Штраф за сцяг на вакне лоджыі. За што? За «размяшчэнне інфармацыі»!

"Цяпер калі я захачу павесіць плакат Цоя над ложкам, мне таксама трэба ўзгадніць гэта з выканкамам?" — цікавіцца Ксенія і збіраецца аспрэчыць штраф у судзе, паведамляе onliner.by.



Тыя беларусы, хто лічыць, што мае права абіраць колер фіранак ва ўласнай  кватэры, відаць, вельмі памыляюцца. Прынамсі, гэта вынікае з чарговага дзіўнага судовага прысуду.

Аказваецца, за размяшчэнне любой "інфармацыі" на лоджыі без узгаднення з кампетэнтнымі органамі жыхары могуць атрымаць штраф на буйную суму.

Менавіта за "размяшчэнне інфармацыі" была аштрафаваная Ксенія, жыхарка «Новай Баравой», што павесіла на лоджыі ў кватэры бел-чырвона-белы сцяг.


У пастанове аб накладанні адміністрацыйнага спагнання паведамляецца, што дзяўчына павінна выплаціць 25 базавых велічынь, або 675 рублёў штрафу за размяшчэнне бел-чырвона-белага сцяга на акне, паколькі акно "не з'яўляецца месцам, спецыяльна вызначаным выканаўчымі і распарадчымі органамі для размяшчэння такой інфармацыі".

Яшчэ 8 верасня да Ксеніі пад дзверы прыйшла міліцыя, выпісала позву і пакінула ў яе ў дзвярах. Затым у РУУС запэўнілі, што ў дачыненні да Ксеніі справа спыняецца і працягнецца ў дачыненні да ўласніка кватэры. А дзяўчыну, магчыма, будуць выклікаць сведкам.

Аднак праз месяц, 10 кастрычніка, Ксенія знайшла ў сябе ў паштовай скрыні канверт з пастановай аб накладанні штрафу за "размяшчэнне інфармацыі" ў месцы, "спецыяльна не вызначаным выканаўчымі і распарадчымі органамі". Як быццам усё, што ў нас спецыяльна не дазволілі выканаўчыя і распарадчыя органы, аўтаматычна забаронена, хоць у артыкуле КаАП, на які спасылаецца дакумент, гаворыцца пра парушэнні правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў, а не прыватнага жылля.

Ксенія не згодная з такім трактаваннем закона і збіраецца аспрэчыць штраф у судзе:

— Наогул артыкул 21.14 КаАП не павінен мець ніякага дачынення да асабістай маёмасці. Але сфармуляваны гэты артыкул вельмі туманна. І, калі мяне штрафуюць за размяшчэнне сцяга на акне, значыць, нават у сябе дома на сцяне я не магу павесіць плакат Віктара Цоя, таму што гэтая сцяна не вызначана райвыканкамам для дадзенага плаката. Па ідэі, усё, што не забаронена, павінна быць дазволена, але ў Беларусі, відаць, наадварот.

Пастанова вынесеная намеснікам начальніка УУС, палкоўнікам міліцыі Удодавым С. Л. Ксенія сцвярджае, што не прысутнічала ні на складанні пратаколу, ні пры вынясенні пастановы, таму што пра гэтыя дзеянні яе ніхто не папярэдзіў.

— Дзіўная рэч — яшчэ і тое, што пратакол складаўся без мяне, я яго не падпісвала, не бачыла і не ведаю, ці існуе ён у прыродзе. У якасці доказнай базы выступае фотаздымак акна. Але як гэта даказвае, што сцяг размясціла менавіта я? Таму мы з адвакатам запыталі матывіровачную частку да гэтай пастановай і будзем абскарджваць яе ў судзе.

Паводле onliner.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: