Штраф за пасцілу і лампасы, суткі за чаяванні. Топ-10 самых абсурдных пакаранняў за апошнія месяцы

Топчык на мяжы вар'яцтва, але ж, як ёсць.

За апошнія паўгода былі затрыманыя больш за 32 тысячы беларусаў. Часцяком не выконваліся нават мінімальныя фармальнасці, а некаторыя прычыны затрымання настолькі абсурдныя, што выклікалі б смех — калі б не было так сумна.

«Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай» апублікаваў дзесятку самых абуральных затрыманняў і штрафаў, якія наглядна пацвярджаюць прававы дэфолт у Беларусі.

1) 75-гадовая Іраіда Міско апублікавала фатаграфію з бел-чырвона-белай пасцілой. Неўзабаве да яе дадому прыйшлі сілавікі, правялі ператрус і канфіскавалі кампутар, а жанчыну аштрафавалі на 540 рублёў.

2) валанцёры праекта «Вулічная медыцына» Карына Радчанка і Таццяна Лабаза былі затрыманыя за тое, што дапамагалі бяздомным. Абедзве дзяўчыны атрымалі па 15 сутак.

3) некалькі сотняў чалавек затрымлівалі падчас дваровых чаяванняў. Людзям прысуджалі штрафы і суткі па звыклай схеме, хоць што яны парушалі, незразумела.

4) Сцяпан Латыпаў прасіў супрацоўнікаў міліцыі зрабіць тое, што яны абавязаны па законе — прадставіцца. За гэта жыхар плошчы пераменаў быў затрыманы і ўжо 4 месяцы знаходзіцца за кратамі.

5) Любоў Сарлай, маці дваіх дзяцей, была затрыманая за штаны з бел-чырвона-белай паласой. Жанчыне прысудзілі 580 рублёў штрафу — гэтая сума большая, чым яе заробак.

6) Віталь Буйноўскі павесіў на сваім доме ў Дзяржынску сцяг Японіі. Сілавікі палічылі гэта несанкцыянаваным пікетам. Мужчына два дні правёў у ІЧУ. Раней яго штрафавалі пяць разоў, у тым ліку за сцяг з надпісам «Гэта не сцяг».

7) «Круціла ў руках бел-чырвона-белы парасон» — такая прычына штрафу пазначаная ў пратаколе ў 65-гадовай Марыі Равуцкай. За шпацыр з парасонам жанчыну аштрафавалі на 870 рублёў.

8) дзяўчыны ў касцюмах Дзеда Мароза зладзілі невялікую прабежку, падчас якой уручалі дзецям цукеркі. Гэта і стала прычынай затрымання: на іх злоў былі кінутыя чатыры бусікі з сілавікамі.

9) 59-гадовую Алу Караленку прысудзілі да 7 сутак зняволення за карагод у лесе вакол елкі. Пазней ёй дадалі яшчэ 15 сутак за фатаграфію з сцягам БСДП.

10) У Смалявічах затрымалі ўвесь клас школьнікаў, якія вярталіся дадому пасля рэпетыцыі выпускнога вальса. Дзяцей паставілі тварам да сцяны, нягледзячы на мароз, і трымалі так нейкі час.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: