна пашкодзіць здароўю і забіць куды больш людзей, чымсьці ўласна каронавірус. Паглядзіце на тое, што на паверхні. Праз барацьбу з каронавірусам скасаваныя многія іншыя медычныя мерапрыемствы. Ад планавых аперацыяў да прышчэпкавых працэдур. Гэта тычыцца і Беларусі. А іншыя ж хваробы нікуды не падзеліся. Прычым смяротнасць ад іх пастаянная, у адрозненне ад успышкавага каронавірусу, і куды больш вялікая. Эканамічны крызіс недадасць выдаткаў на ахову здароўя.

Апрача таго, вірусолагі кажуць, што імунітэт чалавека фарміруецца якраз у актыўным соцыуме: мы ж жывем у свеце мільёнаў бактэрый і вірусаў. Асабліва гэта важна для дзіцячага ўзросту. Доўгатэрміновы каранцін, вядома, фарміраванню імунітэту акурат не спрыяе. Гэта значыць, нейкі новы вірус, скажам, праз некалькі гадоў можа нарабіць вельмі страшнай шкоды. Нарэшце, сацыяльна-медычныя наступствы: эканамічны крызіс заўжды правакуе ўсплёск дэпрэсіяў і самазабойстваў, дадайце сюды яшчэ і разводы са з’яўленнем няпоўных, уразлівых што тычыцца дабрабыту сем’яў.

Як можа змяніцца свет і Беларусь пасля каронавіруснай пандэміі? З аднаго боку, гэта добры трэнінг па самаарганізацыі грамадства і выхоўванне адказнасці кожнага чалавека (ад элементарнага «мыць рукі»). З другога боку, цяпер прасцей будзе прасоўваць дысцыплінарныя захады кантролю з боку дзяржавы («цвёрдая рука»). Напэўна, адбудзецца падзел нейкіх сфераў у сусветнай эканоміцы.

Для Беларусі эканамічны крызіс стане магчымасцю для правядзення рэформаў і маштабнага развіцця малога ды сярэдняга бізнесу для ажыўлення эканомікі. А ўлетку беларусы замест Турцыі ды Італіі будуць актыўна падарожнічаць па радзіме. З кніжкай. Бо цяпер, калі болей часу мы бавім дома, то багата чытаем, а не заядаем каронавірусны стрэс, праўда ж?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: