Штраф да 200 базавых, арышт — да 30 сутак. Пакаранне па 23.34 хочуць зрабіць больш жорсткім

У рэдакцыю TUT.BY паступіў праект Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, у якім прапануюць зрабіць больш жорсткім пакаранне за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы пры выкананні — па гэтых артыкулах за апошнія два месяцы былі затрыманыя і прыцягнутыя да адказнасці больш за 15 тысяч чалавек.
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева




Акрамя таго, прапануецца ўнесці новае пакаранне — грамадскія працы. А яшчэ прыцягваць да адказнасці за "незаконнае выкарыстанне сцягоў".

Зараз у праект КаАП уносяцца змяненні і дапрацоўкі спецыялістаў, каб разгледзець законапраект у другім чытанні. У жніўні ў дзяржаўных СМІ са спасылкай на дэпутатаў паведамлялася, што адбудзецца гэта на восеньскай сесіі — у канцы кастрычніка-пачатку лістапада, меркавалася, што новаўвядзенні ўступяць у сілу з 1 студзеня 2021 года.

Аднак, як паведаміла TUT.BY член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Ірына Луканская, дакладная дата разгляду праекта ў другім чытанні яшчэ не прызначаная, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца бліжэй да Новага года. Дэпутат падкрэсліла, што на дадзеным этапе папраўкі абмяркоўваюцца і ўзгадняюцца ва ўсіх зацікаўленых інстанцыях, таксама ў парламент паступаюць звароты грамадзян, якія выказваюць сваё меркаванне аб тым, што варта змяніць у кодэксах аб адміністрацыйнай адказнасці.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Алег Гайдукевіч кажа, што Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях будзе кардынальна перапрацаваны.

— Па Кодэксе бурныя спрэчкі не толькі сярод дэпутатаў, але і ў профільных ведамствах, — растлумачыў дэпутат.

І Гайдукевіч, і Луканская пакуль не гатовыя дэталёва абмяркоўваць узмацненне жорсткасці адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, хто з дзяржорганаў быў ініцыятарам шматразовага павелічэння штрафаў, таксама не каментуюць.

Давайце паглядзім, як можа змяніцца самы папулярны ў апошні час артыкул 23.34 КаАП. У тым варыянце КаАП, які атрымаў TUT.BY, яму, дарэчы, прысвоілі нумар 24.23.

Артыкул 23.34 у гэтым кодэксе:

Частка 1. Парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, здзейсненае ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў, а роўна публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, учыненыя ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў альбо іншай асобай, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, —

цягнуць папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).

Частка 2. Парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, а роўна публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, учыненыя арганізатарам такіх мерапрыемстваў, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 40 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак), а на юрыдычную асобу — д 20 да 100 базавых велічынь.

Частка 3. Дзеі, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).

Частка 3-1. Дзеі, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак), а на юрыдычную асобу — ад 20 да 200 базавых велічынь.

Частка 4. Дзеі, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, учыненыя за ўзнагароджанне, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).

Частка 5 Дзеі, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, якія суправаджаюцца выплатай узнагароджання за ўдзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсці, дэманстрацыі, пікетаванні, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 40 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак) , а на юрыдычную асобу — ад 250 да 500 базавых велічынь.

Артыкул 24.23 у праекце абноўленага кодэкса, які атрымаў TUT.BY

Частка 1. Парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, здзейсненае ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў, а роўна заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, учыненыя ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў альбо іншай асобай, —

цягнуць накладанне штрафу да 100 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).

Частка 2. Парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, а роўна публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, учыненыя арганізатарам такіх мерапрыемстваў, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 150 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак), а на юрыдычную асобу — ад 20 да 200 базавых велічынь.

Частка 3. Дзеі, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 200 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт (ад 15 да 30 сутак)

Частка 4. Дзеі, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 200 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт (ад 15 да 30 сутак), а на юрыдычную асобу-штраф ад 20 да 200 базавых велічынь.

Частка 5. Дзеі, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, учыненыя за ўзнагароджанне,

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 30 да 200 базавых велічынь, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак).

Частка 6 Дзеі, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, якія суправаджаюцца выплатай узнагароджання за ўдзел у сходзе, мітынгу, вулічным шэсці, дэманстрацыі, пікетаванні, —

цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 40 да 200 базавых велічынь або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак), а на юрыдычную асобу — ад 250 да 500 базавых велічынь.


Што тычыцца адміністрацыйнага арышту, то ў праекце абноўленага КаАП, як і ў дзеючым, адзначана, што максімальны тэрмін па адным правапарушэнні 15 сутак, але па ч.3 і ч. 4 арт. 24.23 зроблена выключэнне — ад 15 да 30 сутак. 30 сутак —максімальна магчымы тэрмін адміністрацыйнага арышту, нават калі здзейснена адразу некалькі правапарушэнняў.

Што тычыцца новага віду пакарання "грамадскія працы", раней у Генеральнай пракуратуры заяўлялі, што выступаюць з такой ініцыятывай — па вопыту Украіны і Расіі, дзе такі від спагнання за правапарушэнні ўжо існуе. У праекце КаАП адзначана, што грамадскія працы — гэта бясплатная праца, якую вінаваты павінен выканаць у вольны ад асноўнай працы або вучобы час. Каб прызначыць такое пакаранне, суду трэба атрымаць згоду асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Грамадскія працы ўсталёўваюцца на тэрмін ад 8 да 64 гадзін, пры гэтым у дзень можна адпрацаваць не больш за 4 гадзіны.


Прапануецца зрабіць больш жорсткай адказнасць і па артыкуле "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў", які таксама часта выкарыстоўваецца ў сувязі з разгонам акцый пратэсту. Калі цяпер устаноўлена пакаранне ў выглядзе штрафу ад 2 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт (да 15 сутак) , то ў выпадку прыняцця змяненняў штраф могуць павялічыць да 100 базавых велічынь, уводзяць грамадскія працы, адміністрацыйны арышт застаецца на той жа магчымы тэрмін.

Новаўвядзенне адміністрацыйнага заканадаўства — артыкул "Незаконнае выкарыстанне сцягоў, вымпелаў, эмблем, выраб, распаўсюджванне плакатаў, эмблем і сімвалаў". Што маюць на ўвазе распрацоўшчыкі закона? "Выкарыстанне сцягоў або вымпелаў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, а таксама плакатаў, эмблем і сімвалаў, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян, у выпадках, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а роўна выраб або распаўсюд такіх сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем або сімвалаў". За гэта прапануецца прызначыць пакаранне — штраф ад 5 да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 40 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 20 да 60 базавых велічынь. Артыкул утрымлівае заўвагу: не з'яўляецца адміністрацыйным парушэннем выраб, распаўсюджванне і выкарыстанне сцягоў, вымпелаў, плакатаў, эмблем або сімвалаў, прадметаў з іх выявай пры ажыццяўленні ў адпаведнасці з заканадаўствам дзейнасці ў галіне тэатральнага, музычнага, выяўленчага мастацтва, бібліятэчнай справы, фізічнай культуры і спорту, кінематаграфічнай дзейнасці, музейнай і выдавецкай справы, адукацыйнай і навуковай дзейнасці.

Зараз прапанаваныя папраўкі вывучаюць профільныя ведамствы, але грамадзяне таксама могуць выказаць сваё меркаванне, выступіць з прапановамі, для гэтага трэба напісаць дэпутату сваёй акругі альбо членам пастаяннай камісіі па заканадаўстве.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: