Штраф пенсіянера Яна Грыба аплочаны за два дні

83-гадовы актывіст Ян Грыб не сплаціў штраф у вызначаны тэрмін — і праз дзень у дачыненні да яго былі прызначаныя неабгрунтавана жорсткія меры. Праз два дні пасля публікацыі "Вясны" штраф пенсіянера быў поўнасцю аплочаны нераўнадушнымі беларусамі.
Ян Грыб разбірае стосы дасланых дакументаў

Ян Грыб разбірае стосы дасланых дакументаў


Ян Грыб – 83-гадовы паэт, які актыўна ўдзельнічае ў пратэстным руху Беларусі. 19 чэрвеня яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1080 рублёў) па ч.1 артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня. Ён падаў адпаведную скаргу на рашэнне суда, якая была разгледжана 11 верасня. Праз 30 дзён, 12 кастрычніка, скончыўся тэрмін на добраахвотную выплату штрафу. А яшчэ праз дзень — 13 кастрычніка — аддзел прымусовага выканання Кастрычніцкага раёна Мінска хоць і запрасіў пенсіянера прыйсці на размову 19 кастрычніка, адразу ж прыняў досыць жорсткія меры для выпатрабавання штрафу: забараніў ажыццяўляць рэгістрацыйныя дзеянні ў дачыненні да аўтамабіля, зямлі і дома, а таксама спагнаў 108 рублёў з рахунка на картцы.

"Сапраўды, выканаўцы мелі законныя падставы гэта рабіць, — кажа юрыст “Вясны” Алег Пашкевіч. — Але аб’ектыўна з моманту, калі чалавеку паведамілі пра пачатак выканаўчай вытворчасці, да моманту прымянення мер, прайшло недастаткова часу, каб спадар Ян паспеў хаця б нешта патлумачыць. Чалавек, атрымаўшы такую інфармацыю, мусіць быць здольным пакінуць свой каментар: магчыма, з ім нешта здарылася, і ён не можа выплаціць штраф, магчыма, ён хоча запрасіць растэрміноўку. Ці наогул — ён ужо даслаў скаргу поштай, і ў такім выпадку судовы выканавец абавязаны прыпыніць усе дзеянні па спагнанні штрафу пасля паступлення хадайніцтва з дадаткам дакументаў, якія пацвярджаюць падачу скаргі (норма закона “Аб выканаўчай вытворчасці, абзац 6 артыкула 49).

Таму цалкам незразумелая матывацыя сілавых выканаўцаў: гэта адзіны штраф, які Ян Грыб мусіць заплаціць на гэтым этапе, таму такі ўчынак выглядае паказальнай каральнай мерай. Дзяржава мусіць выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы, кіруючыся прынцыпамі справядлівасці, і разумець, што сталаму чалавеку не так проста выплаціць штраф, які складае амаль дзве яго пенсіі”.

Зараз Ян Грыб будзе абскарджаваць абмежаванне сваіх правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання, таму што лічыць яго незаконным.

“Пакуль што яны зрабілі “гуманны” жэст і сказалі, што не будуць апісваць машыну і лецішча, — кажа ён. — Але мяркую, яны ўжо будуць рабіць і гэта, бо я не прапускаю ніводнай акцыі: зараз іду на Марш сіньёраў, як у Гішпаніі называюць пенсіянераў, — дык невядома, чым ён скончыцца”.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: